Святары засцерагаюць ад удзелу ў «фестывалі фарбаў холі»

holiУ Беларусі, як і амаль ва ўсім свеце, вось ужо не першы год праводзяцца т.зв. «фестывалі фарбаў холі», падчас якіх людзі кідаюцца адзін у аднаго рознакаляровымі фарбамі і весяляцца. Што ж такое «Холі» і які сэнс гэта свята? Ці можа хрысціянін у ім удзельнічаць? На гэтыя пытанні адказваюць рыма-каталіцкі ксёндз Віктар Місевіч і праваслаўны святар Георгій Максімаў.

Холі — гэта індуісцкае паганскае свята. Яно ўстаноўлена ў гонар спалення жыўцом Холікі, ад імя якой і атрымала назву. Згодна з міфалогіяй індуізму, Холіка была дэманам і сястрой караля дэманаў Хіраньякашыпу. Ён патрабаваў ад сваіх падданых, каб яны пакланяліся толькі яму. Аднак яго сын Прахлада працягваў пакланяцца індуісцкаму «богу» Вішну. Хіраньякашыпу быў гэтым вельмі незадаволены. Аднойчы Холіка ўзяла пляменніка да сябе на калені і села з ім у вогнішча. На ёй быў магічны плашч, які бараніў яе ад агню. А свайго пляменніка яна такім чынам хацела забіць. Аднак плашч зляцеў з яе і накрыў Прахладу, а Холіка згарэла жыўцом.

208337.p

З часам попел сталі размалёўваць або замяняць парашком розных колераў, што робяць і да сённяшняга дня. У гэты дзень таксама ўжываюцца спецыяльныя напоі і стравы, у склад якіх уваходзіць сок альбо лісце каноплі. Падчас свята ў Індыі штогод расце колькасць пацярпелых ад рознакаляровага пылу. У большасці выпадкаў гэта астма, алергія, праблемы са скурай і нават страта зроку. Натуральныя фарбы для гэтага дзейства нават у Індыі выкарыстоўваюцца рэдка — у ход ідуць розныя хімічныя сумесі. Але нават пры выкарыстанні гіпаалергенных фарбаў застаюцца неабароненымі вочы.

Ёсць звесткі, што прасоўваннем Холі ў свеце займаюцца крышнаіты і іншыя секты неаіндуісцкага толку, якія хаваюцца за назвамі тыпу «Таварыства аматараў індыйскай/ведычнай культуры» і гэтак далей. Канчатковая мэта аднаўлення Холі — вярбоўка членаў у сваю неаіндуісцкую рэлігійную арганізацыю.

Каментарый кс. Віктара Місевіча:

Свята фарбаў Холі, якое рэкламуецца сёння ў СМІ, мае паганскае паходжанне. Яно папулярнае ў Індыі і святкуецца ў гонар спалення жыўцом Холікі – дэманіцы з індуісцкай міфалогіі. Адказваючы на пытанне, ці можа католік прымаць удзел у гэтым свяце, трэба сказаць, што ён не павінен гэтага рабіць.

Першая запаведзь Дэкалогу кажа: “Не май іншых багоў апрача мяне”. Зразумела, што такое шумнае відовішча, як абсыпанне адзін аднаго фарбамі, вельмі прыцягвае моладзь, асабліва калі яно спалучана з гучнай музыкай, вясёлай кампаніяй і магчымасцю пахваліцца ўдалым сэлфі. Аднак, як святар, я хацеў бы асцерагчы моладзь ад прымання ўдзелу ў свяце Холі. Гэта не проста забава кшталту ўсімі любімай гульні ў снежкі. Абсыпанне сябе ўзаемна фарбамі Холі сімвалізуе памазанне попелам з вогнішча, на якім была спаленая дэманіца Холіка. Гэта ўдзел у паганскім кульце. Вернік, які клапоціцца пра стан сваёй душы і глыбіню веры, павінен старацца жыць сакрамантамі, малітвай і Божым словам. Тады ніякія спакусы і прапановы злога духа яму не будуць страшнымі.

Адказ а. Георгія Максімава:

— Хрысціянін не можа ўдзельнічаць. Гэта цяжкі грэх, які з’яўляецца здрадай Бога. Яшчэ ў Старым Запавеце было апісана, як грашылі ізраільцяне, якія перанялі паганскае свята ў гонар «багіні неба». Бог праз прарока Ерамію кажа: «Дзеці збіраюць дровы, а бацькі разводзяць агонь, і жанчыны месяць цеста, каб рабіць піражкі багіні неба… Але ці Мяне засмучаюць яны? кажа Гасподзь; ці не саміх сябе на сорам сабе?» (Іер. 7:18-19). Гэтым грахом ізраільцяне наклікалі бяду на свой народ, былі пераможаны і сагнаныя ў вавілонскае рабства.

Нядзіўна, што многія пакутнікі ранняга хрысціянства аддалі сваё жыццё за права не ўдзельнічаць у паганскіх святах. Падобнымі гісторыямі поўная ўся гісторыя першых стагоддзяў хрысціянства. Напрыклад, святы Архіп з ліку 70 апосталаў быў разам з бацькамі зверскі паколаты нажамі і пабіты камянямі ў Калоссах падчас кіравання імператара Нерона за тое, што адмовіўся ўдзельнічаць у паганскім свяце. Пры імператару Максіміну быў забіты святы Афінаген, біскуп Підахфаі, разам з дзесяццю сваімі вучнямі. Аднойчы ў яго родны горад Севасцію прыбыў правіцель Філамарх, які вырашыў зладзіць паганскае свята. Большасць жыхароў горада былі хрысціянамі і адмовіліся ўдзельнічаць у гэтым свяце. Філамарх стаў катаваць хрысціян, прымушаючы падпарадкавацца, а калі даведаўся, што іх натхняльнікам з’яўляецца біскуп Афінаген, забіў святога разам з дзесяццю яго вучнямі.

Так што калі вы хрысціянін, задумайцеся: ці варта здзяйсняць грэх і здраджаць сваёй веры проста дзеля таго, каб выпацкацца рознакаляровым брудам?

для друку для друку