23 верасня – успамін святога айца Піа

padre-pio-1Падрэ Піа – гэта святы XX стагоддзя, які вярнуў Касцёл у часы біблейскіх цудаў. Здаецца, няма такіх звышнатуральных з’яў, якія б не праявіліся ў жыцці капуцына з Сан-Джавані Ратонда. Аздараўленне хворых, дар чытання сэрцаў, водар святасці, білакацыя, левітацыя, стыгматы… Нават адной з гэтых з’яў дастаткова, каб стварыць трылер пра айца Піа.

Людзям, якія сустракалі айца Піа, найбольшую карысць прыносілі не цуды, а яго паслуга спаведніка і духоўнага кіраўніка. Гэта сапраўды было адным з найбольш улюбёных служэнняў святога капуцына, якому ён прысвячаў значную частку дня. Часта яго паслуга доўжылася нават 19 гадзін у суткі, і толькі клопаты са здароўем прымусілі скараціць час прабывання ў спавядальні.

У нейкім сэнсе святога Піа можна назваць мучанікам канфесіянала. Спавядаючы, святы карыстаўся дадзенай яму Богам ласкай бачыць людскія сэрцы. Тым, хто баяўся вызнаваць свае правіны, ён з лагоднасцю дапамагаў гэта зрабіць, называючы іх грахі. Тых, хто свае грахі затойваў, ён мог выгнаць з канфесіянала або прыстрашыць пеклам. Распавядаюць, што чалавека, які спавядаўся без жалю за грахі, айцец Піа, выйшаўшы з канфесіянала, прагнаў сваёй манаскай вяроўкай, якой падпяразваў габіт. Кожная душа, кожны чалавек былі для яго важныя. Святы лічыў сваёй жыццёвай місіяй барацьбу з сатаной за людскія душы – праз сваё цярпенне, малітву і споведзь.

Падрэ Піа верыў у моц сакраманту паяднання, і людзі таксама верылі, што адбытая ў яго споведзь нясе ім збаўленне. Духоўны досвед святога падказваў, што трэба спавядацца раз на тыдзень. Ён казаў, што нават у пакоі, які не выкарыстоўваецца, збіраецца пыл, і яго трэба прыбіраць. Споведзь была для святога айца Піа Божай прыладай для ўпарадкавання чалавечага жыцця.

padre-pio

Слава чалавека са звышнатуральнымі здольнасцямі прыцягвала і тых людзей, якія сумняваліся ў існаванні іншага, па-за матэрыяльнага жыцця. Некалькі вядомых на ўсю Італію атэістаў ездзілі паглядзець на айца Піа і перажылі сапраўднае глыбокае навяртанне, размаўляючы з ім. Можна сказаць, што розныя цудоўныя з’явы былі для чалавека магчымасцю сустрэцца з цудам міласэрнасці Бога.

У Год Міласэрнасці Касцёл абраў святога айца Піа адным з апекуноў спаведнікоў.

а. Андрэй Сідаровіч МІС

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі