“Страшна не ўпасці, страшна — не падняцца”. Віктар Лукша адкрывае свой сшытак з разнастайнымі афарызмамі і зачытвае гэты выраз адным з першых. У ім адлюстраваны няпросты ўласны лёс. Спачатку Віктар упаў у духоўным плане – доўга жыў без Бога ў сэрцы. Потым фізічна: будучы ў нецвярозым стане, упаў з матацыкла. Аднак колькі б сіл гэта ні каштавала, здолеў падняцца. “Выкарабкаўшыся” пасля складанай траўмы, у першую чаргу прыйшоў у касцёл. І гэта пры тым, што доўгія гады да веры ставіўся скептычна, нават насмешліва…
Віктар Юльянавіч жыве ў Лынтупах, у наступным годзе адначыць 60-гадовы юбілей. Яго ведаю даўно: і як выдатнага фатографа, і як прыкладнага верніка, каторы актыўна ўдзельнічае ў жыцці мясцовай парафіі. Той ніколі не ўтойваў, што да Бога прыйшоў вельмі няпростым шляхам: у размовах, сваіх публікацыях шчыра расказваў пра перыпетыі ўласнага лёсу. Згадзіўся падзяліцца гэтым і з чытачамі “Каталіцкага Весніка”.
Размова пачынаецца з аповеду Віктара пра свайго дзядулю:
– Яго звалі Эдмунд Вашкінель, і ў час ІІ Сусветнай вайны ён ваяваў на фронце. Дома засталіся жонка і пяцёра дзяцей. Усе вельмі чакалі яго вяртання, і гэты шчаслівы дзень настаў. Мая мама, тады яшчэ падлетак, памятае той момант да дробязяў. Вось яна меле ў сенцах муку… Вось расчыняюцца дзверы – і на парозе ў ваеннай форме з’яўляецца яе бацька. Хоча абняць яго, пацалаваць, але ён, не звяртаючы ўвагі, нават не вітаючыся, найперш ідзе… да абразоў, што віселі ў куце, становіцца на калені і пачынае маліцца. Канечне ж, ён дзякаваў Богу за тое, што вярнуўся ў родную хату, да любай сям’і. Многія вяскоўцы такога шчасця не дачакаліся… Вось дзе прыклад сапраўднай веры! Толькі яна, напэўна, і зберагла дзеда ад варожых куль. І пранёс ён яе да канца жыцця. Нават спяваў псальмы на пахаваннях, і людзі гэта вельмі цанілі.
Віктар змахвае слёзы. Гісторыя, расказаная нядаўна мамай, кранула вельмі моцна. Ён любіць распытваць у яе пра мінулыя часы, занатоўваць пачутыя аповеды. Маці была старэйшай дачкой, і таму менавіта яе ў дзяцінстве тата часта браў на імшу ў лынтупскі касцёл. Яна таксама старалася выхоўваць дзяцей у найлепшых хрысціянскіх традыцыях, аднак у няпросты для рэлігіі савецкі час рабіць гэта было досыць складана.
Першую споведзь і Камунію Віктар атрымаў у Літве ўжо напярэдадні шлюбу са сваёй жонкай Галінай, якая і сёння для яго галоўная падтрымка і натхненне. Праўда, глыбокага разумення сакральнасці гэтых падзей не было і блізка. Не з’явілася і пазней, хаця ў касцёл зрэдку, але хадзіў – з жонкай, яе і сваімі бацькамі, дачкой і сынам, якія падрасталі. У жыцці тады былі іншыя прыярытэты.
“Адной з самых звычайных спакус, якія вядуць да самых вялікіх няшчасцяў, ёсць спакуса словамі: “Усе так робяць”. Гэты выраз Льва Талстога Віктар Лукша зачытвае, успамінаючы той час, калі пачаў выпіваць. Спачатку рабіў гэта з аднакласнікамі ды іншымі школьнымі сябрамі. Як, напрыклад, не “пацягнуць” для храбрасці перад танцамі ў мясцовым клубе? Усе так робяць. Хіба ты будзеш стаяць як белая варона?
Калі пасля заканчэння школы Віктар паступіў вучыцца на электрамеханіка ў Гарадоцкі сельскагаспадарчы тэхнікум і бацькоўскі кантроль істотна аслабеў, сітуацыя стала толькі пагаршацца.
– Сам не разумеў, што даўно пераступіў мяжу дазволенага. Прызнацца сабе, што ты ўжо хворы? Ды нізашто на свеце! “Што тут такога: захачу – спынюся ў любы момант”, – думаў я. – Наогул, успамінаць тое страшна і сорамна. У выніку дайшло да таго, што аднойчы сеў на матацыкл у нецвярозым стане. Прычым без шлема. Каб не трапіць у поле зроку міліцыі, паехаў абхаднымі шляхамі.
З кіраваннем не справіўся – упаў і моцна ўдарыўся галавой. Выратавала тое, што непадалёк ад месца, дзе адбылася аварыя, вялася будоўля. Людзі ўбачылі, падбеглі, імгненна выклікалі хуткую дапамогу. Не акажыся нікога побач – не хочацца і думаць, што адбылося б, – з цяжкасцю, але пераказвае тыя страшныя падзеі мой суразмоўца.
Наступствы аварыі (а яна здарылася ў 1999 годзе) аказаліся цяжкімі. І Віктар нарэшце стаў усведамляць, наколькі каштоўным і адначасова нетрывалым з’яўляецца чалавечае жыццё. Перад аперацыяй стаў маліцца. Як умеў. І гэта былі першыя шчырыя малітвы. Яны дапамаглі: усё прайшло паспяхова.
– Пасля вяртання дадому найперш прыйшоў у касцёл, каб падзякаваць Пану Богу за тое, што застаўся жывы, – працягвае ўспамінаць Віктар Лукша. – Памятаю, “прыбіўся” ў канец, галава бінтамі заматаная, шапкі не знімеш, а не добра ж. Так цяжка было на сэрцы, столькі праблем навалілася: інваліднасць далі, работа пад пытаннем. І тут на Імшы размова зайшла пра так званы “Хатні касцёл”, калі парафіяне збіраліся ў хатах, разам маліліся, чыталі і разбіралі Слова Божае, дзяліліся вопытам, як пазбавіцца ад тых ці іншых праблем. Яны называлі гэту супольнасць “нашым колам”. З цягам часу мне давялося пагаварыць з яго ўдзельнікамі ў нязмушанай, нефармальнай абстаноўцы. І я зразумеў, прызнаўся сабе: “Віктар, вось яно – тваё выратавальнае кола. Хапайся за яго, як можаш!” І сапраўды, на такіх спатканнях я стаў лепш сябе адчуваць, па-іншаму на ўсё глядзець. Шчырыя размовы, чаяванне… Так прыемна гэта было, так натхняла. Дарэчы, адна з першых сустрэч з маім удзелам адбылася ў вёсцы Шудаўцы. Зусім-зусім побач з тым месцам, дзе я ўпаў з матацыкла. Упэўнены, што гэта не супадзенне. Такія рэчы супадзеннем быць не могуць.
Пачаўшы цвярозае жыццё, Віктар вярнуўся да свайго яшчэ школьнага захаплення – фатаграфіі.
– Чалавечая памяць не самае надзейнае “сховішча”, – перакананы ён. – Сфатаграфаваць – значыць, захаваць. Парой самыя шараговыя здымкі праз гады набываюць такую каштоўнасць… Вось некалі я з такой цікавасцю здымаў касцёл у Клюшчанах: яго інтэр’ер, вонкавы выгляд. Аднак пажар знішчыў усё… І сёння гэтыя здымкі ўжо гісторыя…
Сёння ў архіве лынтупчаніна сотні здымкаў, на якіх адлюстравана жыццё ва ўсёй яго прыгажосці, мудрасці, зменлівасці. Найлепшыя былі паказаныя на персанальнай выставе ў Паставах.
– Я шчаслівы, што сёння гляджу на навакольны свет праз прызму аб’ектыва, а не праз шкляную чарку, якая моцна скажала рэальнасць. Яшчэ Леанарда да Вінчы гаварыў: “Ёсць тры разнавіднасці людзей: тыя, хто бачаць; тыя, хто бачаць, калі ім паказваюць; тыя, хто не бачаць”. І не перастаю дзякаваць Богу за тое, што расплюшчыў мне вочы, падарыў магчымасць бачыць прыгажосць і паказваць яе іншым. Я навучыўся дзякаваць за кожны дзень, за спевы птушак, за водар кветак, за непаўторную прыгажосць кожнага світання. Толькі шкада, што страчана так многа часу, – са скрухай заўважае Віктар.
Яшчэ адно моцнае і незвычайнае захапленне лынтупчаніна – гадзіннікі.
– Я з дзяцінства “фанацею” ад любых механізмаў, нават шкадую, што гэта не стала маёй прафесіяй, – гаворыць ён. – Памятаю, як у бацькоўскай хаце самастойна адрамантаваў гадзіннік, як прачынаўся па начах, прыслухоўваючыся, ці цікае ён. А ён цікаў! І так гэты гук цешыў сэрца! І вось неяк я заўважыў у касцёле, што галоўны гадзіннік няспраўны. Узяўся рамантаваць. “Спрабуй, да цябе яшчэ ні ў кога не атрымалася,” – адказалі на маю просьбу. Гэта быў ужо спартыўны інтарэс. Змагу? Не змагу? І зрабіў! Як гэта мяне ўзрушыла! Дык я стаў прыходзіць у касцёл, проста каб паглядзець, ці не спыніўся гадзіннік. А ён спраўна ішоў. Гэта было яшчэ да аварыі. Цяпер бачу ў гэтым знак звыш. Менавіта ў касцёле быў “заведзены” механізм майго новага жыцця.
“Ёсць два жаданні, выкананне каторых можа скласці сапраўднае шчасце чалавека: быць карысным і мець чыстае сумленне”. Віктар усміхаецца і прызнаецца: і гэты выраз пра яго. Гэта ж асалода: кожную нядзелю, а па магчымасці і ў буднія дні хадзіць у касцёл, прычым не толькі маліцца, але і дапамагаць у парафіяльных справах. Напрыклад, падчас Імшы чытаць Святое Пісанне, раз-пораз хвалявацца, як школьнік, але быць упэўненым: ты на правільным жыццёвым шляху.
Падчас размовы Віктар Лукша неаднойчы з удзячнасцю, вялікай павагай успамінаў лынтупскіх святароў, ранейшых і цяперашняга – Чэслава Куцмежа, Паўла Кнурэка, Аляксандра Барана. Кожнаму дзякаваў за давер, за падтрымку ў няпростых сітуацыях, за мудрыя словы і парады на споведзі і ў час казанняў на кожнай Імшы. Гэта вельмі дапамагае з аптымізмам глядзець у заўтрашні дзень і не вяртацца да ранейшых спакусаў.
Дарэчы, пасля вяртання з бальніцы Віктар разарваў абсалютна ўсе адносіны з алкаголем. Нават перасільваць сябе не трэба – проста не хочацца. І гэта пры тым, што шмат гадоў ён адпрацаваў на… лынтупскім спіртзаводзе.
– Маё вялікае шчасце складаецца з самых дробных рэчаў, – падсумоўваў ён напрыканцы. – Жыве мама (дарэчы, разам з бацькам яны былі ў шлюбе 63 гады), ёсць свая вельмі дарагая сэрцу сям’я. Разам ходзім у касцёл. І ў жыцці, здаецца, сябе нарэшце знайшоў. Стараюся не сядзець без справы, займацца самаадукацыяй. Сваім жыццёвым дэвізам магу назваць словы Бісмарка: “Вучыся так, быццам ты будзеш жыць вечна; жыві так, быццам ты павінен памерці заўтра”. Хаця, прызнаюся, многае яшчэ хочацца паспець. Пакуль гадзіннік жыцця цікае…
Іна Сняжкова, тэкст
Іна Сняжкова, Віктар Лукша, фота
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!














