Падзея адбылася ў нядзелю, 29 верасня, калі Касцёл адзначае ўрачыстасць святога Міхала Арханёла. Менавіта такі тытул мае Варапаеўская парафія. Дарэчы, гэты святы лічыцца таксама і нябесным заступнікам Беларусі.
Святая Імша распачалася а 10 гадзіне. На яе прыбылі кс. Павел Самсонаў, дэкан Пастаўскі, кс. Ян Пугачоў, дэкан Шаркаўшчынскі, кс. Эдуард Сінкевіч SCJ, вікарый з Паставаў, кс. Валерый Марціноўскі, які нядаўна скончыў вучобу ў Польшчы і абараніў доктарскую працу, вернікі з Паставаў, Глыбокага, Лынтупаў, Мінска. Сваім спевам богаслужэнне ўпрыгожыў хор Ave Maria з Глыбокага.
Напачатку Імшы ўсіх святароў і вернікаў прывітаў пробашч парафіі кс. Ежы Вільк SCJ. Ён адзначыў, што фэст – гэта тое, што мы перажываем у сваім сэрцы. Галоўным у гэты дзень з’яўляецца ўдзел у святой Імшы, споведзь, паяднанне з жывым Езусам у Камуніі. Усё астатняе, што звязана з фэстам, таксама важна, але не з’яўляецца самым галоўным.
Кс. Ежы папрасіў кс. Валерыя Марціноўскага аб цэлебрацыі гэтай святой Імшы. Ксёндз Валерый прамовіў таксама і слова да вернікаў.
У ім ён звярнуў увагу на выраз, звязаны з іменем Міхала Арханёла: Хто, як не Бог. Гэтыя ж словы змешчаныя не толькі на галоўным алтары, але і перад уваходам у святыню.
Святар адзначыў, што калі Бог з намі, то хто супраць нас. Свет мяняецца, змяняюцца пакаленні, а Бог той самы. І ён нас па ранейшаму любіць. А чалавек таксама не можа існаваць без любові. Нам яна патрэбна, як паветра. Мы хочам любіць і хочам, каб нас любілі. Таму галоўным падмуркам нашага жыцця павінна быць любоў да Бога і бліжняга.
Мы часта адкладаем сваё навяртанне на заўтра, на панядзелак, – падкрэсліў кс. Валерый, – а пачынаць трэба ўжо сёння, ужо зараз:
– Бо заўтра чалавек мае такія самыя клопаты. І калі сёння ты не пранікся любоўю, калі сёння не стаяў перад Богам на каленях, калі яго не шукаў, то і заўтра не станеш гэтага рабіць. Калі мы губляем боязнь Бога, а гэта дар Духа Святога, то тады пачынаем усяго баяцца і верыць у розныя забабоны.
Таму трэба верыць Богу, маліцца Яму, давяраць Яму, і калі з намі Бог, то мы непераможныя.
Пасля гаміліі адбылася працэсія з дарамі. Святарам паднеслі кветкі як сімвал прыгажосці зямлі, дары сёлеіняга ўраджаю, а таксама хлеб, віно і ваду, якія выкарыстоўваюцца пра Эўхарыстыі. Потым усе разам прачыталі малітву да святога Міхала Арханёла, як знак таго, што мы ўсе прыносім сябе ў ахвяру Богу праз заступніцтва гэтага святога.
Пасля таго, як вернікі прынялі святую Камунію, да ўсіх са словамі падзякі звярнуўся пробашч парафіі. Кс. Ежы адзначыў, што толькі ў касцёле мы знаходзім надзею, веру і любоў. Ён падзякаваў святарам, парафіянам і гасцям за прысутнасць на гэтай урачыстасці.
Далей вернікі памаліліся Літаніяй да святога Міхала Арханёла, пасля чаго адбылася працэсія вакол святыні. Дарэчы, падчас працэсіі з неба перастаў падаць дождж, які ішоў у гэты дзень. Як толькі працэсія закончылася, зноў распачалася асенняя непагадзь.
Пасля бласлаўлення хор выканаў гімн “Магутны Божа”.
Але сама ўрачыстасць гэтым не скончылася. Вернікаў чакаў яшчэ канцэрт, які падрыхтаваў хор Ave Maria і яго кіраўнік Ганна Шакола. Трэба адзначыць, што Варапаеўская парафія не з’яўляецца для спадарыні Ганны чужой, яна тут нарадзілася, тут жылі яе бацькі, якія дапамагалі ў будаўніцтве варапаеўскай святыні.
Хор выканаў песні, якія былі напісаныя на словы мясцовых паэтаў. Музыку да іх напісала Ганна Шакола. Мяркуючы па бурных апладысментах, выступ хору вельмі спадабаўся вернікам.
Зміцер Лупач, тэкст
Леанід Юрык, фота