Бог паслаў анёла Габрыэля ў горад галілейскі, які называўся Назарэт, да Дзевы, заручанай з мужам па імені Юзаф, з дому Давіда, а імя Дзевы — Марыя.
Анёл, увайшоўшы да яе, сказаў: Вітай, поўная ласкі, Пан з Табою. Яна ж збянтэжылася ад словаў ягоных і разважала, што гэта за прывітанне.
І сказаў Ёй анёл: Не бойся, Марыя, бо знайшла Ты ласку ў Пана. І вось зачнеш ва ўлонні сваім і народзіш Сына, і дасі Яму імя Езус. Ён будзе вялікі і будзе названы Сынам Найвышэйшага, і дасць Яму Пан Бог трон Давіда, бацькі Ягонага. І валадарыць будзе над домам Якуба вечна, і валадарству Яго не будзе канца.
А Марыя сказала анёлу: Як станецца гэта, калі я мужа не ведаю? Анёл сказаў Ёй у адказ: Дух Святы сыдзе на Цябе, і моц Найвышэйшага ахіне Цябе. Таму і народжанае Святое будзе названа Сынам Божым. Вось і Альжбета, сваячка твая, і яна зачала сына ў старасці сваёй, і ёсць ужо на шостым месяцы тая, якую называлі бясплоднай; бо для Бога няма нічога немагчымага.
Тады Марыя сказала: Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова. І адышоў ад Яе анёл (Лк 1, 26–38).
Ці ты таксама атрымаў ласку ад Бога?
Калі чалавек атрымлівае ласку ад Бога? Калі Бог знаходзіць у чалавеку сябе самога, сваю дабрыню, сваю любоў, сваю праўду, справядлівасць, святасць. Бог бачыць сябе ў чалавеку і бачачы сябе, ён любіць, любіць чалавека, які адлюстроўвае Яго як люстэрка. У Старым Запавеце гэты выраз вельмі часта сустракаецца: “І сказаў (Абрагам): Пане, калі я здабыў добрае ўпадабаньне прад вачамі Тваімі, не прайдзі міма раба Твайго (Быц 18,3); Майсей адразу ўпаў на зямлю і пакланіўся Богу, і сказаў: Калі я знайшоў упадабанне ў вачах Тваіх, Пане, то няхай пройдзе Пан сярод нас, бо народ гэты з цвёрдым каркам. Даруй беззаконні нашыя і грахі нашыя і зрабі нас спадчынай Тваёй. (Зых 33, 13)
У Новым Запавеце гэта сказана толькі пра Дзеву Марыю. Толькі Яна знайшла ласку ў Бога. “І сказаў Ёй Анёл: Не бойся, Марыя, бо знайшла Ты ласку ў Пана.” (Лк 1, 30).
У Панне Марыі Бог не знаходзіць талькі чагосьці з самога сябе, але знаходзіць усяго сябе: у паўнаце ласкі, праўды, святасці, справядлівасці, супакою, камуніі. Паўната Бога – у Марыі. Яна сапраўдная святыня, яна жывая святыня свайго Бога. Бог, Які прабывае ў Марыі, Які ёсць Сам паўнатой усяго, цяпер Сам просіць у яе ласку, якую напоўніў кожнай ласкай. Бог просіць аб ласку быць Маці Свайго Сына, Яго спрадвечнага Сына. Ці зможа Панна Марыя адказаць – не, Таму, Каго святыняй яна ўжо з’яўляецца. Каб уцелавіцца Бог патрабуе яе цела, цела якое і так належыць да Яго. Яна толькі яго верная слуга. Гэтак жа, як Бог ужо заняў усю яе душу і сэрца, так цяпер можа заняць усё яе цела. Бо усё Яна атрымала дзелля жыцця вечнага.
Панна Марыя была ў адвечным плане Бога, каб прыналежыць Яму цалкам ў паўнаце сваёй: душой, духам, целам. Бог прыняў усё яе сэрца і розум, жаданні і памкненні. Толькі волю пакінуў у яе руках, каб яна магла аддаць сябе Богу. Марыя знайшла ласку ў Бога, але і Марыя бачыць усю сябе ў Богу. Але і Пан таксама знаходзіць ласку ў яе вачах. Менавіта ў гэтым быцці Ён ў ёй і яна ў Ім, у гэтым найчысцейшым абмене жыцця, Марыя назаўжды аддае сябе Богу. Яна ад Бога і ў Богу, і цяпер яна вырашыла быць для Яго слугою.
Панна Марыя, Маці Збаўцы, навучы нас быць сапраўднымі слугамі Пана.
кс. Аляксандр Сапель SDS
для друку