За кожным вуглом у Рыме «назірае» Маці Божая

На вузкіх вулачках цэнтра Рыма пешаход, які паглядзіць уверх, убачыць характэрнае відовішча: «Мадоннэллы» (як іх ласкава называюць па-італьянску) — выявы Панны Марыі, размешчаныя амаль на кожным скрыжаванні. Гэта напамін пра святасць, якая пранізвала гэты горад стагоддзямі.

Выявы Марыі ў Рыме, размешчаныя на скрыжаваннях і на фасадах дамоў, стагоддзямі сочаць за жыхарамі горада. Панна Марыя непрыкметная: гэтыя эдыкулы (міні-каплічкі з выявай святога, або ў старажытнасці бажаства, звычайна размешчаныя паміж калонамі) знаходзяцца даволі высока, таму іх можна ўбачыць толькі тады, калі звернуць на іх асаблівую ўвагу.

Да таго, як гэтая практыка выйшла з ужытку ў дваццатым стагоддзі, рымляне пабожна ўшаноўвалі Марыю. Стагоддзямі яны запальвалі свечкі каля выяваў, ускладалі букеты кветак і прыносілі свае малітоўныя намеры і абяцанні падзякі за атрыманыя ласкі. Яны даглядалі і аднаўлялі сваіх мясцовых Мадоннаў, клапоцячыся пра іх, як пра членаў сям’і.

Засталося 500 Мадоннаў

Гэтыя выявы, цяпер практычна забытыя, зліваюцца са старажытнымі камянямі Вечнага горада. Раней яны таксама выконвалі важную грамадскую функцыю, бо ў часы, калі ў горадзе не хапала асвятлення, ззянне свечак і лямпаў, запаленых перад выявамі, накіроўвала мінакоў у цемры і пазначала скрыжаванні.

З тысяч вулічных выяў захавалася толькі каля 500, большасць з якіх датуюцца XVII-XIX стагоддзямі. Гэтыя барочныя або неакласічныя творы, выкананыя ў выглядзе мазаік або фрэсак, або выразаныя з мармуру, тэракоты або дрэва, былі створаны як вялікімі майстрамі, так і мясцовымі рамеснікамі.

Найстарэйшая зарэгістраваная рымская Мадонна — гэта «Імаго Понціс». Гэта выява каранацыі Дзевы Марыі і Каралевы Неба і Зямлі датуецца 1523 годам і была распрацавана архітэктарам эпохі Адраджэння Антоніа да Сангала малодшым і мастаком Перынам дэль Вагай, супрацоўнікам Рафаэля.

Гэтыя Мадонны, цяпер пакінутыя на волю стыхіі, працягваюць сачыць за Рымам. Уся Італія ўсыпана капліцамі, нішамі, алтарамі і крыптамі, якія змяшчаюць статуі і выявы Маці Божай. Мы знаходзім іх на вясковых дарогах, на звілістых вуліцах маленькіх гарадоў і ўздоўж самых аддаленых і стромкіх горных сцежках. Гэта сведчыць пра шматлікія малітвы заступніцтве Маці Божай!

pl.aleteia.org
Пераклад Марыны Ткач

для друку для друку