Біскуп Юрый Касабуцкі ўзначаліў малітву за сем’і нашай краіны ў Росіцы

18 мая Росіца зноў вітала сваіх пілігрымаў, якія прыехалі сюды цэлымі сем’ямі, каб разам з дзецьмі правесці гэты сонечны дзень, а некаторыя сужэнцы вырашылі прысвяціць гэты час выключна адно аднаму.

Малітва ў росіцкай святыні распачалася выстаўленнем Найсвяцейшага Сакраманту і адарацыяй. Ружанец з разважаннямі на тэму сям’і і маёвае набажэнства аб’ядналі ўсе праблемы і жыццёвыя сітуацыі сучаснай ячэйкі грамадства. У гэты час шматлікія пілігрымы мелі магчымасць ачысціць сваё сэрца  і сумленне праз сакрамант пакаяння ў канфесіянале.

Канферэнцыю на тэму сям’і правёў кс. Аляксандр Дулінец з Расонаў. Святар паразважаў над такім аспектам, як адносіны чалавека з чалавекам. Шмат прыкладаў жыццёвых было прыведзены, каб яшчэ лепш зразумець “адносіны” ў сям’і. Таксама была агучана статыстыка, што ў Беларусі на два шлюбы адзін развод. І, на жаль, на першым месцы Віцебская вобласць. “Адносіны нас ствараюць, бо без іх мы паміраем. Мы жывём, калі цябе хтосьці кахае да канца і ведае цябе да канца”, — падкрэсліў святар.

У гэты час для самых маленькіх пілігрымаў была свая праграма, дзе разам з с. Ліліяй Дарожка SJE дзеці бавілі час.

Святую Імшу ў інтэнцыі ўсіх сем’яў канцэлебраваў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўская архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі разам з прысутнымі святарамі. Іерарх на пачатку павіншаваў айцоў марыянаў, якія адзначаюць дзень свайго заснавальніка св. Станіслава Папчынскага.

“Прыгожы месяц май, прысвечаны Маці Божай, кветкі цвітуць, птушкі спяваюць і мы з вамі збіраемся ў Росіцы, праслаўляем Пана Бога за дар жыцця, за дар веры, за прыгажосць, яку Бог нам пакінуў на гэтым свеце. Збіраемся, каб маліцца за нашы сем’і, каб яны былі моцныя ласкай Божай, моцныя Духам Святым. Просім Бога і бласлаўлёных пакутнікаў аб мужнасці ў штодзённым жыцці, любові, перамозе над цяжкасцямі”, — словы прывітання скіраваў пробашч парафіі ў Росіцы айцец Чэслаў Курэчка МІС.

Біскуп Юрый Касабуцкі распачаў гамілію ад сваіх уражанняў ад Росіцы, бо ўпершыню наведаў гэтае месца, хоць і не раз чуў і чытаў гісторыю. “Росіца – гэта асаблівае месца для нашай краіны. Яна адлюстроўвае росквіт веры  нашага краю. Святыня перажывала час малітвы, потым становіцца свецкім домам, затым сцены перажываюць вайну, страх, трагедыю 1943 года, фізічны і псіхалагічны боль людзей. На пачатку святыня была напоўнена панікай, адчаем. Калі там з’явіліся айцы марыяне Юрый і Антоні, якія пачалі звяртацца да людзей, размаўляць з імі, то праз нейкі час у мурах святыні пачалася ціша і супакой. Былі чэргі да споведзі, бо людзі ўспомнілі пра Бога і пусцілі Яго ў свае сэрцы”.

Зараз у вялікіх гарадах вельмі запатрабаваная прафесія – гэта псіхатэрапеўт, псіхолаг. Чаму так? Вельмі вялікая колькасць людзей адчувае сябе адзінокім, незразумелым, няма з кім паразмаўляць, падзяліцца клопатамі. Гэта таму, што ён губляе Бога. Хрыстос заахвочвае нас, каб не былі абыякавамі да іншага чалавека.

Крыніцу кожнай праблемы ў сямейных адносінах трэба шукаць напачатку ў сабе, паспрабаваць направіць сітуацыю. Наша задача – захаваць фундамент, трымацца каранёў і каштоўнасцей хрысціянскай сям’і.

Пасля св. Імшы біскуп Юрый ўдзяліў блаславенне кожнай сям’і асабіста.

Спатканне прадоўжылася ў летняй кавярні “У бусла”, дзе частаваліся славутай грыбной поліўкай ад а. Чэслава.

Вялікі фотарэпартаж можна паглядзець тут>>

Марына Сінкевіч, тэкст
Леанід Юрык, фота

для друку для друку