Біскуп Алег Буткевіч удзяліў сакрамант канфірмацыі ў Мёрах

PC280060Яго Эксцэленцыя біскуп Віцебскі Алег Буткевіч удзяліў сакрамант канфірмацыі 60 вернікам Мёрскай парафіі.

Свята распачалося ўрачыстым уваходам ардынарыя Віцебскай дыяцэзіі ў святыню з удзяленнем пастырскага блаславення. Кандыдаты да прыняцця сакраманту бежмавання сустрэлі біскупа і прыпаднеслі яму хлеб-соль, а таксама сем ружаў, як сімвал сямі дароў Духа Святога. У прывітальным слове моладзь прасіла пастара аб удзяленні ім сакраманту канфірмацыі.

У адказ Яго Эксцэленцыя біскуп Віцебскі Алег Буткевіч звярнуўся да прысутных са словамі ўдзячнасці за дар малітвы, за дар фарматарскай паслугі. Мёрская парафія была адной з першых у яго святарскай біяграфіі, таму яна з’яўляецца як бы “стартавай пляцоўкай”. Біскуп зазначыў, што не толькі святар служыць людзям, людзі таксама з’яўляюцца выхаваўцамі святара.

З асаблівымі словамі ўдзячнасці Яго Эксцэленцыя звярнуўся да ксяндза-пробашча Крыштафа Мянкіны і падзякаваў за час, праведзены пад яго кіраўніцтвам і апекай.

Затым адбылася Святая Імша, якую разам з біскупам канцэлебравалі святары Крыштаф Мянкіна і Валерый Марціноўскі. Сваю гамілію пастыр Віцебскай дыяцэзіі прысвяціў Святой Сям’і. Біскуп Алег правёў паралелі паміж Святой Сям’ёй і сучаснымі сем’ямі. Узгадаў пра цяжкасці, якія выпалі на лёс сям’і з Назарэту, і заахвоціў браць прыклад у паўсядзённым жыцці са Святой Сям’і.

PC280090

Ардынарый зазначыў, што хоць праблема сучаснай сям’і і праблема дэмаграфіі ў многіх выклікае аскоміну, але ніколі не будзе зашмат гаварыць аб гэтым. Сям’я – гэта інстытут грамадства, менавіта ў сям’і адбываецца фармацыя чалавека, таму якімі будуць нашыя сем’і, такім будзе і грамадства.

PC280042

Біскуп Алег узгадаў аб адказнасці ў падыходзе да ставарэння сям’і, пачынаючы з малітвы за будучага сужонка, знаёмства і падрыхтоўкі да сакраманту шлюбу. Яго Эксцэленцыя звярнуў увагу на абавязак бацькоў перад дзецьмі ў выкананні прысягі, якую яны склалі падчас сакраманту шлюбу. Біскуп падкрэсліў, што гэта нелёгкая справа, аднак мы маем доказ і прыклад таго, што гэта магчыма. “Святая Сям’я змагла пераадолець жыццёвыя цяжкасці, таму і мы павінны да гэтага імкнуцца, просячы аб Божай дапамозе і згаджаючыся з Божай воляй. Зразумець Божую волю нам дапамагае Святы Дух. Бог прыйшоў на зямлю, каб дапамагчы, ачысціць, прывесці да вечнага жыцця, таму ўзносьце ўгору сэрцы. Калі мэтай нашага жыцця будзе Божае валадарства, то ўсё іншае мы атрымаем, у гэта толькі трэба паверыць”.

Працягам набажэнства стаў сакрамант канфірмацыі, які распачаўся малітвай аб спасланні Духа Святога. Затым біскуп ў прысутнасці сведкаў удзяліў сакрамант бежмавання кандыдатам. Падчас Святой Імшы моладзь прынесла да алтара дары.

Напрыканцы набажэнства маладыя вернікі падзякавалі ксяндзу-біскупу Алегу за ўдзелены сакрамант канфірмацыі, а таксама пробашчу ксяндзу Крыштафу і вікарыю ксяндзу Вячаславу за дапамогу ў падрыхтоўцы да прыняцця сакраманту хрысціянскай сталасці.

Яго Эксцэленцыя ксёндз-біскуп Алег у сваю чаргу падзякаваў усім прысутным вернікам і святарам за супольную малітву, ксяндзу-пробашчу Крыштафу за гасцінны прыём, а парафіяльнаму хору “Fiat” за цудоўны спеў падчас набажэнства.

PC280188

У другой палове дня ў канцэртнай зале раённай школы мастацтваў адбылося прадстаўленне батлейкі, якое падрыхтавалі дзеці і моладзь. Самадзейныя артысты прадставілі імпрэзу Божага Нараджэння.

Жанна Закрэўская

для друку для друку