Нядзеля Добрага Пастыра, якую мы кожны год адзначаем у велікодны перыяд, нагадвае нам, што наш Пастыр – Езус Хрыстус, а авечка – гэта кожны з нас, адданы і даручаны апецы Пастыра.
Нядзелю Добрага Пастыра мы адзначаем 21 красавіка. Яна распачынае Тыдзень малітваў аб святарскіх і манаскіх пакліканнях.
Езус, Добры Пастыр, жадае клапаціцца аб нас заўсёды, у тым ліку ў цяжкасцях, аддаючы за нас сваё жыццё. Ён робіць гэта таму, што мы ў Яго аўчарні, дзе кожная авечка каштоўная, а ўсю аўчарню злучае адна сувязь – любоў.
На жаль, сённяшнія часы паказваюць, што мы ахвотней ідзём за тымі, хто прапануе нам свет у больш каляровых фарбах, свет без праблем і цяжкасцяў. Часта нам кажуць, што трэба рабіць усё, што толькі нам падабаецца, бо жыццё ж занадта кароткае, каб мучыць сябе рознымі абмежаваннямі. А ў сваю чаргу ўсё гэта вядзе чалавека да расчаравання і страты сэнсу жыцця.
На прыёме ў адным з англійскіх замкаў вядомы тэатральны акцёр чытаў фрагменты твораў Шэкспіра. Пасля кожнага фрагмента гучала бура апладысментаў. У артыста спыталіся, ці захоча ён чытаць творы, аб якіх папросяць гледачы. Ён згадзіўся. Старэйшы, стары святар, спытаў, ці гатовы ён прачытаць псальм 23. Акцёр прыняў прапанову, але паставіў умову: пасля маёй дэкламацыі той жа псальм прамовіць святар.
Майстар слова стаў на узвышэнні і пачаў чытанне. Ён прамаўляў дакладна, звонка, быццам біў мячом па струне. Калі ён скончыў, зала выбухнула доўгімі апладысментамі. Затым устаў святар і дрыжачым голасам пачаў прамаўляць асобныя выразы. Зала агарнулася цішынёй і задуменнасцю, калі ён пачаў гаварыць: “Пан – пастыр мой, ні ў чым не буду мець нястачы. Ён дазваляе спачываць мне на зялёных пашах…”
Калі ён скончыў, ніхто не пляскаў, панавала маўчанне. Праз хвіліну яшчэ раз выступіў акцёр і сказаў: “Сябры мае! Я заваяваў вашы вушы, але мой наступнік завалодаў вашымі сэрцамі. Розніца ў тым, што я ведаю псальм, а ён ведае Пастыра”.
Езус жадае, каб мы зірнулі ў глыбіню свайго сэрца. Распазналі нанова сваё пакліканне. Усвядомілі, для каго яго атрымалі. Каму хочам прысвяціць сваё жыццё. Калі мы хочам рабіць гэта добра, няхай на наша жыццё маюць уплыў не тыя, хто жадае завалодаць нашымі вушамі, а Той, хто жадае нашага сэрца – Езус, Добры Пастыр.
Будзем жа разважліва падыходзіць да таго, што прапануе нам свет, у імя дабра і нашага шчасця, каб у Езусе Хрысце – Добрым Пастыру – мы адкрылі і знайшлі сапраўднае шчасце.
Кс. Юрый Марціновіч, grodnensis.by
