Зямная вандроўка спачылага ксяндза Міхала Сапеля завяршылася ў Браславе

14 снежня ў Санктуарыі Маці Божай Валадаркі азёраў, роднай парафіі спачылага ксяндза Міхала Сапеля, адбылося жалобнае набажэнства. Разам са Старшынёй Канферэнцыі Каталіцкіх біскупаў Беларусі біскупам Віцебскім Алегам Буткевічам маліліся Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, Генеральны вікарый Віцебскай дыяцэзіі кс. Францішак Кісель, канцлер архідыяцэзіяльнай курыі кс. Дзмітрый Пухальскі і сабраты ў святарстве з розных куткоў Беларусі.

Нагадаем, 10 снежня стала вядома, што на 55-м годзе жыцця адышоў у вечнасць ксёндз Міхал Сапель, першы пробашч адроджанай парафіі Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы ў Мінску, які ў апошні час нёс там служэнне вікарыя. У розны час святар быў душпастырам у парафіях у Ракаве і Заслаўі, дырэктарам ДКТ Caritas Мінск і Беларусь, узначальваў камісію па перакладзе літургічных тэкстаў.

13 снежня адбылося жалобнае набажэнства і святая Імша на Залатой Горцы ў Мінску. Пасля развітання святары вынеслі труну з целам свайго спачылага сабрата са святыні, і жалобны картэж пад развітальны перазвон касцёльных званоў скіраваўся ў Браслаў.

“З вялікай удзячнасцю Богу за дар жыцця, за дар святарскага паклікання і паслугі Божай Міласэрнасці праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі даручаем душу святой памяці ксяндза Міхала Сапеля. 54 гады жыцця і 31 год святарскай паслугі. Маючы 23 гады атрымаў святарскае пасвячэнне, бо ў той час наша зямля патрабавала святароў. Адразу быў скіраваны ў нашу сталіцу. І ўсё сваё святарскае жыццё працаваў для адбудовы Божага Валадарства”, — прамовіў біскуп Алег на пачатку пахавальнай св. Імшы. Іерарх скіраваў словы спачування асабліва маці, якая ахвяравала Богу свайго сына, аддала яго на святарскую паслугу.

 “Сёння мы ўглядаемся ў надпіс на крыжы з датамі нараджэння і смерці. Гэтыя 54 гады, у нашым людскім меркаванні — гэта зусім мала. Але якасць жыцця і колькасць гадоў – гэта дзве розныя рэчы. Калі разважаем пра жыццё кс. Міхала, развітваючыся з ім, то мы ўзгадваем жыццярыс гэтага чалавека, узгадваем яго постаць. Можна сказаць, што гэтыя гады, якія ён пражыў, вельмі багатыя і напоўненыя рознымі падзеямі. Ён стаў перад брамай вечнасці з рукамі, напоўненымі сваімі ўчынкамі. Кс. Міхал нарадзіўся тут, у Браславе, і тут, дзе ўсё пачалося, завяршаецца сёння яго зямная вандроўка”, — біскуп Юрый добра ведаў спачылага і таму распавёў прысутным вернікам пра вельмі насычанае жыццё, пакліканне і служэнне кс. Міхала.

Іерарх заўважыў, што кс. Міхал умеў стварыць такія духоўныя ўмовы, што дзякуючы яго прыкладу, яго малітве, многія людзі ўмелі распазнаць сваё пакліканне да службы Божай і стаць на шлях падрыхтоўкі да святарства і манаскага жыцця. А цяпер многія з іх бралі ўдзел у жалобных цэлебрацыях як у Мінску, так і ў Браславе, і маліліся за свайго настаўніка па жыцці і духоўнага айца.

Біскуп Юрый Касабуцкі перадаў маці, брату і родным спачылага кс. Міхала спачуванні ад Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага Юзафа Станеўскага, арцыбіскупа на пенсіі Тадэвуша Кандрусевіча, біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB з Магілёва, аднакурсніка па Рыжскай духоўнай семінарыі біскупа Віталія Скамароўскага з Украіны. Яшчэ іерарх дадаў, што святары Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі распісалі цэлебрацыю Грыгарыянскай святой Імшы ў інтэнцыі кс. Міхала.

Пасля бласлаўлення адбыліся апошнія малітвы каля труны ў касцёле, затым працэсія накіравалася на мясцовыя могілкі ў Браславе, дзе і быў пахаваны кс. Міхал Сапель.

Марына Сінкевіч, тэкст
Леанід Юрык, фота

для друку для друку