21 новы кардынал у Касцёле: хто там ёсць і каго няма

Папа Францішак абвясціў імёны 21 новага кардынала. Яны прадстаўляюць розныя часткі свету: Азію, Амерыку, Афрыку і Еўропу. Не ўсе з іх да таго былі біскупамі, але пры гэтым кожны зможа ўдзельнічаць у выбары наступнага пераемніка апостала Пятра.

У групу новых кардыналаў, якіх 6 кастрычніка нечакана абвясціў Папа Францішак, увайшлі: арцыбіскуп Анджэла Ачэрбі – Апостальскі нунцый; арцыбіскуп Лімы (Перу) Карлас Густава Кастыльё Матасольё; арцыбіскуп Санцьяга-дэль-Эстэра (Аргенціна) Вісэнтэ Бакаліч Ігліч; арцыбіскуп Гваякіля (Эквадор) Луіс Херарда Кабрэра Эрэра; арцыбіскуп Санцьяга-дэ-Чылі (Чылі) Фернанда Наталіё Чамалі Гарыб; арцыбіскуп Токіа (Японія) Тарчызіё Ісаа Кікучы; біскуп Калаакана (Філіпіны) Пабла Віргіліё Сіёнгка Давід; арцыбіскуп Бялграда-Смедэрэва (Сербія) Ладзіслаў Нэмэт; арцыбіскуп Порту-Алегры (Бразілія) Жаімэ Спэнглер; арцыбіскуп Абіджана (Кот-д’Івуар) Іньяс Бэсі Догба; арцыбіскуп Алжыра (Алжыр) Жан-Поль Веско; біскуп Богара (Інданезія) Паскаліс Бруна Сюкур; арцыбіскуп Тэгерана-Ісфахана (Іран) Дамінік Жазэф Мацьё; арцыбіскуп Турына (Італія) Рабэрта Рэполе; новы вікарый Рымскай дыяцэзіі арцыбіскуп Бальдасарэ Рэйна; арцыбіскуп Таронта (Канада) Фрэнсіс Леа; арцыпрэзбітар-каад’ютар папскай базілікі Санта-Марыя-Маджорэ арцыбіскуп Раландас Макрыцкас; экзарх украінскай епархіі Святых Пятра і Паўла ў Мельбурне (Аўстралія) Мікола Бычок; тэолаг, айцец Цімаці Пітэр Джозэф Рэдкліф; айцец Фабіё Баджа – падсакратар секцыі па справах мігрантаў і ўцекачоў Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека; ксёндз Джордж Джэйкаб Коавакад – супрацоўнік Дзяржаўнага сакратарыяту, адказны за папскія падарожжы.

Адзін з намінантаў – інданезійскі біскуп Паcкаліс Бруна Сюкур – папрасіў не ўключаць яго ў спіс новых кардыналаў. Гэтае рашэнне патлумачылі жаданнем працягваць духоўнае развіццё і служэнне Касцёлу і вернікам. Замест яго 22 кастрычніка новым кардыналам быў абвешчаны Даменіка Баталья – арцыбіскуп Неапаля (Італія).

Што за новыя кардыналы

Дзесяць з новых кардыналаў – еўрапейцы, у тым ліку чатыры – італьянцы. Шэсць паходзяць з Амерыкі (пяць – з Паўднёвай), чатыры – з Азіі і адзін – з Афрыкі. 11 новых кардыналаў прадстаўляюць манаскія ордэны: тры – францішканіны, два – дамініканіны, два – вербісты і па адным – рэдэмптарыст, скалабрыніянін і лазарыст. «Іх паходжанне выражае ўніверсальнасць Касцёла, які працягвае абвяшчаць міласэрную любоў Бога ўсім людзям зямлі. Уключэнне ў Рымскую дыяцэзію паказвае неразрыўную сувязь паміж Пасадам Пятра і мясцовымі Касцёламі ва ўсім свеце», – падкрэсліў Папа.

Сярод будучых кардыналаў ёсць 99-гадовы нунцый Анджэла Ачэрбі – самы сталы кардынал, прызначаны да гэтага часу. У сваю чаргу 44-гадовы біскуп Мікалай Бычок, які адказвае за ўкраінскіх грэка-католікаў у аўстралійскім Мельбурне, стане самым маладым кардыналам.

Прызначэнне некаторых кардыналаў падкрэслівае важнасць таго, чым яны займаюцца. Так, біскуп Калаакана (Філіпіны) Пабла Віргіліё Сіёнгка Давід вядомы як адважны абаронца правоў чалавека ў сваёй краіне. Прасоўваў дыялог паміж урадам і пратэстоўцамі арцыбіскуп Гваякіля (Эквадор) Кабрэра Эрэра. Як змагар з сексуальным гвалтам у Касцёле вядомы чылійскі арцыбіскуп Чамалі Гарыб. А ксёндз Фабіа Баджа, падсакратар Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, адказвае за працу з мігрантамі і ўцекачамі. Кіраўніком Caritas Internationalis з’яўляецца японскі кардынал-абраннік Тарчызіа Ісаа Кікучы. Таксама вылучаецца намінацыя дамініканіна, айца Цімаці Рэдкліфа, які прапаведаваў падчас рэкалекцый Сінода Біскупаў.

Прызначэнне некаторых кардыналаў адлюстроўвае ўвагу Папы да іх працы ў цяжкіх геапалітычных і рэлігійных умовах: арцыбіскуп Бялграда Нэмэт, арцыбіскуп Алжыра Веско ці арцыбіскуп Тэгерана Мацьё.

Як адзначае Aleteia, тым самым Францішак таксама спрабуе «даць голас каталікам у гэтых краінах, многія з якіх уцяклі ў эміграцыю», ды натхняе на міжрэлігійны дыялог.

Індыец ксёндз Джордж Коавакад, адказны за арганізацыю папскіх падарожжаў у Дзяржаўным сакратарыяце, цяпер будзе роўны па рангу са сваім кіраўніком кардыналам П’етра Паралінам. Раней падобныя прызначэнні атрымлівалі езуіт Раберта Тучы, былы арганізатар падарожжаў Яна Паўла II, і ксёндз Жак Марцін, які арганізаваў першае падарожжа Паўла VI у Святую Зямлю.

Арцыбіскуп Бальдасарэ Рэйна ўжо ў якасці кардынала неўзабаве пачне рэалізоўваць рэформы, запланаваныя Папам у Рымскай дыяцэзіі, дзе ён з’яўляецца вікарыем. У сваю чаргу арцыбіскуп Раландас Макрыцкас з Літвы ўжо ўдзельнічаў у эканамічнай і фінансавай рэструктурызацыі Рымскай курыі, а таксама кіраваў рэформай статута базілікі Святой Марыі Маджорэ, дзе жадае быць пахаваным Папа Францішак.

Прызначэнне кардыналамі Баджы, Рэдкліфа і Коавакада цікавае тым, што яны да таго не былі нават біскупамі. І калі для багаслова Рэдкліфа гэта, хутчэй, знак ушанавання яго ранейшых заслугаў, то ў дачыненні Коавакады і Баджы Aleteia адзначае, што кардынальскі тытул можа прадказваць іх павышэнні ўжо ў найбліжэйшым часе.

Пры гэтым Aleteia піша, што новыя кардынальскія прызначэнні цікавыя не толькі тым, хто там ёсць, але і каго там няма. Напрыклад, там няма такіх біскупскіх кафедраў, як Мілан, Парыж, Ліён, Лос-Анджэлес, Берлін, Дакар, Вільня і Кракаў, каторыя традыцыйна маюць кардынала.

Колькі цяпер будзе кардыналаў

Кансісторый па прызначэнні новых кардыналаў быў запланаваны на 7 снежня. Пасля гэтага Калегія кардыналаў складзе 254 іерархі, з якіх 141 – выбаршчыкі. З гэтых 254 кардыналаў 150 атрымалі свой статус менавіта пры Папу Францішку, 63 – пры Бэнэдыкту XVI і 41 – пры Яну Паўлу ІІ. Са 141 князя Касцёла з правам удзельнічаць у выбарах новага Папы 111 будуць прызначэнцамі Папы Францішка.

Дзейная колькасць кардыналаў-выбаршчыкаў значна перавышае ліміт у 120 чалавек, устаноўлены Паўлам VI. «Аднак тое, што было максімумам для яго папярэднікаў, здаецца, стала мінімумам для Папы Францішка», – адзначае La Croix International.

Праўда, да канца 2025 года 15 кардыналам споўніцца 80 гадоў, і яны страцяць магчымасць удзелу ў выбарах. Сярод іх – аўстрыйскі кардынал Крыстоф Шонбарн, былы прэфект Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамантаў Рабер Сара з Гвінеі і новапрызначаны кардынал тэолаг Цімаці Рэдкліф. У цэлым жа сярэдні ўзрост кардыналаў-выбаршчыкаў з 8 снежня знізіцца на адзін год: з 71 да 70 гадоў.

З 254 кардыналаў, якія будуць у Касцёле пасля 7 снежня, 246 будуць прадстаўляць лацінскі абрад, а 8 – усходнія каталіцкія касцёлы. Пры гэтым працягвае зніжацца доля кардыналаў-выбаршчыкаў з Еўропы. Калі на канклаве 2013 года больш як палова з іх прадстаўлялі нашу частку свету, то пасля 8 снежня з яе будзе паходзіць толькі 39% прадстаўнікоў калегіі. Прадстаўніцтва Азіі, наадварот, павялічыцца: з 8% да 16,3% (18,4%, калі ўключыць блізкаўсходніх кардыналаў).

Кардынал-абраннік Тарчызіа Ісаа Кікучы, які ўзначальвае архідыяцэзію японскай сталіцы і Caritas Internationalis, у гутарцы з ватыканскімі СМІ звярнуў увагу на змяшчэнне акцэнтаў у мысленні пра Паўсюдны Касцёл, цэнтрам якога, паводле яго, больш не з’яўляецца заходні свет: «Паколькі Касцёл у Азіі нараджае зараз шмат пакліканняў, ён расце, а духоўнасць паглыбляецца. Таму цяпер наш абавязак – унесці ўклад у Паўсюдны Касцёл. Цяпер час Азіі, каб унесці свой уклад у місію Касцёла».

Пры гэтым доля Афрыкі, дзе каталіцызм расце найбольш, наадварот, крыху знізілася, адзначае Aleteia. І дадае: на працягу апошніх двух гадоў у Афрыцы не было кардынала-прэфекта ў якасці кіраўніка ватыканскай дыкастэрыі.

Наказ новым кардыналам

У сваім лісце да новых кардыналаў Папа заклікаў іх да служэння Касцёлу, увасабляючы тры якасці: «расплюшчаныя вочы, складзеныя рукі, босыя ногі». Паводле яго, расплюшчаныя вочы патрэбныя для таго, каб глядзець далей і любіць больш універсальна, з большай інтэнсіўнасцю. Складзеныя рукі ўвасабляюць малітву, каб шукаць і знаходзіць волю Божую для народа і рэалізоўваць яе. Босыя ж ногі сімвалізуюць непасрэдны кантакт з жорсткай рэальнасцю многіх куткоў свету, ашаломленых болем і пакутамі войнаў, дыскрымінацыі, пераследу, голаду і розных формаў беднасці.

Папа Францішак падзякаваў новым кардыналам за іх шчодрасць і паабяцаў маліцца за іх, пажадаўшы, каб тытул «слуга» (дыякан) пераважаў над тытулам «эмінэнцыя».

Мечыслаў Гапановіч

для друку для друку