У той час:
Многія з вучняў Езуса казалі: Цяжкая гэтая мова. Хто можа яе слухаць?
Але Езус, ведаючы, што вучні Ягоныя наракаюць на гэта, сказаў ім: Ці гэта спакушае вас? А калі ўбачыце Сына Чалавечага, які будзе ўзыходзіць туды, дзе быў раней? Дух ажыўляе, цела ж ні на што не прыдатнае. Словы, якія Я кажу вам, ёсць духам і жыццём. Аднак ёсць між вас тыя, хто не верыць. Бо Езус ад пачатку ведаў, хто не верыць і хто Яго выдасць. І сказаў: Для таго Я сказаў вам, што ніхто не можа прыйсці да Мяне, калі гэта не будзе дадзена яму Айцом.
З гэтага часу многія вучні Ягоныя адышлі ад Яго і ўжо не хадзілі з Ім. Тады Езус сказаў Дванаццаці: Ці вы таксама хочаце адысці?
Адказаў Яму Сымон Пётр: Пане, да каго мы пойдзем? Ты маеш словы жыцця вечнага. А мы паверылі і спазналі, што Ты ёсць Святы Бога.
Тады Езус сказаў Дванаццаці: Ці вы таксама хочаце адысці?
Адказаў Яму Сымон Пётр: Пане, да каго мы пойдзем? Ты маеш словы жыцця вечнага.
Гэтая цытата са Святога Евангелля з’яўляецца адной з самых маіх любімых цытат. Езус прыйшоў у гэты свет, каб даць людзям надзею на збаўленне. Ён не прыйшоў як магутны кароль, якому ўсе павінны падпарадкоўвацца, Ён не прыйшоў як суддзя, якога ўсе павінны баяцца. Езус заўсёды дае чалавеку права выбару. Бог заўсёды шануе свабоду чалавека. Пытанне, зададзенае Хрыстом вучням, гучыць для нас і сёння. Што ты хочаш, чалавек? Ці тваё сэрца мае ў сабе прагу адносін з Богам? Ці, можа, крыклівы свет і падманлівы д’ябал табе запрапанавалі нешта іншае? І ты паддаешся гэтым уплывам? Пётр, немалады чалавек, вопытны рыбак, які многае ўжо пабачыў у жыцці адказвае Езусу: Пане, да каго мы пойдзем? У гэтым адказе чуецца глыбокі роздум апостала над сваім жыццём і над жыццём іншых людзей. Дзе шукаць палёгку, калі навокал столькі шмат падману? Дзе знайсці спаўненне сваіх мараў, калі навокал усё толькі часовае, няпэўнае і хісткае? Пётр бачыць, што ў Езусе знаходзяцца адказы на ўсе пытанні, які непакояць сэрца чалавека. У Езусе ёсць нашае збаўленне. Таму нашае жыццё тут на зямлі варта зрабіць прыгожай пілігрымкай да Хрыста, у Хрысце і з Хрыстом. Ён ёсць выкананнем усіх нашых надзей і планаў. Св. Тамаш Аквінскі, разважаючы над істотай неба, падкрэсліць у адным з сваіх казанняў, што прыкметнай рысай Нябеснага Валадарства ў жыцці чалавека ёсць спаўненне ўсіх яго жаданняў. Бог у небе ёсць усім для ўсіх.
Разважанне падрыхтаваў кс. канонік Віктар Місевіч
