Ужо чацвёрты год Дабрачынная Мiсiя Добрага Самаранiна пад апекай Святой Уршулi Ледухоўскай арганізуе малітоўнае чуванне з удзелам дзяцей. Шчырая дзіцячая малітва, якая праслаўляе Бога, самая чыстая. Такі зварот неадкладна будзе пачуты Госпадам, бо ён будзе ісці ад самага сэрца.
Мільён дзяцей моліцца на Ружанцы – сусветная ініцыятыва, арганізаваная Папскім фондам “Дапамога Касцёлу ў патрэбе”. Галоўная мэта гэтай малітоўнай кампаніі – паказаць, што даверлівая малітва дзяцей можа, як страла, ляцець проста да сэрца Бога і такім чынам змяняць свет. Таму ўявіце, якой моцнай будзе ружанцовая малітва, у якой дзеці будуць разам прасіць аб супакоі і згодзе ў іх сем’ях, народзе і ва ўсім свеце!
Дзеці нашмат больш адкрытыя на ружанцовую малітву, чым шмат хто з дарослых. Калі ружанец адмаўляць правільна і пад адпаведным кіраўніцтвам, нашыя адносіны з Марыяй будуць паглыбляцца – яны стануць тым больш блізкімі, чым даўжэй будзем маліцца. Менавіта такім глыбокім адносінам з Маці Божай мы можам навучыцца ад дзяцей!
Запрашаем дзетак і бацькоў прыходзіць у Хрысціянскі Сацыяльны Цэнтр (вул. Серафімовіча, 19, г. Мінск). Кожны ахвотны можа далучыцца да анлайн-малітвы (спасылка будзе на сайце ў дзень трансляцыі).
