Грэка-католікі ўшанавалі памяць полацкіх пакутнікаў

piligrymka_polack18

З гэтай нагоды адбылася пешая пілігрымка з Віцебску ў Полацк.

Яна пачалася ад месца, дзе загінуў святы Язафат Кунцэвіч, і закончылася каля сцен Сафійскага сабора, дзе за веру світа рускага цара Пятра І забіла пяць манахаў.

Як распавёў нам удзельнік пілігрымкі Арцём Калугін з Віцебску:

Гэта ўжо 21-ая пілігрымка, мы ідзём тут з Віцебску да полацкай Сафіі, узгадваючы і мучаніцкую смерць Язафата Кунцэвіча і пяці полацкіх пакутнікаў, якія былі забітыя царскім акружэннем. Сам настаяцель наогул быў забіты асабіста Пятром І.

Па словах Арцёма, з Віцебску выйшла 46 пілігрымаў, зараз жа іх каля сотні. Мы сустрэлі пілігрымку перад Полацкам, калі яны спыніліся на малебен каля крыжа ў Струнне. Гэты крыж усталяваны на месцы, дзе некалі размяшчалася летняя рэзідэнцыя полацкага арцыбіскупа. Пра гэта нам распавёў краязнаўца Міхась Баўтовіч:

Гэта была летняя рэзідэнцыя арцыбіскупаў полацкіх, а з таго часу, калі Кіеў увайшоў у склад Расіі, тут была і рэзідэнцыя грэка-каталіцкага мітрапаліта. Калі ж полацкая Сафія была разбураная падчас выбуху парахавога склада, Струнна некалькі дзясяткаў гадоў выконвала ролю асноўнай рэзідэнцыі.

Зараз на гэтым месцы ўжо нічога не засталося, стаіць толькі крыж, які ўсталявалі неабыякавыя вернікі. А некалі па гэтай сцежцы хадзілі і ездзілі святары, пілігрымы, дзяржаўныя людзі.

piligrymka_polack05

Мы гутарым з удзельніцай пілігрымкі Ірынай Губскай:

Гэта ўжо ў мяне 24-ы дзень у дарозе, я адразу пасля пілігрымкі Брэст–Будслаў пайшла сюды. Нічога мяне не прымушае, ёсць такі покліч сэрца – ісці, быць сведкам Хрыста. Гэта магчымасць сустрэцца з сябрамі, сустрэцца з Богам, з сабой – тое, што немагчыма знайсці ў штодзённым жыцці.

Спадарыня Ірына з’яўляецца верніцай-рыма-каталічкай. У пілігрымку яна пайшла, каб падтрымаць сяброў па веры. Яна лічыць, што ў Беларусі шмат працы для хрысціян розных канфесій і дзяліцца тут не варта:

У Беларусі ўвогуле хрысціянства варта адраджаць. Я думаю, тут для кожнай царквы хопіць поля дзейнасці. Як кажуць, працаўнікоў мала, а праца вялікая. Галоўнае, каб было жаданне працаваць, каб былі сілы для гэтага. Мы праходзілі па вёсках з Віцебску да Полацку, і для мяне, як ураджэнкі заходняй Беларусі, гэта проста вымерлая зямля. Людзі тут ёсць, але іх мала, і яны пілігрымаў не ўспрымаюць ніяк, абсалютна ніяк.

Наступны прыпынак пілігрымы робяць каля стараабрадскай паморскай царквы ў Полацку. Яе настаяцель Пётр Арлоў, высокі, з сівой барадой, сапраўдны памор, радасна сустракае пілігрымаў. Ён запрашае іх на гарбату ў трапезны храм. Айцу Пятру ўжо за восемдзесят, але калі назіраеш за тым, як ён імкліва завіхаецца каля гасцей, ні за што не верыш у яго ўзрост. З карэспандэнтамі ён размаўляць адмаўляецца, таму пра яго гаворыць настаяцель грэка-каталіцкай царквы святой Параскевы айцец Аляксандр Шаўцоў:

На пачатку гэту пілігрымку настаяцель гэтай царквы запрашаў  толькі побач з царквою, адпачыць, папіць вады, што таксама знак адзінства і брацтва з боку стараабрадскай царквы , потым стаў запускаць нас на падворак царквы, а зараз увогуле мы цешымся з таго, што нас пускаюць у трапезны храм, а гэта для старавераў месца вельмі значнае.

piligrymka_polack12

Па словах айца Аляксандра, Пётр Арлоў – адзіны, хто прымае ў сваёй царкве грэка-каталіцкіх пілігрымаў. Каля сцен гэтай царквы мы гутарым з Кацярынай з Полацку, якая ідзе ў пілігрымцы першы раз:

Я пайшла ў пілігрымку першы раз. Нарэшце збылася мая мара, бо раней не атрымлівалася, то вучоба, то праца перашкаджала. Гэта вельмі класна, гэта самы лепшы адпачынак, як мне здаецца. І адпачыла, і натхнілася, і новыя знаёмствы з’явіліся.

Далей пілігрымка ідзе па Полацку да сцен старажытнай Сафіі. Там пад сценамі храма адбываецца кароткі малебен у памяць полацкіх пакутнікаў.

 Пра свае ўражанні кажа віцяблянін Барыс Хамайда:

Я ўжо ў трэці раз іду, першы раз у 2013 годзе, другі раз – у 2014 годзе, і вось сёлета ўжо іду ў трэці раз. Я калі іду гэтыя кіламетры, сто ці болей, я іду амаль моўчкі, у мяне ў галаве вечнасць, я ні аб чым не думаю, я адпачываю. Гэты час, калі я іду, гэта для мяне найлепшы адпачынак. Мне нікуды не хочацца ехаць адпачываць, і я цэлы год чакаю гэту пілігрымку. І ў наступным годзе таксама пайду. Пакуль ногі носяць, буду хадзіць.

Тут жа мы сустрэлі і ветэрана пілігрымак спадарыню Людмілу Пятровіч:

Ініцыятарам гэтых пілігрымак быў святар Валер Алексейчук, зараз ён уладыка Бенедыкт, дапаможны біскуп львоўскі. Менавіта па яго ініцыятыве мы пачалі хадзіць, каб ушанаваць памяць пяці полацкіх пакутнікаў. Першая пілігрымка налічвала каля дваццаці чалавек, былі гады, калі было і больш за сто вернікаў. За гэты час на нашым шляху паўсталі касцёлы, у Шуміліне, у Обалі, з’явіліся свае святары, дыяканы…  У нас у Віцебску напачатку было толькі некалькі вернікаў, а зараз ужо фактычна дзве парафіі.

Спадарыня Людміла выказвае падзяку святарам з Украіны, якія ў свой час дапамаглі адрадзіць у Беларусі грэка-каталіцкую царкву.

Святар з Украіны айцец Сцяпан, які служыць у грэка-каталіцкай семінарыі, і які прыехаў сюды з двума сваімі студэнтамі, каб яны змаглі пабачыць як жыве грэка-каталіцкая царква ў суседняй дзяржаве:

Паколькі мы суседзі, мы павінны дапамагаць адзін аднаму, і на маю думку ўкраінская царква павінна дзяліцца тымі дарамі, якія яна мае, са сваёй сястрой – беларускай царквой. Ад гэтага мы ўсе толькі выйграем: і мы, і беларусы.

Ад Сафіі пілігрымка ідзе да грэка-каталіцкага храма на ўскраіне Полацку, дзе і адбываюцца асноўныя мерапрыемствы. Спачатку вечарам прайшла служба, у якой удзельнічалі пілігрымы. А ўжо назаўтра вернікі святкавалі ўрачыстасць святых Барыса і Глеба. На святкаванне прыехаў і архімандрыт Сяргей Гаек.

piligrymka_polack87

Па заканчэнні службы мы гутарым з вернікам грэка-каталіцкай царквы Віктарам Стукавым, які прызнаецца, што да веры прыйшоў праз сваіх дзяцей:

Цяжка было прыйсці, мы ж савецкія людзі, нас так выхоўвалі, што царква гэта нешта з іншай планеты. Калі пры царкве стварылася нядзельная школа, я спачатку аддаў туды сваіх дзяцей. Калі яны прайшлі катэхізацыю, яны сталі задаваць пытанні: а чаму, вы, бацькі, не ходзіце ў царкву. Мы толькі і чакалі гэтага пытання, і адразу пайшлі. Так што мы праз нашых дзетак прыйшлі ў царкву.

Мы спыталі ў айца Змітра з Мінску, ці мае будучыню грэка-каталіцкая царква ў Беларусі:

Перспектыва заўсёды ёсць. Калі ёсць жаданне людзей, ёсць Божая воля, то будзе і перспектыва. Паколькі царква да гэтага часу існуе нягледзячы на розныя цяжкасці. Калі пачыналася адраджэнне царквы быў адзін святар стары, хворы і яшчэ адзін, які перайшоў з рыма-каталіцтва, і гэта была ўся царква. І калі айцец Аляксандр Надсан прыехаў у Беларусь, то ўсё, што ён меў, гэта тых двух святароў. А сёння ёсць 15 парафій зарэгістраваных, яшчэ столькі, якія праходзяць гэты працэс. Вернікаў яшчэ не тысячы, але ўжо сотні ёсць, нараджаюцца дзеці, значыць, царква прабівае сабе шлях у гэтым свеце і ў гэтай краіне.

Што ж, будзем спадзявацца, што ў грэка-каталікоў Беларусі будзе ўсё добра. А вернікаў на заканчэнне свята чакаў смачны абед і канцэрт.

Зміцер Лупач, тэкст
Зміцер Лупач, Леанід Юрык, фота

для друку для друку