Пролайф-выстава ідзе па Віцебшчыне

plakatНа тэрыторыі Віцебскай каталіцкай дыяцэзіі пачала дзейнічаць перасоўная выстава ў абарону жыцця і сям’і: «Ёсць два шляхі: шлях жыцця і шлях смерці».

Цэнтральны стэнд выставы, як камень на скрыжаванні, заклікае задумацца пра выбар свайго шляху, пра наступствы рашэнняў, што прымаюцца ў самых галоўных пытаннях быцця: жыцця і смерці.

Выстава складаецца з 20 рол-стэндаў і суправаджаецца мультымедыйнымі прэзентацыямі. У ёй прадстаўлены дэмаграфічныя праблемы сучаснага свету, трагедыя адмовы ад нараджэння дзяцей, шкода кантрацэпцыі і абортаў для духоўнага і фізічнага здароўя мужа і жонкі, акрамя таго, яна арыентуе слухачоў на цнатлівасць, натуральнае і гарманічнае сужэнства, заснаванае на любові і ўзаемапавазе.

Выстава з’яўляецца вынікам пяцігадовай працы супрацоўнікаў і валанцёраў дабрачыннага фонду «Адкрытыя сэрцы». Яна  заснавана на вопыце правядзення лекцый на тэмы абароны жыцця і сям’і ў розных аўдыторыях у 2007-2014 гадах. Афіцыйнае адкрыццё выставы адбылося 24 кастрычніка 2014 года ў Віцебску ў рамках канферэнцыі «Перспектывы беларускага руху ў абарону жыцця».

pro-life7

У першую чаргу выстава прызначана для моладзі 15-25 гадоў, бо менавіта ў гэтым узросце, як правіла, адбываецца выбар напрамку жыццёвага шляху, закладваюцца асноўныя маральныя арыенціры і здзяйсняюцца першыя непапраўныя памылкі. Аднак не менш цікавыя факты, прадстаўленыя на рол-стэндах выставы, будуць і для прадстаўнікоў больш старэйшых пакаленняў: ніколі не бывае позна задумацца над тым, што адбываецца вакол і змяніць сваё жыццё.

Выстава ўжо пачала свой шлях, пазнаёміцца ​​з ёй магла моладзь на сустрэчы ў Оршы, парафіяне парафіі Св. Айца Піо, а таксама парафіяне віцебскіх касцёлаў Святога Духа і Езуса Міласэрнага.

Далей выстава будзе падарожнічаць па ўсёй Віцебскай вобласці і за яе межамі. Спадзяемся, што яна прынясе добры плён.

Наталля Пузанава

для друку для друку