25 сакавіка — Пальмовая нядзеля

25 сакавіка адзначаецца Пальмовая нядзеля, або нядзеля Мукі Пана. Яна распачынае самы важны і ўрачысты перыяд у літургічным годзе – Вялікі Тыдзень.

Нядзеля Мукі Пана ўводзіць нас у настрой пасхальных святаў. Касцёл заклікае не абмяжоўваць сябе толькі радасным размахваннем пальмамі і воклічамі: «Гасанна! Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у Імя Пана”, – але паказвае шлях яшчэ далей, да Вячэрніка, дзе “хлеб, які сышоў з неба”.

Затым яна ўводзіць у цёмны Гетсіманскі сад, дазваляе адчуць драму Езуса, асуджанага ў турме і пакінутага, адчуць Яго пакуты ў прэторыі Пілата і адкінутасць чалавекам. Нарэшце, заклікае ісці далей, да самай вяршыні Галготы, і трываць да канца.

У гэты дзень у літургіі ўзгадваецца ўрачысты ўваход Езуса Хрыста ў Ерузалем за пяць дзён да Яго ўкрыжавання. Габрэі з энтузіязмам віталі Езуса, слалі на дарозе сваю вопратку, а таксама аліўныя і пальмoвыя галіны. Таму менавіта ў гэты дзень у касцёлах асвячаюцца галінкі вербаў і пальмаў, прынесеныя вернікамі, а потым адбываецца ўрачыстая працэсія.

Пальма сімвалізуе жывую веру хрысціяніна, што ідзе за Хрыстом-пераможцам, які “прыходзіць у Імя Пана”. Гэтая дарога заўсёды вядзе да вечнай славы на нябёсах.

Несучы пальмы, вернікі прызнаюць у Езусе абяцанага Месію. Гэты жэст – відавочны знак адкрыцця сапраўднай ідэнтычнасці Езуса, хвала і пашана дапаможа ім адхіліць смутак і няўпэўненасць.

Традыцыйна на Пальмовую нядзелю прыпадае Сусветны дзень моладзі, які ў гэтым годзе будзе адзначацца пад дэвізам “Не бойся, Марыя, бо знайшла ты ласку ў Бога” (Лк 1, 30). Сусветны дзень моладзі ўстанавіў у 1986 г. святы Папа Ян Павел ІІ.

У Гродне ў гэты дзень моладзь дыяцэзіі збіраецца з прынесенымі вялікімі пальмамі, вышыня якіх дасягае некалькіх метраў і кожная з якіх адметная і прыгожая. Гэтыя пальмы вырабляе сама моладзь, задоўга да Пальмовай нядзелі рыхтуючыся да яе.

Пасля асвячэння біскупам гэтых пальмаў удзельнікі ідуць у працэсіі па Савецкай плошчы да катэдральнага касцёла св. Францішка Ксаверыя, дзе прымаюць удзел у святой Імшы.

Уваходзячы ў Вялікі Тыдзень, будзем старацца адкрыць і прыняць безумоўную і дарма дадзеную нам любоў. Няхай гэты час дапаможа нанова распаліць у нас любоў, якая будзе ў стане адказаць Богу на Яго збаўчую справу ў Езусе Хрысце.

Кс. Юрый Марціновіч, grodnensis.by

для друку для друку