У Оршы асвечаны новы касцёл

Парафія Беззаганнага Сэрца Найсвяцейшай Панны Марыі ў Оршы 9 чэрвеня адзначыла вялікую ўрачыстасць — кансэкрацыя новага касцёла. Абрад асвячэння здзейснілі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, мітрапаліт Мінска-Магілёўскі і біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч.

Парафія Беззаганнага Сэрца Найсвяцейшай Панны Марыі была заснаваная ў 2007 годзе біскупам Уладзіславам Блінам. Спачатку супольнасць пачала збірацца ў вызначаныя гадзіны ў нядзелю ў касцёле Святога Юзафа. Гэта было ўсяго некалькі чалавек, і на працягу тыдня першыя вернікі новай парафіі маліліся пад елкай. Гэта гістарычнае месца для парафіян. Незалежна ад надвор’я, яны былі тут кожны дзень з ружанцамі ў руках. Спачатку будавалі кожную нядзелю палявы алтар, дзе цэлебравалася Эўхарыстыя. Калі набліжаліся “Дажынкі”, гораду надавалі прыгожы выгляд з нагоды прыезду вялікіх гасцей, ксяндзу Здзіславу Петрашэўскаму ўдалося паставіць гараж. На працягу многіх гадоў змяняліся святары, а людзі чакалі будынку касцёла.

У 2009 годзе ў парафію Беззаганнага Сэрца Марыі быў накіраваны малады святар кс. Валеры Орсік. Ён адразу працягнуў працу мінулых пробашчаў у справе пабудовы «святыні» ў сэрцах вернікаў. А праз тры гады свайго служэння ў парафіі распачынае ўзвядзенне новага цаглянага будынка касцёла. Падмурак закладзены, сцены ўжо напалову ўзведзены і 28 чэрвеня 2014 года біскуп Алег Буткевіч здзяйсняе асвячэнне вуглавога каменя і закладку капсулы. А ўжо праз чатыры гады адбываецца асвячэнне новай святыні.

28 чэрвеня 2014 года

28 чэрвеня 2014 года

На ўрачыстасць у Оршу з’ехаліся святары і вернікі з розных парафій амаль усіх дыяцэзій Беларусі. Цікава, што сам касцёл ад раніцы быў зачынены. Урачыстасць распачалася працэсіяй літургічнай службы і святароў ад капліцы да новай святыні. Прадстаўнікі парафіі ўручылі арцыбіскупу Тадэвушу і біскупу Алегу сімвалічны ключ, пасля чаго іерархі тройчы стукнуўшы ім у дзверы, запрасілі сабраных увайсці ў Божы дом.

Асвячэнне касцёла пачалося малітвай і акрапленнем сцен святой вадой, якое здзейсніў мітрапаліт. Прамаўляючы Божае слова арцыбіскуп Тадэвуш на самым пачатку выказаў шчырую падзяку ўсім тым, хто прычыніўся да пабудовы касцёла: біскупу на пенсіі Уладзіславу Бліну, які своечасова прачытаў знакі часу і заснаваў у горадзе другую парафію ў Оршы, Віцебскаму біскупу Алегу Буткевічу, пробашчу кс. Валерыю Орсіку, на чые плечы лёг увесь цяжар будаўнічых прац, дзяржаўным уладам, праектным арганізацыям, спонсарам, будаўнікам і вернікам.

Пасля казання хор з Магілёва, які ўпрыгожваю сваім спевам урачыстую Літургію, заспяваў Літанію да ўсіх святых. Абрад асвячэння святыні працягнуўся памазаннем алтара і сцен святым алеем. Арцыбіскуп Тадэвуш і біскуп Алег намасцілі алтар і сцены, пазначаючы іх знакам крыжа. Намашчэнне азначае прыналежнасць Богу. Касцёл Беззаганнага Сэрца Найсвяцейшай Панны Марыі ў Оршы з’яўляецца святой будовай і належыць ужо толькі Госпаду.

Затым было запаленае кадзіла і духмяны водар напоўніў касцёл. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі прайшоў праз святыню, акаджваючы яе і прысутных людзей. Дым кадзіла сімвалізуе малітвы вернікаў, якія будуць узносіцца ў новаасвечанай святыні.

Пасля акаджвання арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч перадаў запаленую свечку пробашчу парафіі кс. Валерыю Орсіку, каб запаліць свечкі на сценах касцёла. Святло было запаленае ва ўсім храме.

На заканчэнне малітоўнай часткі ўрачыстасці, словы ўдзячнасці за новую святыню, за яе асвячэнне і супольную малітву прадстаўнікі парафіі, моладзь і дзеці скіравалі іерархам, святарам, якія распачыналі гэтую справу, якія падтрымлівалі сваімі ахвяраваннямі і малітвамі, прадстаўнікам мясцовай улады, ахвярадаўцам, парафіянам і кожнаму, хто прыехаў раздзяліць радасць з аршанцамі ў гэты дзень. Дзякуючы працавітасці, салідарнасці, падтрымцы ўсіх гэтых людзей, будаўніцтва другога касцёла ў Оршы стала магчымым.

Ксёндз Валерый уручыў падзякі прысутным біскупам і святарам тых парафій, вернікі якіх дапамаглі сваімі “цаглінкамі”-ахвяраваннямі ў будове новай святыні.

Затым мітрапаліт зачытаў Дэкрэт асвячэння парафіяльнага касцёла ў гонар Беззаганнага Сэрца НПМ у горадзе Орша, які перад усімі прысутнымі падпісалі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, канцлер Віцебскай дыяцэзіі кс. Віктар Місевіч і пробашч кс. Валерый Орсік.

Працяг святкавання адбыўся на прыкасцельным пляцы разам з музыкамі гурта “Recha”.

Вялікі фотарэпартаж можна паглядзець тут>>

Марына Сінкевіч, тэкст і фота

для друку для друку