20 лютага Росіца чакае пілігрымаў

20 лютага адбудуцца ўрачыстасці ў санктуарыі ў Росіцы, на якія айцы марыяне запрашаюць усіх ахвотных.

З самага пачатку існавання хрысціянства тэма мучаніцтва за веру мела асаблівае значэнне. Вернікі шанавалі месцы, дзе былі пахаваныя мучанікі, з пашанай ставіліся да іх скрываўленай вопраткі і знявечаных целаў, перапісвалі і пераказвалі іх гераічныя подзвігі. Магчыма, так адбывалася таму, што смерць мучанікаў за веру найбольш набліжала іх да любові Бога, які ў сваім Сыне стаў мучанікам з любові да чалавецтва.

Многіх маладушных і малаверных хрысціянаў гісторыі мучанікаў умацоўвалі ў веры, таму што яны бачылі, як слабыя людзі, па міласці Бога, станавіліся адважнымі змагарамі. Першыя хрысціяне казалі і верылі, што кроў мучанікаў за веру — гэта пасеў для будучых пакаленняў веруючых.

Вёска Росіца Верхнядзвінскага раёна з’яўляецца адным з прыкладаў такога гераізму веры, дзе ў 1943 годзе двое святароў марыянаў добраахвотна аддалі сваё жыццё за веру, ідучы на смерць разам са сваімі парафіянамі.

Штогод у памяць аб гэтай падзеі ў Росіцы ў лютым збіраюцца вернікі, каб праславіць Бога за росіцкіх мучанікаў і прадставіць Яму свае просьбы і падзякі.

У сувязі з сітуацыяй пандэміі каранавірусу просьба да ўсіх, хто прыбывае ў Росіцу, захоўваць масачны рэжым і сацыяльную дыстанцыю не толькі ў касцёле, але і ў транспарце. Таксама па прычыне пандэміі ў гэтым годзе супольны пасілак для пілігрымаў не прадугледжваецца.

Праграма:

  • 11.00 – адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту з магчымасцю споведзі;
  • 12.00 – святая Імша (цэлебруе біскуп Віцебскі Алег Буткевіч);
  • 13.30 – працэсія на месца мучаніцтва і заканчэнне ўрачыстасцяў.

catholic.by

для друку для друку