З успамінаў ксяндза Юзафа Дзям’яна. Частка 1 >>
З успамінаў ксяндза Юзафа Дзям’яна. Частка 2 >>
Працягваем публікацыю гістарычнага дакумента – часткі ўспамінаў ксяндза Юзафа Дзям’яна, якая асвятляе яго працу на тэрыторыі сённяшняй Віцебскай дыяцэзіі ў міжваенны перыяд. У час, які апісваецца ва ўспамінах, Заходняя Беларусь уваходзіла ў склад Польшчы. У адпаведнасці з касцельным адміністрацыйна-тэрытарыяльным дзяленнем – гэта Віленская дыяцэзія. Сённяшняя публікацыя не вельмі тыповая, паколькі, хоць і апісвае штодзённасць Параф’янава ў 30-я гг. ХХ ст., аднак асноўная ўвага тут надаецца нешараговаму здарэнню, каторае мела месца ў мястэчку ў 1934 г.
Ксёндз-вікарый у Параф’янаве
Ксёндз-дэкан Тэжык, пробашч у Параф’янаве, быў у вялікім сяброўстве з мясцовым старастам павета ў Глыбокім, які часта наведваў ксяндза-дэкана. У Параф’янава я прыехаў цягніком, і са станцыі прыйшоў на плябанію пешшу, акурат трапіў на абед пасля канферэнцыі сабраных тут усіх ксяндзоў з дэканату. Ледзь я паспеў прадставіцца ксяндзу-дэкану і прывітацца са святарамі, адразу ж увайшоў мясцовы начальнік паліцыі з рамнём на падбародку, гэта значыць службова, і запытаўся ў мяне, ці я – гэта я? І сказаў, што мусіць са мной паразмаўляць прыватна па важнай справе. Гэта зрабіла на дэкана і прысутных шакавальнае ўражанне. Ксяндзы сказалі: ну такога вікарыя ксёндз-дэкан яшчэ не меў. Што гэта за птушка, услед за якой ходзіць паліцыя? Пасля некалькіх хвілінаў размовы са мной кіраўнік паліцыі пайшоў, а я, ужо вельмі засмучаны, з’еў абед.
Такім жа засмучаным я быў і на працягу некалькіх тыдняў, бо паліцыя для расследавання прыходзіла да мяне а першай гадзіне ўночы. На маё пытанне, ці мала маюць часу ўдзень, адказвалі, што такі маюць загад. Што ж, загад мусім выканаць…
У школу на заняткі па рэлігіі я не ездзіў, а ездзіў ксёндз-дэкан, а я быў заняты канцылярскай і душпастырскай працай: шлюбы, хросты, казанні, споведзь – звычайна гэтым займаўся я. Я быў заняты таксама “Акцыяй Каталіцкай” і рознымі сходамі, якія часта адбываліся.
Раптам у Параф’янаве вырашылі паставіць помнік Пілсудскаму, а паколькі на яго сабралі мала грошай, то вырашылі вымураваць памятную дошку з надпісам: “Героям, якія загінулі ў абароне Айчыны”. Арцыбіскуп згадзіўся на асвячэнне дошкі восенню, у нядзелю. У дзень, вызначаны на асвячэнне дошкі, сабралася шмат багацеяў, абшарнікаў, купцоў, афіцэраў з КОП, а таксама чыноўнікаў як з гэтага, так і з суседніх паветаў, усяго каля 150 чалавек, а сам стараста павета не змог прыехаць і адправіў свайго намесніка, які нядаўна прыбыў у павет. Капелан, каторы павінен быў прамаўляць казанне, не прыехаў, таму па загадзе ксяндза-дэкана прамовіў казанне я, за якое мяне нават хвалілі.
Пасля гэтага пасвячэння скіраваліся на ўрачысты абед у мястэчка, дзе ўсё было падрыхтавана ў трох залах у будынку вялікай, новаўзведзенай пажарнай станцыі. У самай вялікай зале за сталом сядзела каля ста чалавек. Падчас абеду намеснік старасты пасля таго, як выпіў два кілішкі, нібы звар’яцеў. Я сядзеў насупраць яго і ўсё бачыў. Ён устаў і пачаў прамаўляць: “Польшча ўлезла на гістарычную арэну, ходзіць па гэтай арэне і не можа з гэтай арэны злезці”. І ўсё паўтараў гэта. Жанчыны ўжо пачалі з гэтага смяяцца. Спынілі такую яго прамову нацыянальным гімнам, які зайграў аркестр. Ледзьве палкавы аркестр сціх, ён ізноў: “Польшча ўлезла на гістарычную арэну і ходзіць, і круціцца па той арэне”. Яго прамову перарваў нейкі маёр, які ўзлез на крэсла і пачаў хваліць польскае войска. Стараста крычыць: я нікому не дазваляю прамаўляць, калі я хацеў яго выручыць і гэта прапанаваў. Той маёр, аднак, не слухаў і гаварыў, тады стараста стаў крычаць: д’яблы возьмуць ваша войска разам з рэзервам, бо гэта г**** варта! “Ксёндз, палезем пад стол, – кажа мне нейкі абшарнік, які сядзеў ля мяне, і ўлез пад стол, – бо гэта абраза войска, будзе страляніна, давайце палезем пад стол”. Страляніны не было, ваенныя зрабілі выгляд, быццам бы гэтага не чулі. Двое афіцэраў падышлі і вывелі гэтага прамоўцу-старасту з нашай залы.
Афіцэры завялі віцэ-старасту ў іншую залу, дзе быў падрыхтаваны буфет, і аддалі яго ў рукі малодшых афіцэраў. Тады віцэ-стараста пажадаў, каб яму далі папіць вады. Буфетчыца наліла газіроўкі і дала яе віцэ-старасту, а ён залез на гэты буфет і, п’ючы там ваду, ударыў шклянкай з вадой, якую піў, у галаву буфетчыцы, якая, акрываўленая, пачала страшна крычаць. У гэты час віцэ-стараста хапаў талеркі з закускамі – салатамі, курыцай, заліўной рыбай, мясам – і кідаў у кожнага, хто толькі галаву падымаў. На крык буфетчыцы прыбегла некалькі жанчын з суседняй залы, то і іх віцэ-стараста закідаў салатамі з вялікіх талерак, пазаляпваў ім сукенкі, а адной з іх порцыя салаты трапіла на завіўку, і з галавы спаўзала на яе сукенку каляровымі патокамі. У яе пачаліся канвульсіі, і жанчыны хутка яе прыкрылі і адвезлі ўласнай машынай да дому пад яе крыкі. Віцэ-стараста працягваў бамбардаваць, кідаючы талеркі, вялікая колькасць якіх была падрыхтаваная на гэты прыём.
У рэшце аднаму сяржанту ўдалося, паўзучы на карачках, улезці за буфет і схаціць віцэ-старасту за ногі, але той трымаўся за шафу са сталовымі прыборамі, і яна рухнула на зямлю. Малодшыя афіцэры, схапіўшы віцэ-старасту за рукі і ногі, вынеслі яго на падворак перад пажарнай часткай і кінулі на бочкі, якія стаялі ў лужыне. Адразу ж сабраўся вялікі натоўп гледачоў, пераважна сялян, каторыя па-беларуску абмяркоўвалі: глядзі, як старасту б’юць. Паліцыянты адразу ж выцягнулі віцэ-старасту – прадстаўніка старасты – і занеслі яго ў найбліжэйшы дом, але праз хвіліну ён пачаў трушчыць і той дом. Тады яго завезлі да староства, дзе, абляпанага ў гразь, перадалі ў рукі старасты, каторы яму падзякаваў за такую рэпрэзентацыю ўлады.
Назаўтра з’явіліся на плябаніі стараста і павятовы камендант паліцыі, які ўвесь дзень праводзіў следства, запоўнілі шмат пратаколаў і хацелі, каб я адзін пратакол падпісаў, бо я павінен быў штосьці сказаць, а віцэ-стараста мне не дазволіў. Тая мая прамова павінна была быць сапраўды прыгожай, таму камендант увесь вечар яе пісаў і прасіў мяне толькі той пратакол і прамову падпісаць. Калі я разважаў, ці падпісваць мне гэты пратакол, стараста мне сказаў так: я ведаю, што на ксяндза ёсць справа ў пракурора, і калі я падпішу пратакол, то ён адразу ж яе ліквідуе, бо я яму скажу ў таямніцы, што хоць суды ў нас незалежныя, але перад судом справу разглядае ваяводства, і калі хтосьці мае добрую характарыстыку, то справу даюць пракурору Х, які ведае, што заўсёды справу трэба замяць. А калі хтосьці мае дрэнную характарыстыку, то аддаюць іншаму пракурору, каторы заўсёды пакарае. Таму прашу тэкст вашай прамовы і пратакол падпісаць, і ўбачыце, што справа будзе скончаная. Зрэшты, прашу злітавацца над галодным камендантам, які ўвесь дзень піша пратаколы. Мы хочам гэтага авантурыста моцна пакараць і з ім скончыць, бо ён мае моцную пратэкцыю, таму мы павінны атрымаць усё, што толькі магчыма.
І я адразу ж той пратакол падпісаў. Праз нейкія два тыдні я атрымаў заказны ліст ад пракуратуры з Вільні – мая справа была скончаная ў сувязі з адсутнасцю віны. Тым часам доўга пра гэты скандал, які меў месца ў Параф’янаве, гаварылі яшчэ. Той віцэ-стараста, маючы моцную пратэкцыю ў міністэрстве, застаўся, а старасту Стэфануса перавялі за тое, што сам не прадстаўляў урад, а даверыў гэта іншаму. Яго перавялі ў Кобрын, а мяне хутка накіравалі на пасаду прэфекта ў Гонёндз.
Раіса Зянюк, кандыдат гістарычных навук, пераклад з польскай мовы і падрыхтоўка да друку
для друку