Крызіс у Армянскай царкве: каталікос і прэм’ер патрабуюць адстаўкі адзін аднаго

18 мая 2025 года ў Мінску адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця першага ў Беларусі храма Армянскай Апостальскай Царквы (ААЦ) – храма святога Рыгора Асветніка. У самой жа Арменіі ААЦ, самакіраваная армянская нацыянальная царква, перажывае няпростыя часы.

Даведка: Армянская Апостальская Царква належыць да старажытнаўсходніх хрысціянскіх цэркваў. Паводле традыцыі, яна ўзыходзіць каранямі да апосталаў Барталамея і Тадэвуша. У 301 годзе Арменія стала першай краінай у свеце, што прыняла хрысціянства. Армянская царква не прызнала вынікаў Халкідонскага сабору 451 года і ў рэшце стала самастойнай. На сёння, паводле ўласнай ацэнкі, ААЦ налічвае каля 9 мільёнаў вернікаў. З XII стагоддзя таксама робяцца спробы аднаўлення еднасці з Рымам. Станам на 2017 год Армянская Каталіцкая Царква налічвала каля 760 тыс. вернікаў, пераважна ў дыяспары.

Стасункі паміж іерархамі ААЦ і ўладамі Арменіі моцна пагоршыліся пасля таго, як у верасні 2023 года Азербайджан за два дні здолеў ліквідаваць самаабвешчаную армянскую Нагорна-Карабахскую Рэспубліку, што існавала на яго тэрыторыі з 1991 года. Да таго ж Ерэван у межах дэмаркацыі дзяржаўнай мяжы пагадзіўся перадаць Баку чатыры вёскі, каторыя раней уваходзілі ў склад Азербайджанскай ССР. Гэта справакавала пратэсты ў памежнай Тавушскай вобласці, якія ўзначаліў мясцовы арцыбіскуп Баграт Галстанян. Супраць перадачы вёсак выступілі і кіраўніцтва ААЦ, і былыя прэзідэнты, якія кіравалі краінай з 1998 года да рэвалюцыі 2018-га.

9 мая 2024 года арцыбіскуп Баграт узначаліў марш на Ерэван, удзельнікі якога запатрабавалі адстаўкі прэм’ер-міністра Ніколы Пашыняна. Неўзабаве апазіцыя афіцыйна вылучыла іерарха ААЦ на пасаду новага кіраўніка ўраду, а сам ён заявіў, што гатовы адмовіцца ад служэння царкве дзеля выратавання краіны.

Дасягнуць сваіх мэтаў пратэстоўцы не здолелі, а праз год, 26 чэрвеня 2025 года, арцыбіскуп Баграт быў арыштаваны па абвінавачанні ў падрыхтоўцы гвалтоўнага захопу ўлады, тэрарыстычнага акту і арганізацыі масавых беспарадкаў. Праз два дні па абвінавачанні ў публічных закліках да звяржэння ўлады арыштавалі і арцыбіскупа Мікаэла Аджапахяна, кіраўніка Шыракскай епархіі. 24 верасня яго асудзілі на два гады зняволення. 4 снежня быў арыштаваны кіраўнік канцылярыі ААЦ арцыбіскуп Аршак Хачатран.

Таксама з крытыкай ААЦ пачаў актыўна выступаць прэм’ер Пашынян.

Напрыканцы мая 2025 года ён здзівіўся з таго, «колькі можна фальшывіць, казаць пра святое і быць атэістам, таптаць святыні». Таксама прэм’ер задаўся пытаннем, колькі біскупаў верныя абяцанню бясшлюбнасці, абвінаваціўшы аднаго з ерархаў у сувязях з уласнай цёткай.

Кіраўнік Сюнікскай епархіі біскуп Макар Акапян назваў словы прэмʼера абразлівымі і непаважлівымі да царквы, якая, паводле яго, цягам стагоддзяў была духоўным святлом і крыніцай нацыянальнай стойкасці армянскага народа. Калі ж кіраўнік канцылярыі ААЦ арцыбіскуп Аршак Хачатран заявіў, што гэта «ўлады Арменіі прапагандуюць распусту», Пашынян паабяцаў «дэактываваць, прычым назаўжды» святароў-распуснікаў, згадаўшы сярод іншага і Вярхоўнага патрыярха і Каталікоса Гарэгіна II, які займае прастол з 1999 года і які яшчэ з 2020 года заклікаў прэмʼера падаць у адстаўку. Арцыбіскупа Аршака ён абвінаваціў у «блудзе» і парушэнні царкоўнага кодэксу.

«Ктрыч Нерсісян (свецкае імя Каталікоса – рэд.), які парушыў зарок шлюбу з царквой, дагэтуль не вызваліў Каталікасат, тым самым апаганьваючы нашу святыню святынь – Першапрастольны Святы Эчміядзін. Такім чынам, Ктрыч Нерсісян заклікае нас, верных паслядоўнікаў Армянскай Апостальскай Царквы, вызваліць ад яго Каталікасат. Мы зробім гэта разам. Будзьце гатовыя», – напісаў Пашынян.

Паводле яго, Гарэгін II «не верыць ні ў Бога, бо ўпэўнены, што Яго не існуе, ні народу, бо ўпэўнены, што ў яго няма ўлады». Прэм’ер кажа, што кіраўнік ААЦ ставіцца да Бога «як да брэнду, каторы можна добра прадаць на кірмашах». На яго думку, адстаўка Гарэгіна II зʼяўляецца «духоўным парадкам абнаўлення нашай царквы, а праз царкву – нашай дзяржавы і грамадства». Прэмʼер таксама ініцыяваў стварэнне каардынацыйнай групы для зрушэння Гарэгіна II і абрання новага Каталікоса.

Найвышэйшая царкоўная рада ААЦ ахарактарызавала выказванні Пашыняна як «ганебную антыцаркоўную кампанію», заявіўшы, што такія дзеянні маюць разбуральныя наступствы.

У кастрычніку 2025 года быў затрыманы галава Арагацотнскай епархіі біскуп Мкртыч Прашан, які зʼяўляецца пляменнікам Гарэгіна II. Яго арыштавалі па абвінавачванні ў перашкодзе ажыццяўленню выбарчага права, а таксама ў выплатах матэрыяльнага заахвочвання за ўдзел у мітынгу. Таксама былі арыштаваныя кіраўнік канцылярыі і галоўны бухгалтар епархіі. Дарэчы, арыштаваны біскуп не адзіны блізкі сваяк Каталікоса ў кіраўніцтве ААЦ. Яго родны брат Езрас Нерсісян з 2001 года ўзначальвае Расійскую і Нова-Нахічэванскую епархію з цэнтрам у Маскве. Пашынян называе яго былым агентам КДБ.

Падставай для арышту Прашана стала заява святара Арама Асатрана пра тое, што вышэйшае духавенства загадвала яму ўдзельнічаць у мітынгах супраць урада. Сам Асатран у адказ быў пазбаўлены сану за дыскрэдытацыю ААЦ, парушэнне царкоўнай дысцыпліны, а таксама за тое, што на літургіі самавольна не згадваў імя Каталікоса. Пашынян пазбаўлення сану Асатрана не прызнаў і заявіў, што гэта Гарэгін II пазбаўлены сану, бо ў таго нібы ёсць жонка і дзеці. Прэм’ер падкрэсліў, што ў яго канфлікт не з царквой, а «з тымі, хто апаганьвае яе, парушае яе абяцанні». Не прызнаў свайго пазбаўлення сану і сам іерэй, які адмовіўся пакідаць узначалены ім храм. Менавіта туды 26 кастрычніка прыбыў на літургію прэмʼер, дзе даў «старт практычнаму этапу вызвалення Першапрастольнага Святога Эчміядзіна».

Варта адзначыць, што абодва бакі канфлікту, падобна, спрабавалі заручыцца падтрымкай Каталіцкага Касцёла. 16 верасня з Папам Львом XIV сустрэўся Каталікос Гарэгін II, які наведаў Ватыкан упершыню з 2020 года. А праз месяц, 20 кастрычніка, Святы Айцец прымаў ужо прэм’ера Пашыняна, каторы да таго быў у Ватыкане ў лістападзе 2024 года. Апошні, сярод іншага, таксама паўдзельнічаў у цырымоніі кананізацыі армяна-каталіцкага арцыбіскупа Іганацыя Малаяна, забітага туркамі ў 1915 годзе, ды сустрэўся з кіраўніком Армяна-Каталіцкай царквы Рафаэлем Бедрасам XXI.

Крызіс жа ў самой ААЦ працягваў пагаршацца, бо падтрымку іерэю Асатрану пачалі выказваць іншыя святары, якіх Гарэгін II адразу ж пазбаўляў за гэта сану і пасады. 8 снежня Пашынян прадставіў дарожную карту рэфармавання Царквы пасля адхілення Гарэгіна II. У ліку пунктаў – абранне Патрыяршага намесніка, зыходзячы з логікі дзейных у ААЦ механізмаў; прыняцце «збору канонаў ААЦ» з правіламі праверкі добранадзейнасці духавенства, фінансавай празрыстасці ААЦ, з указаннем апалітычнасці ААЦ і гарантый яе выканання; правядзенне выбараў Каталікоса ўсіх армян згодна з новым зводам канонаў. Да патрабавання пра адстаўку Гарэгіна II далучыліся таксама 10 біскупаў і шэраг святароў ААЦ.

У сваю чаргу Каталікос абвясціў пра правядзенне з 16 па 19 лютага ў аўстрыйскім Санкт-Пельтэне сходу біскупаў Армянскай Апостальскай Царквы. Раней планавалася правесці яго 10-12 снежня 2025 года, аднак, паводле заявы канцылярыі ААЦ, яго давялося адкласці «з улікам цяперашняй сітуацыі, што пануе ў Арменіі, у прыватнасці, ціску ў дачыненні да святароў, у тым ліку, арыштаў».

І, як адзначаюць аглядальнікі, пакуль магчымасці для кампрамісу бакоў не відаць.

Мечыслаў Гапановіч

для друку для друку