У Гомелі плануецца адкрыццё курсаў IFFD — Міжнароднай федэрацыі развіцця сем’яў. Федэрацыя была створана ў 1978 годзе ў Іспаніі, і з таго часу ў больш за 60 краінах свету праводзіць курсы для сужэнцаў, канферэнцыі, кангрэсы, навучанне, даследаванні. Курсы даюць адукацыю сужэнцам і бацькам з выкарыстаннем сітуацыйнага аналізу (case method). На сустрэчах з удзелам мадэратараў аналізуюцца канкрэтныя праблемныя сітуацыі сем’яў з пошукам рашэнняў. Такім чынам семінары не толькі перадаюць веды, але, у першую чаргу, развіваюць уменні і навыкі ў вырашэнні праблем сужэнскага жыцця.
Задача IFFD — пабудова гарманічных адносін і шчаслівых сем’яў. Для адкрыцця курсаў «Акадэміі сям’і» у Беларусі 5 сакавіка ў Гомель прыедзе мадэратар IFFD з Масквы Канстанцін Касцюхін. Наступныя семінары правядуць мадэратары з Санкт-Пецярбурга.
«Акадэмія сям’і» — не будынак, не ўстанова, а супольнасць сем’яў. Адным з заснавальнікаў IFFD быў шматдзетны бацька з Іспаніі Рафаэль Пік. Яго дачка Роза разам з мужам выхоўваюць зараз 15 дзяцей. Пра тое, як атрымліваць асалоду ад жыцця ў вялікай сям’і, Роза Пік напісала кнігу, якая зараз рыхтуецца да выдання ў Беларусі.
Першым курсам «Акадэміі сям’і», які пройдзе ў Гомелі, стане «Сужэнская любоў» — серыя семінараў для мужа і жонкі з любым стажам, якія хочуць будаваць у сваіх сем’ях гарманічныя адносіны, вырашыць праблемы, наладзіць камунікацыю, знайсці баланс паміж працай і сямейным жыццём, стварыць сапраўды шчаслівую сям’ю.
Сустрэчы будуць праходзіць раз на два тыдні па суботах. Папярэдні час пачатку першай сустрэчы — 5 сакавіка ў 14.00, месца — тайм-кафэ «Флэт» у цэнтры Гомеля (вул. Савецкая, 124). Удзел у курсах абавязковы для абодвух сужэнцаў, паколькі па адзіночцы вучыцца будаваць гарманічныя адносіны не мае сэнсу. Арганізатары не атрымліваюць грошы за правядзенне курсаў, аднак з удзельнікаў вітаюцца ахвяраванні, паколькі неабходныя сродкі на арэнду памяшкання, канцылярскія тавары і раздрукоўку матэрыялаў.
Сужэнцам, жадаючым удзельнічаць у першым курсе «Акадэміі сям’і», неабходна зарэгістравацца па тэлефонах: вэлком (029) 911-18-20 (Алёна), МТС (029) 234-05-34 (Павел).
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!
