Езус запрашае нас да святкавання разам з Ім, але часта мы шукаем адгаворак, каб Яму адмовіць; варта памятаць, што Езус добры, але і справядлівы, – такія думкі прагучалі 6 лістапада ў гаміліі Папы.
Падчас ранішняй св. Імшы ў Ватыкане Пантыфік спаслаўся на фрагмент Евангелля св. Лукі (Лк 14,15-24), у якім гучыць прыпавесць пра запрошаных на свята.
Святы Айцец нагадаў, што тут гаворка ідзе пра падвойную адмову: спачатку пошук ветлівых адгаворак запрошанымі, каб не ісці на свята, а затым адмова Езуса ад гэтых асоб. Езус дае шанс… потым другі, трэці, чацвёрты, пяты… а потым адхіляе, пракаментаваў Папа.
“Як жа часта мы чуем заклік Езуса ісці за Ім, каб зрабіць учынак міласэрнасці, памаліцца, сустрэцца з Ім, а мы кажам: “Прабач, Пане, я заняты, у мяне няма часу. Заўтра, сёння не магу…”, — заўважыў Францішак. Ён перасцярог ад наіўнай думкі, што Езус настолькі добры, што ў рэшце рэшт усё даруе – Ён не толькі міласэрны, але і справядлівы.
Пантыфік падкрэсліў, што праз сваю смерць Хрыстус расплаціўся за гэтае свята. Пра гэта нагадаў св. Павел у пасланні да Філіпянаў (Флп 2, 5-1), кажучы пра Збаўцу, Які “выракся самога сябе, прыняўшы постаць слугі… прынізіў сябе, будучы паслухмяным ажно да смерці, смерці крыжовай”.
“Няхай Пан дасць нам ласку, зразумець таямніцу цвёрдасці сэрца, упартасці, адмовы і падорыць ласку плачу”, — пажадаў Папа ў канцы сваёй гаміліі.
Беларуская рэдакцыя Vatican News
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!