Касцёл у Венесуэле: паміж нявызначанасцю і надзеяй

Пілігрымы з Венесуэлы на Плошчы святога Пятра ў Ватыкане.

Касцёл Венесуэлы цягам апошніх дзесяцігоддзяў меў не надта прыемную гісторыю стасункаў з уладамі краіны. Але сітуацыя змяняецца, і ў апошніх падзеях каталіцкія іерархі бачаць надзею на лепшае.

Адносіны з уладамі ў Каталіцкага Касцёла – даміноўнай канфесіі ў Венесуэле – моцна пагоршыліся яшчэ ў часы Уга Чавэса, які кіраваў у 1999-2013 гг. Ён не толькі грэбліва ставіўся да святароў, але і спрабаваў абмежаваць уплыў Касцёла на адукацыю – як у дзяржаўных, гэтак і ў амаль 700 каталіцкіх школах. У 2007 годзе кардынал Хорхэ Уроса, арцыбіскуп Каракаса, нават заклікаў да мірных дэманстрацый супраць спробаў ураду кантраляваць касцельныя школы. Таксама, як мяркуецца, пры ўдзеле ўладаў у 2008 годзе ў Венесуэле паўстаў Рэфармаваны каталіцкі касцёл – раскольніцкая структура, што выказвалася ў падтрымку Чавэса і крытыкавала каталіцкі цэлібат.

Не палепшыліся стасункі і пры кіраванні пераемніка Чавэса – Нікаласа Мадуры. Каталіцкія святары і біскупы былі неаднаразова заўважаныя на шматлікіх акцыях пратэсту супраць уладаў, якія з тых ці іншых прычынаў здараліся ледзь не штогод. Значную ролю ў іх адыгрывалі і студэнты каталіцкіх універсітэтаў.

У адказ у красавіку 2017 года невядомыя напалі ў базіліцы Святой Тэрэзы ў Каракасе на кардынала Уросу, які асудзіў ужыванне ўладамі гвалту. Да таго ж афіцыйны Каракас блакаваў шэраг кандыдатур у біскупы, прапанаваных Святым Пасадам. А з 2021 года краіна на тры гады засталася без Апостальскага нунцыя – афіцыйнага прадстаўніка Ватыкану. Дарэчы, фактычна функцыі кіраўніка ватыканскай дыпламатыі ў Венесуэле ў гэты няпросты час выконваў Іньяцыа Чэфаліа, які з мінулага года з’яўляецца Апостальскім нунцыем у Беларусі.

Разам з тым Апостальская Сталіца, імкнучыся пазбегнуць канфрантацыі з уладамі і захаваць магчымасць дыялогу, заняла пазіцыю «пазітыўнага нейтралітэту» датычна ўладаў Мадуры.

Напрыклад, у 2016 годзе пры пасярэдніцтве Ватыкана былі арганізаваныя перамовы паміж уладамі і апазіцыяй, што спрыялі вызваленню 115 палітычных зняволеных. А падчас выбараў 2019 года Святы Айцец хоць і заклікаў спыніць пакуты ў Венесуэле, але не заняў ніводнага боку. У гэтым, як мяркуецца, важную ролю адыграў Дзяржаўны сакратар Ватыкана кардынал П’етра Паралін, што ў 2009-2013 гадах займаў пасаду нунцыя якраз у Венесуэле.

Тым не менш, падчас выбараў 2024 года стасункі зноў пагоршыліся. Напярэдадні гэтай падзеі венесуэльскія біскупы заклікалі грамадзянаў краіны ўзяць «свабодны, свядомы і адказны ўдзел» у іх дзеля «пабудовы краіны прагрэсу, міру, справядлівасці і свабоды», а мясцовую ЦВК – забяспечыць «празрыстасць і надзейнасць вынікаў». Таксама біскупы прасілі ўлады спыніць пераслед і цкаванне кандыдатаў ад апазіцыі пасля таго, як удзел у выбарах быў забаронены найбуйнейшай канкурэнтцы Мадуры – Марыі Карыне Мачада.

Калі ж пераможцам быў прызнаны Мадура, а ў краіне пачаліся пратэсты, біскупы аб’ядналі «свае галасы з усімі тымі, хто ўнутры і за межамі Венесуэлы патрабуе праверкі вынікаў галасавання, у якім усе зацікаўленыя палітычныя дзеячы актыўна і ў поўнай меры ўдзельнічаюць». Таксама і Святы Пасад падкрэсліў, «што толькі дыялог і актыўны і поўны ўдзел усіх палітычных дзеячаў … могуць прывесці да пераадолення цяперашняй сітуацыі і стаць сведчаннем дэмакратычнага суіснавання ў краіне». Салідарнасць з пратэстоўцамі выказала і Рада біскупскіх канферэнцый Лацінскай Амерыкі і Карыбскіх астравоў.

І хоць тады пратэсты не мелі поспеху, венесуэльскія біскупы ад сваёй пазіцыі не адступіліся. У пастырскім лісце ў ліпені 2025 года яны зноў заклікалі ўлады абараняць і паважаць асноўныя правы грамадзян, каб «стварыць неабходныя ўмовы для развіцця дыялогу».

У сваю чаргу Ватыкан вітаў уручэнне ў кастрычніку 2025 года Нобелеўскай прэміі міру лідарцы венесуэльскай апазіцыі Карыне Мачада.

Кардынал Паралін выказаў тады спадзеў, што гэта «можа дапамагчы краіне аднавіць спакой, адкрыць шлях да дэмакратыі і спрыяць супрацоўніцтву паміж палітычнымі групоўкамі».

Тым часам міжнародная сітуацыя вакол Венесуэлы ўсё пагаршалася. ЗША сцягнулі да яе берагоў свой флот, пагражаючы ўжываннем сілы, калі Каракас не пойдзе на ўмовы Вашынгтона. У гэтых умовах, паводле The Washington Post, дзяржсакратар Паралін прапанаваў Штатам знайсці выйсце з сітуацыі, каб не дапусціць кровапраліцця і дэстабілізацыі ў Венесуэле, пры гэтым прызнаючы, што кіраўнік Венесуэлы павінен сысці. Ён прасіў ЗША праявіць цярплівасць і казаў, што Расія гатовая надаць Мадуру прытулак. «На ўзроўні Канферэнцыі біскупаў і разам з нунцыем мы спрабуем знайсці спосаб супакоіць сітуацыю, шукаючы перадусім дабра для народа, бо ў такіх сітуацыях пакутуюць людзі, а не ўлады», – казаў у снежні Папа Леў XIV.

Але, як прызнаў пазней Паралін, спробы «знайсці рашэнне, якое дазволіла б пазбегнуць кровапраліцця, магчыма, шляхам дасягнення пагаднення таксама з Мадурам і з іншымі прадстаўнікамі рэжыму», выявіліся марнымі. 3 студзеня амерыканскія вайскоўцы нечакана правялі вайсковую аперацыю ў Венесуэле, выкраўшы кіраўніка краіны, абвінавачанага ў датычнасці да наркагандлю. Пры гэтым улада ў Венесуэле фактычна не змянілася: пасаду кіраўніка заняла Дэлсі Радрыгес, якая да таго выконвала функцыі віцэ-прэзідэнта.

Каментуючы гэтыя падзеі, Леў XIV падкрэсліў, што «дабро ўмілаванага венесуэльскага народа павінна пераважаць над усімі іншымі меркаваннямі і прывесці нас да пераадолення гвалту і да прытрымлівання шляхоў справядлівасці і міру, абараняючы суверэнітэт краіны, забяспечваючы вяршэнства права, замацаванае ў Канстытуцыі, паважаючы правы чалавека і грамадзянскія правы кожнага, і працуючы разам над пабудовай спакойнай будучай супрацы, стабільнасці і згоды, надаючы асаблівую ўвагу найбяднейшым групам насельніцтва, якія пакутуюць праз складаную эканамічную сітуацыю». 12 студзеня Святы Айцец таксама сустрэўся з лідаркай венесуэльскай апазіцыі Карынай Мачада ды заклікаў да пабудовы ў Венесуэле грамадства, заснаванага на «справядлівасці, праўдзе, свабодзе і братэрстве».

У падобным духу выказваўся і венесуэльскі епіскапат, адкідаючы гвалт, і заклікаючы «жыць больш глыбока надзеяй і шчырай малітвай аб міры ў нашых сэрцах і ў грамадстве», каб «рашэнні, што прымаюцца, заўсёды былі на карысць нашага народа».

Новы ўрад стаў больш згаворлівым да патрабаванняў Вашынгтона. Прычым не толькі ў пытаннях здабычы і продажу нафты або супрацы з Кітаем і Расіяй. На волю пачалі выходзіць асобы, унесеныя ў спісы палітвязняў. 30 студзеня Радрыгес абвясціла пра амністыю, што ахоплівае «ўвесь перыяд палітычнага гвалту з 1999 года па цяперашні час», то бок ад часу кіравання Чавэса. Яна таксама абвясціла пра закрыццё турмы Эль-Элікойдэ, дзе, як заяўляецца, фіксаваліся шматлікія выпадкі катаванняў і парушэнняў правоў чалавека.

На думку кардынала Параліна, цяперашняя сітуацыя «вялікай нявызначанасці» можа развівацца ў бок стабільнасці, «дэмакратызацыі краіны» і эканамічнага аднаўлення, «бо эканамічная сітуацыя сапраўды вельмі нестабільная».

У сваю чаргу арцыбіскуп Хесус Андоні Гансалес дэ Саратэ Салас, старшыня біскупскай канферэнцыі Венесуэлы, заявіў, што Касцёл імкнецца «пастаянна суправаджаць народ у яго барацьбе за трыумф дабра, праўды і справядлівасці». Для гэтага, у тым ліку, біскупы разглядаюць новыя ініцыятывы, якія «будуць разгледжаныя і распрацаваныя толькі пасля таго, як мы ўбачым, як развіваецца нацыянальная дынаміка». Ён таксама вызначыў падмурак для пабудовы больш справядлівага і свабоднага грамадства: «прыярытэт чалавечай годнасці, агульнага дабра і галоўных евангельскіх каштоўнасцяў».

Мечыслаў Гапановіч

для друку для друку