17 снежня: трэці тыдзень Адвэнту

Радаслоўе Езуса Хрыста, сына Давіда, сына Абрагама.

Абрагам быў бацькам Ісаака; Ісаак — бацькам Якуба; Якуб — бацькам Юды і ягоных братоў; Юда быў бацькам Фарэса і Зары, маці якіх была Тамар. Фарэс быў бацькам Эзрома; Эзром — бацькам Арама, Арам — бацькам Амінадаба; Амінадаб — бацькам Наасона; Наасон — бацькам Сальмона; Сальмон — бацькам Бааза, а маці была Рахаб. Бааз быў бацькам Абэда, а маці была Рут. Абэд быў бацькам Есэя, а Есэй быў бацькам караля Давіда.

Давід быў бацькам Саламона, а маці ягоная была ранейшая жонка Урыі. Саламон быў бацькам Рабаама; Рабаам — бацькам Абія; Абій — бацькам Асы; Аса — бацькам Язафата; Язафат — бацькам Ярама; Ярам — бацькам Осіі; Осія — бацькам Яатама; Яатам — бацькам Ахаза; Ахаз — бацькам Эзэхіі; Эзэхія — бацькам Манасэса; Манасэс — бацькам Амона; Амон — бацькам Ёсіі; Ёсія — бацькам Ехоніі і ягоных братоў падчас вавілонскага перасялення.

А пасля вавілонскага перасялення Ехонія быў бацькам Салятыэля; Салятыэль — бацькам Зарабабэля; Зарабабэль — бацькам Абіюда; Абіюд — бацькам Эліяхіма; Эліяхім — бацькам Азора; Азор — бацькам Садока; Садок — бацькам Ахіма; Ахім — бацькам Эліюда; Эліюд — бацькам Элеазара; Элеазар — бацькам Маттана; Маттан — бацькам Якуба; Якуб — бацькам Юзафа, мужа Марыі, ад якой нарадзіўся Езус, званы Хрыстом.

А ўсіх пакаленняў ад Абрагама да Давіда — чатырнаццаць, ад Давіда да вавілонскага перасялення — чатырнаццаць, і ад вавілонскага перасялення да Хрыста — чатырнаццаць пакаленняў (Мц 1, 1–17).

Евангеліст Мацвей піша Евангелле для юдэяў, таму вельмі моцна імкнецца паказаць розныя юдэйскія традыцыі, а таксама прагне паказаць, што Месія, Хрыстос, з’яўляецца спаўненнем Божага плану, які змешчаны ў Старым Запавеце, а гэта значыць і самога Старога Запавету.

Для выбранага народу заўсёды вельмі вялікае месца займала прыналежнасць да народу ізраэльскага. Таму Мацвей прагне на пачатку Евангелля прадставіць радавод Езуса Хрыста. Пераследуе гэтым некалькі мэтаў. Паказвае чытачам, што Хрыстос не з’явіўся невядома адкуль, “з паветра”, а мае канкрэтныя “карані” паводле сваёй чалавечай натуры. З іншага боку евангеліст паказвае, што ўсё тое, што было да Хрыста сваёй мэтай мела Хрыста, Ён ёсць поўняй, мэтай да якой імкнецца ўвесь Сусвет.

Вельмі цікавымі для нас могуць быць і постаці гэтага радаводу. Розныя гэта людзі. Сярод іх ёсць сапраўдныя святыя, сапраўдныя героі, а нават і сапраўдныя каралі. Аднак, варта заўважыць, што сярод гэтых постацяў ёсць забойцы, бандыты, чужаложнікі і прастытутка. Хрыстос, які прыходзіць у гэты свет, мае свой радавод і нават не спрабуе яго выбеліць. Ён прыходзіць да канкрэтных людзей,  да іх жыцця, якое часамі не самае лепшае. Для Бога не надта важна якое ў цябе было жыццё да моманту спаткання з Ім. Галоўнае – гэта тое, як ты жывеш пасля спаткання з жывым Богам. Бог прагне ўвайсці ў гісторыю жыцця кожнага чалавека, з яго клопатамі, перажываннямі, цярпеннем.

Евангеліст заканчвае радавод асобай Хрыста, насамрэч гэты радавод працягваецца далей, кожны з нас ёсць дзіцём Божым, таму смела можам упісаць сваё імя ў гэты спіс.

Бог прыходзіць у гісторыю жыцця кожнага чалавека. Езу, які прыходзіш, дай нам ласку перамены жыцця, каб спаткаўшыся з Табою, мы заўсёды былі Тваімі сапраўднымі дзецьмі.

Кс. Вячаслаў Адамовіч

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі