Што такое “святатацтва”?

268228_102925996470681_1907956_n“Растлумачце, калі ласка, што такое “святатацтва”?” Алена

На пытанне адказвае а. Аркадзь Куляха OCD:

– Святатацтва – маральна дрэнны чын, які, здзейснены свядома і добраахвотна, становіцца цяжкім грахом супраць першай запаведзі. Згодна з навучаннем Касцёла, святатацтва – гэта прафанацыя або нягодныя адноcіны да сакрамантаў і іншых літургічных дзеянняў, а таксама да асобаў, рэчаў і месцаў, прысвечаных Богу (пар. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, 2120).

Прафанацыя і нягодныя адносіны да сакрамантаў

Прыняцце сакрамантаў без веры, без жадання сустрэчы з Богам, а таксама без выканання неабходных умоваў ёсць святатацтвам. Варта тут прыгадаць, што для прыняцця большасці сакрамантаў (канфірмацыя, Найсвяцейшы Сакрамант, святарства і сужэнства) патрэбна быць у стане асвячальнай ласкі. Акрамя таго, прыняцце сакрамантаў без належнай павагі і адносін любові, напрыклад, дзеля меркавання людзей або звычаю (каб кепска не падумалі) ці дзеля насмешкі – гэта таксама святатацкія чыны. Частка сакрамантаў прымаецца адзін раз у жыцці, і вернікі рыхтуюцца да іх належным чынам.

Ёсць, аднак, два сакраманты – Споведзь і Святая Камунія, – якія прымаюцца часта.

Сакрамант паяднання і пакаяння можа быць прафанаваны праз запісванне і публікацыю зместу споведзі, выяўленне верніка і яго грахоў, за што асоба, якая гэта здзяйсняе, трапляе ў экскамуніку (пар. Кодэкс Кананічнага Права, кан. 967, 1388). Святатацтвам ёсць затойванне на споведзі цяжкіх грахоў, высмейванне споведзі, насмешкі са спаведніка, а таксама прыняцце гэтага сакраманту без веры і не дзеля любові Божай, але як было сказана вышэй.

Найцяжэйшым святатацкім чынам ёсць прафанацыя Найсвяцейшага Сакраманту, г. зн. зневажанне, выкраданне, знішчэнне або апаганьванне Цела і Крыві нашага Пана Езуса Хрыста, прысутнага ў святых постацях. Касцёл вучыць, што той, хто пакідае або забірае ці захоўвае кансэкраваныя постаці дзеля святатацкіх мэтаў, падлягае найвышэйшаму пакаранню – экскамуніцы (пар. Кодэкс Кананічнага Права, кан. 1367).

Чыны, пералічаныя вышэй, дзякуй Богу, рэдкія. Часцей святатацтва адносна Найсвяцейшага Сакраманту здараецца, калі хтосьці без належнай пашаны і веры прыступае да стала Пана. Ужо св. Павел перасцерагаў: “Хто есць і п’е, не зважаючы на Цела [Пана], той есць і п’е на сваё асуджэнне” (1 Кар 11, 29). Такім святатацтвам ёсць, напрыклад, прыняцце Святой Камуніі ў стане цяжкага граху, без паяднання з Богам і Касцёлам у сакраманце споведзі. У адносінах да Найсвяцейшага Сакраманту святатацтвам з’яўляецца таксама прыняцце Святой Камуніі часцей чым два разы на працягу дня. Пры гэтым трэба памятаць, што Касцёл дазваляе прыняць Святую Камунію другі раз на пряцягу дня толькі пры ўмове поўнага ўдзелу ў Святой Імшы (пар. Кодэкс Кананічнага Права, кан. 917).

Прафанацыя сакраманталіяў і прадметаў культу

Сакраманталіі – гэта святыя знакі, такія, як асвячэнне, блаславенне вады, медалікаў, шкаплераў і інш. Яны, падобна да сакрамантаў, паказваюць перадусім на духоўныя даброты, якія вернікі атрымліваюць дзякуючы заступніцтву Касцёла, падрыхтоўваюць да прыняцця сакрамантаў і асвячаюць розныя падзеі і акалічнасці жыцця (пар. 1668-1671). Нягодныя адносіны да сакраманталіяў, насмешкі з іх, выкарыстанне не згодна з мэтай бласлаўлення ёсць святатацтвам. Трэба быць вельмі ўважлівым пры карыстанні асвячонымі матэрыяльнымі рэчамі, такімі, як вада, алей, соль, крэйда, кадзіла, свечкі ды іншыя. Яны не могуць выкарыстоўвацца як неасвечаныя або як нешта з магічнай сілай, падобна да забабонаў.

Крыж як знак перамогі Хрыста над смерцю, Святое Пісанне, а таксама асвечаныя выявы Найсвяцейшай Панны Марыі і святых, такія прадметы рэлігійнага культу, як ружанцы, медалікі, шкаплеры і іншыя патрабуюць па сваёй сутнасці асаблівай пашаны. Іх нельга выкінуць у сметніцу або выкарыстаць не ў адпаведнасці з верай. Калі такія асвечаныя рэчы падлягаюць знішчэнню, іх пераважна або спальваюць або закопваюць у зямлю. Ёсць бласлаўленні рэчаў, якія не прызначаюць іх выключна да Божага культу, напрыклад, асвячэнне школы, пякарні ці завода. Такія бласлаўленні выпрошваюць Божыя ласкі тым, хто якім-небудзь чынам з імі звязаны.

Святатацтва адносна месцаў і асобаў, прысвечаных Богу

Асаблівымі месцамі, прысвечанымі Богу, з’яўляюцца касцёлы, капліцы, прыдарожныя каплічкі. Хоць асвечаныя могілкі не выступаюць непасрэдна такімі месцамі, але ім таксама належыць пашана. Нягодныя паводзіны ў гэтых месцах, непатрэбныя размовы, выкарыстанне іх дзеля нерэлігійных мэтаў, а таксама неадпаведнае адзенне, адсутнасць павагі да Бога – усё гэта святатацтва. Будынак касцёла – гэта не толькі месца культу, але дом Божы, у якім сам наш Збаўца Езус Хрыстус прысутны ў Найсвяцейшым Сакраманце ў табэрнакулюме. Уваходзячы ў святыню, католікі, якім дазваляе стан здароўя, укленчваюць, каб праславіць праўдзівае Цела і Кроў Пана нашага Езуса Хрыста. Cвятатацтвам з’яўляецца наўмысная перашкода святару і вернікам падчас Святой Імшы, набажэнства або малітвы, а таксама крадзеж у касцёле, свядомае пашкоджэнне ці знішчэнне алтара, манстранцыі, абразоў, келіхаў і іншых касцельных рэчаў.

Асобы, прысвечаныя Богу ці то ў сакраманце святарства, ці праз манаскія шлюбы, заслугоўваюць пашаны дзеля Бога, якому прысвяціліся. Святатацкім чынам адносна гэтых асобаў ёсць прычыненне фізічнай шкоды, здзек, высмейванне іх менавіта таму, што яны аддаліся Богу. Святатацтвам трэба лічыць таксама чыны супраць святарскага цэлібату і манаскай чыстасці.

Прабачэнне святатацкага граху

Святы Тамаш Аквінскі тлумачыць, што грэх святатацтва звязаны з асобай або рэчамі, якім належыць пашана па прычыне іх адносін да Бога і да святасці. Святатацтва тым большае, чым большай святасці датычыць (пар. Thomas Aq., STh II-II, q. 99). Падобна да кожнага граху, святатацтва як свядомы і добраахвотны чын ёсць вынікам паслаблення веры ў прысутнасць Бога ў святых месцах, асобах, рэчах ці абрадах, а таксама наступствамі эгаізму або іншых грахоў. Езус сказаў св. Фаўстыне Кавальскай: “Няхай не баіцца наблізіцца да Мяне ніводная душа, нават калі б яе грахі былі, як пурпур. Мая міласэрнасць такая вялікая, што на працягу ўсёй вечнасці не спасцігне яе ніякі розум – ані чалавечы, ані анёльскі” (Дзённік, 699). Шчырае вызнанне граху святатацтва на споведзі вядзе да паяднання з Богам і Касцёлам.

для друку для друку