Уладзімір Шчэпін: “Алкагалізм – хвароба невылечная, але з ёй можна і трэба жыць” (+відэа)

laukaЗ 1 ліпеня ў пасёлку Бягомль Докшыцкага раёна пры каталіцкай парафіі працуе Цэнтр дапамогі залежным ад алкаголю і наркотыкаў “Светач”.

Яго адметнасць у тым, што тут працуюць спецыялісты асветніцкага грамадскага аб’яднання “Цвярозая сіла”, якія маюць свой уласны досвед выздараўлення. Арганізаваўся гэты Цэнтр па ініцыятыве Уладзіміра і Таццяны Шчэпіных, якія ў свой час адмовіліся ад ужывання алкаголю.

З мэтай прапаганды здаровага ладу жыцця, а таксама каб праінфармаваць людзей пра гэты Цэнтр, які носіць назву “Светач”, Таццяна і Уладзімір завіталі ў Будслаў на фэст. Каля іх намёта з надпісам “Цвярозая лаўка” яны распавялі журналістам “Каталіцкага Весніка” пра ідэю стварэння гэтага Цэнтра і, наогул, пра праблемы залежнасці ад алкаголю і наркотыкаў.

Уладзімір Шчэпін:

— Вылечыцца нельга, гэта хвароба, невылечная і смяротная, але з гэтым можна жыць. Жывуць жа людзі з гастрытам, сардэчнікі, так і тут, проста чалавек на гэта захворвае.

Як правіла, гэта цудоўныя людзі, якія не вінаватыя ў тым, што сталі алкаголікамі. Яны вінаватыя толькі ў тым, што нічога з гэтым не робяць.

Але калі чалавек пачынае ўсведамляць, што з ім адбываецца, ён проста жыве з гэтай хваробай, ён прыносіць карысць грамадству. Я асабіста ведаю шмат такіх людзей.

Наш Цэнтр толькі адкрыўся, мы зараз даём пра яго інфармацыю. Да нас падыходзяць людзі і мы даём ім першапачатковую інфармацыю, што трэба рабіць і з чаго пачынаць. Бо часта бывае, чалавек і хоча нешта з сабой рабіць, а не ведае дзе і як.

Таццяна Шчэпіна:

— Чалавек павінен іншымі вачыма паглядзець на свет, знайсці станоўчыя бакі ў цвярозым жыцці. Гэта не так проста, бо наша культура прадугледжвае ўсе гэтыя застоллі. А з гэтага ўсё і пачынаецца, калі ў чалавека ёсць схільнасць, то ён незаўважна да сябе ў гэта ўцягваецца і становіцца ў выніку алкаголікам.

Камусьці шанцуе больш і ён не співаецца. Таму трэба змяніць мысленне, каб чалавек не адчуваў сябе ў кампаніі белай варонай. Гэта не так лёгка, бо навокал усе прапаноўваюць выпіць. А чалавеку піць нельга, бо ён не ведае сваёй меры.

Уладзімір Шчэпін:

— Цяпер шмат гавораць пра алкагалізм, наркаманію і часта заходзяць у тупік, бо не ведаюць што рабіць. Наш Цэнтр якраз і будзе служыць для таго, каб чалавек змог памяняць сваё жыццё на сто адсоткаў. Такіх цэнтраў уБеларусі налічваецца ўжо пяць.

Мы з сваёй жонкай рашылі арганізаваць такі Цэнтр у Віцебскай вобласці. Гэта Цэнтр для тых, хто хоча пазбавіцца залежнасці ад алкаголю і наркотыкаў. Каталіцкі Касцёл у асобе айца Тадэвуша пайшоў нам насустрач, прапанаваўшы нам памяшканне пры парафіі ў Бягомлі.

Месцазнаходжанне Бягомля як бы прадвызначана Богам, ён знаходзіцца амаль пасярэдзіне паміж Мінскам і Віцебскам, сталіцай краіны і цэнтрам нашай вобласці.

Таццяна Шчэпіна:

— Стварыць такі Цэнтр першапачаткова было ідэяй майго мужа, прычым марыў ён пра гэта вельмі даўно. Не менавіта тут у Бягомлі, але наогул. Проста так склаліся абставіны, што касцёл пайшоў нам насустрач і прадаставіў памяшканне.

Мы з мужам зараз на пенсіі, сваіх вялікіх грашовых сродкаў мы не маем. Таму Касцёл і ўзяў нас пад сваё крыло. А мы ў сваю чаргу гатовыя на гэтай тэрыторыі працаваць як валанцёры. Бо мы атрымліваем пенсію, сродкі на пражыццё ў нас ёсць, а працу ў Цэнтры мы разглядаем як любімую справу. Справу дапамогі іншым людзям. Калісьці дапамаглі нам, цяпер дапамагаем мы.

Уладзімір Шчэпін:

— У аснову працы нашага Цэнтра закладзена Праграма 12 крокаў Ананімных Алкаголікаў. Гэта ўніверсальная праграма, якая ва ўсім свеце даўно і надзейна працуе, яна лічыцца адным з самых эфектыўных сродкаў працы з залежнымі людзьмі.

Яшчэ адна асаблівасць нашага Цэнтра – тут працуюць спецыялісты, у першую чаргу тыя, якія самі прайшлі праз гэту праблему. А яшчэ нам дапамагае айцец Тадэвуш, які займаецца духоўнай працай. Невыпадкова ж кажуць, што алкагалізм гэта захворванне. Захворванне біялагічнае, псіхічнае, сацыяльнае і духоўнае. І каб вынік быў эфектыўным, працаваць трэба адначасова ва ўсіх чатырох накірунках. Што ў нас і робіцца.

Галоўнае, каб чалавек адчуў сваю запатрабаванасць і раскрыўся. Тут ён трапляе ў асяроддзе людзей, такіх, які ён сам, і ў яго з’яўляецца вера. А гэта самае неабходнае – калі чалавек пачынае верыць у тое, што можа нешта зрабіць.

Сам  тэрмін рэабілітацыі займае ў нас ад аднаго да трох месяцаў. Чалавек знаходзіцца ў нас у поўнай ізаляцыі, за гэты час ён павінен усвядоміць, што ў яго ёсць праблема з алкаголем або наркотыкамі. Бо як у жыцці бывае: усе навокал гавораць, што ў чалавека ёсць праблема, толькі сам алкаголік не ведае, што ў яго гэта праблема ёсць.

Тут у Цэнтры, калі ён знаходзіцца ў асяроддзі такіх людзей, як сам, ён з дапамогай спецыялістаў пачынае ўсведамляць, што з ім адбываецца. І гэта самы важны момант – калі чалавек пачынае разумець, што з ім нешта не так і трэба з гэтым нешта рабіць.

Падрабязную інфармацыю пра працу Цэнтра “Светач” можна атрымаць па тэлефонах: +375 33 345 52 78; +375 29 532 68 66; а таксама напісаць на электронны адрас: svetotch@tut.by 

Паштовы адрас Цэнтра:

Цэнтр “Светач”,
вул. Кірава, 6,
211730 г.п. Бягомль,
Докшыцкі раён,
Віцебская вобласць

Зміцер Лупач, тэкст
Леанід Юрык, відэа

для друку для друку