Памяць продкаў. Малітва, а не магія!

1 лістапада ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца Дзень Усіх Святых, а 2 лістапада – Успамін усіх памерлых вернікаў. З памяццю продкаў у мінулым было звязана безліч язычніцкіх вераванняў. Нягледзячы на тое, што час імкліва рухаецца наперад, некаторыя з тых вераванняў людзі, бывае, практыкуюць і сёння.

Нягледзячы на тое, што многія звычаі ўспрымаюцца як даніна памяці, некаторыя дзеянні маюць выразна язычніцкі, магічны характар. Для каталіка такія практыкі не проста “народныя традыцыі”, а забабоны, якія пераходзяць ад веры ў магію да недаверу да Божай волі.

Вера ў тое, што душы “ядуць” ежу, зыходзіць з таго, што душы маюць фізічныя патрэбы, як жывыя людзі. Хрысціянства ж кажа, што душы памерлых не маюць патрэбы ў зямной ежы. Мыццё ў лазні для продкаў, пакіданне вады і веніка для душаў – гэта спроба дагадзіць “прывідам”, якая паходзіць з язычніцкіх вераванняў пра тое, што душы могуць быць небяспечнымі ці патрабаваць пэўных рытуалаў. Магічныя дзеянні з рэчамі, забарона падымаць тое, што ўпала са стала, тлумачылася тым, што гэта могуць быць “дзяды”. Гэта чыстыя забабоны – прыпісванне неадушаўлёным прадметам здольнасці быць духамі. А звычай несці ежу на магілы і пакідаць яе там – гэта перажытак язычніцтва, бо варта звярнуць увагу на духоўнае шанаванне, а не на матэрыяльнае ахвярапрынашэнне.

Шанаванне памяці памерлых – глыбока хрысціянская справа, бо мы верым у жыццё вечнае і адзінства ўсіх вернікаў у Хрысце. Важна адрозніваць сапраўдную памяць ад забабонаў. Касцёл заклікае маліцца за памерлых, запісваць Імшы, рабіць добрыя ўчынкі ў іх інтэнцыі – гэта і ёсць сапраўдная дапамога душам. Народныя ж звычаі, якія прыпісваюць духам патрэбу ў ежы, рытуалах ці “задабрэнні”, не маюць нічога агульнага з верай і з’яўляюцца перажыткам язычніцтва. Таму, аддаючы даніну традыцыі, варта памятаць: нашы продкі патрабуюць у першую чаргу шчырай малітвы.

Марта Венславовіч

для друку для друку