Значны чалавек?

Нездаровая, ненармальная залежнасць — гэта калі маё «я» цалкам знікае ў «я» іншага чалавека, і маё жыццё, якое павінна быць актыўным, становіцца рэактыўным. Гэта значыць, што я сам не вырашаю, што я люблю, чаго я хачу, а ўсе мае дзеянні — гэта адказ, рэакцыя на дзеянні і паводзіны іншага важнага для мяне чалавека, ад якога я станаўлюся залежным.

«Нядобра, каб чалавек быў адзін», — кажа Пан Бог на самым пачатку Кнігі Быцця, перад тым, як стварыць Адаму ў дапамогу Еву. Яго словы значаць, што ад пачатку часоў усе мы залежым адно ад аднаго, дапамагаем адно аднаму, уплываем адно на аднаго. Мы разам жывем і працуем, толькі выконваем розныя функцыі. Нехта ў сям’і зарабляе грошы, нехта прыбірае, нехта гатуе ежу. Нехта пячэ ў пякарні хлеб, нехта вязе яго ў краму, нехта прадае, нехта купляе, і гэтак далей. Гэта нармальная ўзаемная залежнасць людзей. Аднак бывае і нездаровая, ненармальная залежнасць: калі маё «я» цалкам знікае ў «я» іншага чалавека, і маё жыццё, якое павінна быць актыўным, становіцца рэактыўным. Гэта значыць, што я сам не вырашаю, што я люблю, чаго я хачу, а ўсе мае дзеянні — гэта адказ, рэакцыя на дзеянні і паводзіны іншага важнага для мяне чалавека, ад якога я станаўлюся залежным. Рэактыўнае жыццё вядзе да таго, што я і сам сябе страчваю, і псую жыццё таму чалавеку, ад якога я залежны, бо не даю яму развівацца. Ён не становіцца самастойным, няздольны знайсці сваё ўласнае «я».

Маленькае даследаванне

Паспрабуем з вамі правесці маленькае даследаванне, каб праверыць сябе на залежнасць ад іншага чалавека. Гэта будуць 12 пунктаў, насупраць кожнага з якіх вы паставіце «+» або «–», у залежнасці ад таго, ці адпавядае пункт таму, што адбываецца ў вашым жыцці.

1. Галоўнае ў маім жыцці — вырашэнне праблем значнага для мяне чалавека, колькі б мяне гэта ні каштавала. Менавіта так: «колькі б мяне», маіх сіл, магчымасцяў, маёй уласнай асобы. Мы мусім быць уважлівымі да цаны, якую плацім сваім жыццём, бо можна ў рэшце рэшт прывесці да Бога ўвесь свет, акрамя ўласнай душы.

2. Маё добрае самаадчуванне залежыць ад таго, як успрымае мяне значны чалавек. У мяне адразу падае настрой, мне становіцца дрэнна, калі значны чалавек паглядзеў на мяне «не так». І, яшчэ не спытаўшы, што з ім здарылася, я пачынаю адчуваць сваю віну.

3. Я ахоўваю значнага чалавека, каб ён не ўбачыў наступстваў сваіх паводзінаў. Я нікому не дазваляю гаварыць пра яго дрэнна, заўсёды ўсімі сіламі яго абараняю, нават калі ён сапраўды ўчыніў нешта нядобрае.

4. Я ўсімі спосабамі імкнуся схіліць значнага чалавека трымацца маіх парадаў. Я дакладна ведаю, як ён павінен чыніць, каб усё было добра, і буду даваць яму парады, нават калі ён гэтага не просіць.

5. Я не звяртаю ўвагі на ўласныя пачуцці і патрэбы, мяне цікавяць толькі пачуцці і патрэбы значнага чалавека. Я баюся задаць сабе пытанне пра тое, чаго я хачу, што мне неабходна, бо лічу гэта эгаізмам.

6. Я зраблю ўсё, каб значны чалавек мяне не пакінуў.

7. Я зраблю ўсё, каб значны чалавек не гневаўся. Я наогул магу знікнуць, каб толькі ўсё было добра і ён не злаваўся.

8. Ва ўсім, што не атрымліваецца ў нашых адносінах, я вінавачу толькі сябе.

9. Я нашмат лепш адчуваю сябе ў бурных, драматычных, нават трагічных адносінах, чым у звычайных ураўнаважаных. Звычайнае жыццё — гэта ж так нецікава, гэта ж невыносная нуда!

10. Я часта адчуваю, што мною пакарысталіся.

11. Я раблю выгляд, што ўсё ў парадку, што ў мяне няма ніякіх праблем.

12. Няма важнейшай справы, чым барацьба за ўтрыманне значнага чалавека каля сябе.

Калі ў вас атрымалася больш плюсаў, чым мінусаў, значыць вы моцна залежыце ад нейкага вельмі важнага для вас чалавека. І каб сфармаваць межы сваёй асобы, трэба ўсе плюсы гэтага даследавання ператварыць у мінусы, — рабіць наадварот. Ёсць добрая біблійная падказка наконт таго, як вызначыць месца таго ці іншага чалавека або справы ў сваім жыцці. Першае месца — для Бога. На другім месцы — я сам (або сама) разам з маёю жонкаю (або мужам), на трэцім — дзеці, на чацвёртым — бацькі. Далей — усё астатняе. Калі трымацца гэтай біблійнай паслядоўнасці, усе межы будуць акрэсленыя правільна.

Не падмяняць адно другім

Яшчэ адзін важны момант. Здараецца, што месца значнага для нас чалавека займае асоба Хрыста. Гэта вельмі няправільная пазіцыя, бо нельга ставіць Езуса з сабою нароўні. Прачытайце яшчэ раз гэтыя 12 пунктаў, ставячы сябе ў адносінах да Бога. Зразумейце правільна, што я маю на ўвазе. Мы можам хацець цалкам адмовіцца ад сваіх пачуццяў і жаданняў, робячы толькі тое, што хоча Езус. Уявіце сітуацыю: у гасцях нам прапануюць на выбар гарбату або каву, а мы ў думках кажам: «Езу, якая Твая воля ў гэтым?». А Езус адказвае: «Няўжо Я не даў табе адчування смаку? Няўжо Я не даў табе розуму? Няўжо не даў табе магчымасці выбіраць самому?». А мы працягваем пытацца: «Гарбата або кава?». І калі Бог не адказвае, пачынаецца крызіс веры…

Бог стварыў нас з пэўнымі схільнасцямі, здольнасцямі, густамі. І, выбіраючы нешта, трэба сказаць: «Божа, я аддаю Табе гэтую справу, я Твой або Твая, я выбіраю гэты шлях, а Ты, калі ласка, мяне накіроўвай». Трэба даверыць Яму ўсё, што мы робім, а Ён паставіць нас у тыя жыццёвыя ўмовы, праз якія трэба будзе прайсці. А калі мы кажам: «Я нічога не значу, мяне няма, я не ведаю, чаго хачу, і не хачу гэтага ведаць, на гэта ёсць Бог», то з кім Яму гаварыць? Калі мяне няма, да каго Богу звяртацца? Цікава, што святая Кацярына Сіенская пачынала сваю размову з Езусам са словаў: «Божа, я хачу вось гэтага і вось гэтага». Такім чынам, калі мяне, маёй асобы няма, я не чую Хрыста і не ведаю, куды ісці.

Заставацца асобаю

І ў гэтым крызісе я пачынаю шукаць сабе таго, хто мною пакіруе: розных «духоўных настаўнікаў» або каго-небудзь іншага «значнага». Бог мяне стварыў, паставіў мяне на гэтай зямлі — гэта факт. Ён даў мне пэўныя анатамічныя, фізіялагічныя, псіхічныя якасці, пэўны дух — гэта факт. А я заяўляю Богу, што мяне няма. Гэта не тое, чаго Ён хоча! Можна ісці на самаахвярнасць і казаць Богу: «Я зраблю, што Ты скажаш», але гэта зраблю я — асоба.

Паглядзіце на адносіны Хрыста з апосталамі: яны, ідучы за Хрыстом, заставаліся асобамі. А калі залежнасць узнікае ў нашых адносінах з Езусам, гэта ўжо не хрысціянства. Самаахвярнымі могуць быць людзі, у якіх сфармаваныя межы асобы. Напрыканцы яшчэ раз прывяду вам у прыклад святую Кацярыну Сіенскую. Гэта ўрывак яе ліста да маці, якая не магла прыняць яе выбару прысвяціць жыццё Богу, ліста чалавека сталага, са сфармаванымі межамі, да чалавека залежнага: «Усё гэта адбываецца з Вамі таму, што Вы больш любіце тую частку мяне, якую я ўзяла ад Вас, чым тую, якую я ўзяла ад Бога: значыць Вашае цела, якое Вы мне далі. Я моцна жадала бачыць Вас сапраўднай маці не толькі цела, але і душы маёй. Цяпер жа, калі міласцю Божаю я дасягнула сталасці і большага разумення, ведайце, што некаторыя мае рашэнні такія непахісныя, што лягчэй расчуліць камень, чым вырваць іх з майго сэрца. Я павінна больш слухацца Бога, чым чалавека».

ave-maria.by

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі