5 гадоў Дыкастэрыі па справах свецкіх: кіраўнік падвёў вынікі

Кардынал Кэвін Фарэл

Папа Францішак імкнецца да большай прысутнасці свецкіх вернікаў у розных сферах касцёльнага і грамадскага жыцця. Такім чынам ён спрабуе бароцца з клерыкалізмам і элітарнасцю, — заўважыў кардынал Кэвін Фарэл.

Іерарх падвёў папярэднія вынікі працы Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця, якая пад яго кіраўніцтвам дзейнічае ўжо пяць гадоў. Стварэнне новай структуры было практычна першым важным эфектам рэформы Рымскай курыі, якую праводзіць Папа Францішак. У яе ўвайшлі ранейшыя ватыканскія ўстановы, якія займаліся тэмамі свецкіх, сям’і і абароны жыцця.

“Наша дыкастэрыя – гэта ў асноўным свецкія людзі. Папа хоча, каб яны сталі па-сапраўднаму адказнымі ў многіх сферах нашага жыцця”, — падзяліўся кардынал Фарэл.

«Мы робім шмат рэчаў, таму што 99,9% нашага Касцёла – гэта свецкія людзі. Мы абавязаны садзейнічаць больш шырокай прысутнасці свецкіх у Касцёле і дапамагаць ім вырашаць любыя праблемы, з якімі яны сутыкаюцца ў сваім хрысціянскім жыцці. Мы займаемся пытаннямі сям’і і сужэнства, што з’яўляецца вельмі важным напрамкам нашай працы. Шмат увагі надаём падрыхтоўцы да шлюбу і суправаджэнню сужонкаў, асабліва ў першыя гады іх сумеснага жыцця. Іншая важная сфера – гэта жыццё чалавека і ўсё, што тычыцца этычных і маральных праблем, звязаных з ім – ад зачацця да натуральнай смерці”, — патлумачыў іерарх.

Прэфект адзначыў, што ватыканская дыкастэрыя рыхтуе тры важныя сусветныя падзеі, якія павінны паўплываць на Касцёл і грамадства. Гэта Сусветныя дні моладзі, Сусветная сустрэча сем’яў, а з гэтага года таксама Сусветны дзень дзядуль, бабуль і пажылых людзей, які адзначаць у апошнюю нядзелю ліпеня.

Кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку