Прыняць і наследаваць Добрага Пастыра, каб з радасцю супрацоўнічаць у Яго місіі, — заклікаў Святы Айцец перад малітвай Уладарка Неба, якая 25 красавіка 2021 г. прайшла ў Ватыкане.
Папа заўважыў, што ўрывак Евангелля на чацвёртую нядзелю Велікоднага перыяду, якая называецца Нядзеляй Добрага Пастыра, паказвае Езуса як сапраўднага пастыра, які бароніць, ведае і любіць сваіх авечак.
Хрыстус супрацьпастаўляецца “найміту”, для якога авечкі не маюць важнасці, бо не належаць яму. Ён выконвае сваю працу толькі за грошы, і не думае пра тое, каб бараніць статак: калі прыходзіць воўк, ён уцякае і кідае авечак. Езус, наадварот, з’яўляецца “сапраўдным пастырам, заўсёды абараняе і збаўляе нас у шматлікіх складаных, небяспечных сітуацыях святлом свайго слова і сілай сваёй прысутнасці, якую мы заўсёды адчуваем”, — сказаў Пантыфік.
Другая рыса Езуса Добрага Пастыра – Ён ведае сваіх авечак, а авечкі ведаюць Яго. Папа Францішак нагадаў, што для Хрыста мы не з’яўляемся безыменнымі, не з’яўляемся “масай” ці “мноствам”, а ўнікальнымі асобамі, кожны са сваёй гісторыяй і каштоўнасцю, як стварэнні і як адкупленыя Хрыстом.
Толькі Езус ведае, што знаходзіцца ў сэрцы чалавека, ведае Яго намеры і самыя схаваныя пачуцці. “Езус ведае нашы добрыя якасці і нашы хібы, Ён заўсёды гатовы паклапаціцца пра нас, каб залячыць раны нашых памылак багаццем сваёй міласэрнасці. У Ім цалкам спаўняецца вобраз пастыра Божага народу, акрэслены прарокамі: Езус клапоціцца пра сваіх авечак, збірае іх, перавязвае параненую, даглядае хворую…”, — сказаў Папа.
“Езус Добры Пастыр бароніць, ведае, а ў першую чаргу, любіць сваіх авечак. Таму аддае за іх жыццё. Любоў да авечак, гэта значыць да кожнага з нас, прывяла Яго да смерці на крыжы, бо воля Айца была такой, каб ніхто не быў згублены. Любоў Хрыста не з’яўляецца выбарачнай, але ахоплівае ўсіх. Пра гэта нагадвае Ён сам у сённяшнім Евангеллі, калі кажа: “Ёсць у Мяне таксама іншыя авечкі, якія не з гэтага двара. І гэтых Мне трэба прывесці, і яны будуць слухаць голас Мой, і будзе адзін статак і адзін пастыр” (Ян 10,16). Гэтыя словы сведчаць пра Яго ўсёахопную трывогу: Езус хоча, каб усе маглі прыняць любоў Айца і мець жыццё”, — падкрэсліў Папа Францішак.
Паводле Папы, Касцёл пакліканы працягваць гэту місію Хрыста. “Акрамя тых, хто наведвае нашы супольнасці, ёсць большасць, шмат людзей, якія робяць гэта толькі ў асаблівых выпадках ці ніколі. Але, нягледзячы на гэта, яны з’яўляюцца Божымі дзецьмі: Айцец даверыў усіх Хрысту, Добраму Пастыру, які за ўсіх аддаў жыццё”, — дадаў Святы Айцец.
“Браты і сёстры, Езус бароніць, ведае і любіць кожную сваю авечку, усіх нас. Няхай Найсвяцейшая Марыя дапаможа прыняць і першымі наследаваць Добрага Пастыра, каб з радасцю супрацоўнічаць у Яго місіі”, — завяршыў сваё нядзельнае разважанне Пантыфік.
Беларуская рэдакцыя Vatican News
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!