Абраз святога Губерта з’явіўся ў касцёле ў Лепелі

У касцёле св. Казіміра ў Лепелі з’явіўся абраз святога Губерта. Святая выява выканана ўкраінскім майстрам з бука, рамка абраза зробленая з дуба. «Каталіцкі Веснік» запытаўся ў пробашча парафіі кс. Уладзіміра Заянчкоўскага пра гісторыю з’яўлення гэтага абраза ў касцёле.

— Мы ўсе добра ведаем, што св. Губерт – заступнік паляўнічых і леснікоў. Я сам з’яўляюся паляўнічым, — кажа кс. Уладзімір. Падчас сустрэч з аматарамі палявання стараюся папулярызаваць малітву да св. Губерта. Заўважаю, што многім паляўнічым падабаецца такая ініцыятыва. Паляванне ж – гэта справа сур’ёзная. Аднак, няправільна думаць, што малітва да св. Губерта – гэта нейкае заклінанне, каб дабыць звера. Абсалютна не так. Мы молімся на паляванні з просьбай, каб св. Губерт захаваў нас ад усялякай небяспекі. Гэта асноўная ідэя малітвы.

Цікава, што абраз св. Губерта для Лепельскага касцёла асвяціў біскуп Юзаф Станеўскі яшчэ да свайго прызначэння на Мінскую катэдру.

Кс. Уладзімір Заянчкоўскі распавядае, што атрымлівае шмат званкоў ад паляўнічых з запытаннямі, ці будзе сёлета нейкае малітоўнае сабранне. На вялікі жаль, ва ўмовах пандэміі арганізаваць штосьці такое даволі складана. Таму святар заахвочвае здзяйсняць прыватныя пілігрымкі ў Лепельскі касцёл, каб памаліцца перад абразом св. Губерта. Калі палепшыцца эпідэміялагічная сітуацыя, у планах рабіць перэгрынацыю абраза па ўсёй Беларусі, дзе будуць арганізоўвацца сустрэчы паляўнічых.

Варта дадаць, што ў Каталіцкім Касцёле ўспамін св. Губерта адзначаецца 3 лістапада. Усе зацікаўленыя ў пілігрымцы да абраза св. Губерта ў Лепелі могуць патэлефанаваць кс. Уладзіміру па тэлефоне: +37529 266-46-22.

Малітва да св. Губерта

Святы Губерце, апякуне паляўнічых і леснікоў, вазьмі мяне пад сваю апеку. Сваім магутным заступніцтвам перад Богам падтрымай мяне ва ўсіх маіх патрэбах і выпрасі для мяне ласку наследавання тваіх цнотаў. Захавай мяне ад дрэнных схільнасцяў, ад пыхі і пажадлівасці, ад нанясення шкоды людзям і прыродзе, ад парушэння закону, адсутнасці пашаны да Божых дароў і ласкаў. Кіруй маім розумам, зрокам і ўчынкамі, каб я выканаў свае заданні згодна з законам Стварыцеля. Сцеражы мяне ад злых прыгодаў і давядзі да вечнага збаўлення. Амэн.

Кс. Віктар Місевіч, тэкст
Фота і відэа з прыватнага архіва кс. Уладзіміра Заянчкоўскага

для друку для друку