19 снежня: трэці тыдзень Адвэнту

У часы Ірада, караля юдэйскага, быў адзін святар па імені Захарыя, з роду Абія. Жонка ягоная была з роду Аарона; і было імя яе Альжбета. Абодва яны былі справядлівымі перад Богам, жывучы беззаганна паводле ўсіх запаведзяў і наказаў Пана. Але не мелі дзіцяці, бо Альжбета была бясплодная; былі яны ўжо ў старым узросце.

Калі Захарыя па вызначанай чарзе выконваў святарскае служэнне перад Богам, яму, паводле святарскага звычаю, выпаў лёс увайсці ў святыню Пана, каб кадзіць. Усё ж мноства народу малілася звонку падчас каджэння.

І з’явіўся яму анёл Пана, які стаяў з правага боку кадзільнага ахвярніка. І збянтэжыўся Захарыя, калі ўбачыў яго, і страх ахапіў яго.

Анёл жа сказаў яму: Не бойся, Захарыя, бо выслухана просьба твая, і жонка твая Альжбета народзіць табе сына і назавеш яго імем Ян. І будзе табе радасць і вяселле, і шмат хто ўзрадуецца нараджэнню ягонаму. Бо ён будзе вялікі ў вачах Пана, і не будзе піць ні віна, ні хмяльнога напою, і напоўніцца Духам Святым яшчэ ва ўлонні маці сваёй. І многіх з сыноў Ізраэля наверне да Пана Бога іхняга. І пойдзе перад Ім у духу і моцы Іллі, каб звярнуць сэрцы бацькоў да дзяцей, непаслухмяных да разважлівасці справядлівых, каб падрыхтаваць для Пана народ дасканалы. І сказаў Захарыя анёлу: Па чым я пазнаю гэта? Бо я стары і жонка мая ў старым узросце.

І сказаў анёл яму ў адказ: Я, Габрыэль, стаю перад Богам, і пасланы гаварыць з табою і абвясціць табе добрую вестку. І вось будзеш ты маўчаць і не зможаш гаварыць да дня, калі гэта станецца, за тое, што ты не паверыў словам маім, якія збудуцца ў свой час.

Народ жа чакаў Захарыю і дзівіўся, што ён затрымліваецца ў святыні. А калі ён выйшаў, не мог гаварыць з імі; і яны пазналі, што меў аб’яўленне ў святыні. Ён жа гаварыў з імі на мігах і заставаўся нямым.

А калі скончыліся дні служэння ягонага, ён вярнуўся ў свой дом. Пасля гэтых дзён зачала Альжбета, жонка ягоная, і ўкрывалася пяць месяцаў, і казала: Так учыніў мне Пан у тыя дні, калі глянуў на мяне, каб зняць з мяне ганьбу сярод людзей (Лк 1, 5–25).

Сённяшні евангельскі ўрывак паводле святога Лукі паказвае нам анёла, які ў святыні абвяшчае святару па імені Захарыя аб тым, што ў яго народзіцца сын — Ян Хрысціцель. Захарыя і Альжбета былі бяздзетнымі, і больш за тое, старымі людзьмі: “Абодва яны былі справядлівымі перад Богам, жывучы беззаганна паводле ўсіх запаведзяў і наказаў Пана. Але не мелі дзіцяці, бо Альжбета была бясплодная; былі яны ўжо ў старым узросце” (Лк 1, 5). Іх будучыня, у пэўным сэнсе, безнадзейная. Яны чакалі толькі аднаго — канца свайго жыцця.

У лёсе Захарыі і Альжбеты, як нам здаецца, мы можам убачыць жыццё вельмі многіх пажылых людзей, якія праводзяць апошнія гады свайго жыцця у самоце, “але той, хто верыць, ніколі не застаецца адзін: ні ў жыцці, ні ў смерці” (Папа Бэнэдыкт XVI).

Бог праяўляе Сваю моц у жыцці Захарыі і Альжбеты, і праз анёла абвяшчае Захарыі, што яго жонка народзіць сына. “І з’явіўся яму анёл Пана, які стаяў з правага боку кадзільнага ахвярніка. І збянтэжыўся Захарыя, калі ўбачыў яго, і страх ахапіў яго”.

Ахоплены страхам Захарыя лічыць, што гэта немагчыма, гэта занадта, “я стары і жонка мая ў старым узросце”. З-за страху Захарыя не ў стане паверыць у сказанае анёлам, не ў стане паверыць нават у Божы Провід. “І сказаў анёл яму ў адказ: Я, Габрыэль, стаю перад Богам, і пасланы гаварыць з табою і абвясціць табе добрую вестку. І вось будзеш ты маўчаць і не зможаш гаварыць да дня, калі гэта станецца, за тое, што ты не паверыў словам маім, якія збудуцца ў свой час”. З гэтага моманту Захарыя больш не можа гаварыць, ён становіцца нямым. Але пазней яго немата, станецца гімнам праслаўлення Бога.

Моц і любоў Пана Бога вельмі часта сутыкаюцца з нашым страхам і недаверам. Нягледзячы на вялікі ​​скарб, які нам дае Святое Евангелле, мы становімся падобнымі на нямых, на няздольных гаварыць і спадзявацца. Трэба памятаць, той, хто не слухае, не ў стане і гаварыць. Божая ж любоў, настолькі моцная, што перамагае нашае бязвер’е і “бяздзетнасць”, якой з’яўляецца нашая бяздзейнасць. Альжбета ў старасці зачала і нарадзіла сына. Ніхто з нас не з’яўляецца такім “старым”, каб не мог бачыць і рабіць новыя і прыгожыя рэчы ў жыцці іншых.

кс. Аляксей Ляшко

для друку для друку