З успамінаў ксяндза Юзафа Дзям’яна. Частка 2

З успамінаў ксяндза Юзафа Дзям’яна. Частка 1 >>

кс. Ю. Дзям’ян, фотаздымак са збораў Архідыяцэзіяльнага архіва ў Беластоку

Працягваем друкаваць тую частку ўспамінаў кс. Ю. Дзям’яна, якая прысвечана яго працы на тэрыторыі сённяшняй Віцебскай дыяцэзіі (у часы, пра якія вядзецца гаворка, – гэта Віленская дыяцэзія).

Нагадваем таксама, што ўспаміны як гістарычная крыніца важныя для нас тым, што дазваляюць паглядзець на падзеі вачыма іншага чалавека, удзельніка альбо відавочцы. Варта падыходзіць да такіх крыніц крытычна – трэба разумець, што апісаныя з’явы адлюстраваныя праз прызму светаўспрымання іншага чалавека, яго агульных ведаў, паходжання, нацыянальнай прыналежнасці і нацыянальнай самасвядомасці, палітычных поглядаў і г.д. У сувязі з гэтым немагчыма казаць пра поўную аб’ектыўнасць у паказе тых з’яў, якія апісвае аўтар.

Штатны ксёндз-прэфект у Слабодцы (Браслаўскі павет)

Пасля некалькіх месяцаў побыту ў Забалацці я павінен быў паехаць у Слабодку на пасаду прэфекта, то бок штатнага настаўніка рэлігіі. Тут знаходзілася шмат ваенных з Корпуса аховы памежжа, і мясцовасць была вельмі прыгожая, як малая Швейцарыя. Летам тут было шмат турыстаў, скаўтаў, якія прыязджалі сюды ў летнікі, мелі свае летнікі і вечарамі распальвалі вогнішча. Пры распаленым вогнішчы скаўты спявалі песні, рабілі прадстаўленні, а часта і ваенны аркестр іграў песні, і ладзіліся танцы. Пры вогнішчы збіраліся ваенныя, скаўты і тыя, хто прыязджаў сюды на адпачынак. Рэлігійная песня “Wszystkіe nasze dzienne sprawy”, спяваная ўсімі сабранымі ля вогнішча, станавілася знакам да заканчэння і адыходу адпачываць. Пробашчам у Слабодцы тады быў літвін кс. Міхайла, які досыць непрыхільна, а часам нават варожа ставіўся да палякаў. Тут я перажыў досыць цяжкую хваробу ўнутранага заражэння крыві праз тое, што з’еў маленькі кавалак мяса. А была гэта дохлая курыца, мяса якой я з’еў толькі трошкі. Ксёндз-пробашч тады быў у адпачынку, калі гэта здарылася. Падчас маёй хваробы я ляжаў непрытомны з 40-градуснай тэмпературай. Калі вярнуўся ксёндз-пробашч, выкліканы з адпачынку праз тэлеграф, то забараніў слугам да мяне заходзіць і нават есці даваць, але адна з іх, літвінка, не паслухалася і клапацілася пра мяне, прыносячы мне ежу, за што і была звольненая з працы. Яна ж паведаміла пра мяне ваеннаму лекару, і той пачаў пра мяне клапаціцца, нягледзячы на забарону, адведваючы па некалькі разоў на дзень. […] Лекар мне тлумачыў, што я з гэтай хваробы ўратаваны абсалютна цудоўным чынам. І cам факт таго, што я вылечыўся, для яго найлепшая ўзнагарода, якой ён можа ганарыцца.

Вайскоўцы даведаліся прычыны маёй хваробы ад звольненай служачай, і хацелі па-свойму разабрацца з пробашчам, але я іх устрымаў ад гэтага. Пасля майго поўнага выздараўлення я быў пераведзены ў парафію Барадзенічы таксама на пасаду штатнага прэфекта.

У Барадзенічах быў толькі маленькі гістарычны касцёл, а да найбліжэйшай чыгуначнай станцыі было амаль дваццаць кіламетраў. Тут у школы я дабіраўся і на ровары, і на возе, а найчасцей пешшу – праз жахлівы стан дарогі, вельмі гліністай, хадзіць па якой было надзвычай цяжка, а адзін конь не мог нават пусты воз цягнуць па размяклай гліне. У Барадзенічах я сустрэў ксяндза незвычайных якасцей і дабрыні, як каштоўную пярліну, згубленую ў гэтых балотах. Ад яго многім рэчам навучыўся, бо гэта быў чалавек пабожны і які практычна глядзеў на святарскае жыццё (кс. Ю. Інгелевіч – заўв. Р.З.). Гэтага пробашча я вельмі палюбіў і развітваўся з ім з болем сэрца.

Працуючы тут, я ездзіў у мястэчка Ёды, за 10 кіламетраў, дзе два дні на тыдзень навучаў рэлігіі ў школе. Таму зімой часта начаваў у сям’і Лапацінскіх, і ў іх хатняй капліцы ў нядзелю адпраўляў св. Імшу для мясцовых католікаў. Сям’я гэтая, якая мела графскае паходжанне, бо іх найбліжэйшыя родзічы насілі графскі тытул, была вельмі шляхетнай, пабожнай і вельмі шмат дапамагала. У сям’і Лапацінскіх жыла старэйшая пані, таксама з высокага роду, якая мне заўсёды дасканала і беспамылкова на цэлы тыдзень прадказвала надвор’е.

Паціху прызвычаіўся я да новага жыцця ў Барадзенічах. Доўгія, сардэчныя размовы з ксяндзом-пробашчам у мае вольныя хвіліны ўзмацнялі мяне духоўна ў такім закінутым месцы, бо да чыгуначнай станцыі было амаль дваццаць кіламетраў. Сюды ніводзін аўтобус не даязджаў, а ісці пешшу па гліністай размоклай дарозе было немагчыма. Таму выезд да хворага за нейкія 10-20 кіламетраў станавіўся сапраўднай пакутай, бо воз ехаў з хуткасцю чатырох кіламетраў на гадзіну. Звычайна тады давалі на замену або на частку дарогі коней, якія таксама мучыліся вельмі. Як штатны прэфект, працуючы ў школах, аддаленых ад касцёла і плябаніі на некалькі кіламетраў, я не мог без сур’ёзнай для школьнага інспектарату прычыны прапусціць аніводнага ўрока, а дрэнная дарога і магчымасць спазнення на ўрок такой прычынай не былі. Часцей за ўсё, пакуль дарогі не размакалі, я ездзіў у школу на ровары, а калі рабілася балота, стараўся хадзіць і ездзіць па сцежках ля дарогі. Раз, едучы па сцежцы на ровары, зваліўся ў роў, пасля ў рацэ вымыў сваю сутану, выціснуў яе, і так паехаў у школу, дзе ўжо высушыўся, каб не прапускаць урок рэлігіі. Найлепей было ездзіць у школу зімой, бо я вельмі любіў мароз і снег.

Сустрэча са стараверамі

Першы раз у сваім жыцці тут я таксама сутыкнуўся з сектай старавераў. Секта гэтая паўстала з праваслаўя. Стараверы мелі свае дзіўныя звычаі. Так, у святочныя дні яны лавілі на рынку вызначаных дзяўчат, а злоўленая і прывезеная ў дом да хлопца дзяўчына станавілася яго жонкай. На такі рынак, альбо кірмаш, у вызначаныя дні збіралася моладзь з сем’яў старавераў нават з вельмі далёкіх мясцовасцей, і тут лавілі і вывозілі дзяўчат, каторыя гучна крычалі. Родныя маглі дагнаць і адабраць дзяўчыну, але такое рэдка бывала. Стараверы мелі коней: малых каржакаватых сібірскіх арабаў, якія ў бегу маглі абагнаць цягнік і здольныя былі бегчы без адпачынку з дваццаць кіламетраў. Стараверы не мелі духавенства, а кіраваў імі старэйшы па ўзросце чалавек. Забіць чалавека стараверы лічылі меншым грахом, чым паленне папіросаў, а курыльшчыкаў яны абміналі як пракажоных. Да праваслаўных яны ставіліся вельмі варожа, а поп павінен быў амінаць стараверскую вёску, бо ноччу там мог быць нават забіты. Затое да ксяндзоў іх адносіны былі сяброўскія і зычлівыя.

Аднойчы паехаў я ў каталіцкую вёску, каб там асвяціць абраз Маці Божай, перад якім у траўні будуць людзі маліцца, заахвоціць людзей да маёвага набажэнства і самому ў той вёсцы і ў іншых гэтае набажэнства распачаць. Да той вёскі я не мог даехаць, бо вада сарвала мост, кладкі ніводнай не было, а вада была ледзяная. Я ўжо меў намер вярнуцца дадому праз гэтую перашкоду, і толькі папрасіў папіць вады ў старога старавера, бо большасць там была старавераў.

Запытаўся ў мяне стары, ці не куру я. Не куру, адказаў я. Ён адразу ж паклікаў чатырох хлопцаў, якія скінулі штаны і, пасадзіўшы мяне на стары фатэль, праз рэчку перанеслі. Пайшоў я пешшу да сваёй каталіцкай вёскі і, асвяціўшы абраз, пасля набажэнства вяртаўся, разважаючы, што давядзецца мне сюды вярнуцца і пераначаваць. Якім жа было маё здзіўленне, калі аказалася, што гэтыя хлопцы-стараверы мяне ўжо чакалі і зноў перанеслі мяне праз рэчку на фатэлі па ледзяной вадзе, без аніякай узнагароды. Гэта быў гераічны ўчынак, які мала хто з каталікоў мог бы здзейсніць.

У падзяку стараверам за такую гераічную паслугу, маючы фотаапарат, я сфатаграфаваў сабраных з усёй вёскі старавераў. А калі ім гэтыя здымкі раздаў, то радасць сярод іх была такая вялікая, што яны нават выказалі жаданне перайсці на каталіцкую веру. Пры ўмове, каб я заўсёды, аж да смерці заставаўся ў гэтай парафіі. Вядома, гарантаваць ім выкананне гэтага дзіўнага жадання я не мог.

Канфлікт з дзяржаўнымі ўладамі

Як прэфект я вучыў рэлігіі ў школе ў Ёдах, аддаленых ад Барадзеніч на 10 кіламетраў, дзе ў доме паноў Лапацінскіх была вялікая імшальная капліца, і ў кожную нядзелю тут я адпраўляў св. Імшу. Кіраўнік школы ў Ёдах, добры католік і адукаваны [чалавек], быў звольнены, бо меў іншыя перакананні, чым санацыйны школьны інспектар. Хутка прыслалі сюды новага кіраўніка, які адразу ж пасля свайго прыезду папрыбіраў са сцен школы крыжы і абразы. Ва ўсім мястэчку праз гэта было вялікае абурэнне людзей, і я таксама не мог застацца абыякавым. Калі мая прыватная размова не прынесла вынікаў, а школьны інспектар на гэта адрэагаваў маўчаннем, тады я з амбона ў капліцы папракаў за такія ўчынкі. Адразу ж пачалася барацьба з кіраўніком школы, якога падтрымлівалі школьныя ўлады. Гэтая справа атрымала розгалас у прэсе, і скаргі накіроўваліся нават у міністэрства. Санацыйныя ўлады падтрымлівалі гэтага кіраўніка, а паліцыя пачала запалохваць сялян, якія мяне падтрымлівалі. І тады каталіцкае насельніцтва, раней абуранае, сціхла. Найбольш мяне падтрымлівалі стараверы, каторыя заявілі школьным уладам, што разбураць школу, калі кіраўнік не павесіць у ёй крыжоў, а турмы яны не баяцца, як і іншай кары. З-за гэтай сітуацыі ўлады перавялі кіраўніка школы ў іншае месца, а мяне звольнілі з пасады штатнага прэфекта і накіравалі справу ў пракуратуру за паклёп і абразу школьнай улады ў прэсе.

Першапачаткова мяне ў гэтай маёй слушнай барацьбе за крыжы падтрымлівала курыя, і сам арцыбіскуп заахвочваў да змагання. Але калі мяне звольнілі з пасады і справа апынулася ў пракурора, то і арцыбіскуп адмовіўся, і курыя, і ўсе мяне пакінулі – як фанатыка, што проста памыліўся. Арцыбіскуп некаторы час не даваў мне аніякай пасады, а ўрэшце прызначыў мяне пробашчам у бязлюднай мясцовасці Скрундзі, якая знаходзілася на ўскрайку Занёманскай пушчы, дзе я не мог бы ніяк апраўдацца ў абвінавачваннях, якія мне выстаўлялі, не маючы сведкаў. Аднак на просьбу маю, майго пробашча ксяндза Інгелевіча і дэкана ксяндза Сакалоўскага далі мне пасаду вікарыя ў Параф’янаве. Арцыбіскуп быў перакананы, што ўлады мяне на пасадзе пробашча ніколі не зацвердзяць, што прэфектам я змагу быць толькі на пагадзіннай умове, таму найлепш быць вікарыем, паколькі я так ужо не дагадзіў дзяржаўным уладам.

Мае сябры-святары таксама кпілі з мяне як з фанатыка, дзівака і скандаліста, і гэта найбольш мне балела: атрымліваць удары ад сваіх. Я верыў, аднак, у дапамогу Бога, якая заўсёды падтрымлівае тых, хто змагаецца за Бога. Гэты мой давер Богу мяне не падвёў, і вельмі хутка так усё атрымалася. Раней я быў ідэалістам і верыў у тое, што кожны біскуп – гэта як бы святы чалавек без граху, які заўсёды трымае сваё слова, і манахаў я таксама ідэалізаваў, а, на жаль, у жыцці яны вельмі мяне падвялі. Я сардэчна развітаўся са сваім кс. Інгелевічам, чалавекам вельмі пабожным, каторы мяне шкадаваў і парадамі сваімі падтрымліваў, а сядзеў, нягледзячы на ўсе свае перавагі, у Барадзенічах, у сапраўднай дзірцы. Развітаўся і з ксяндзом-дэканам і з горыччу ў сэрцы паехаў на пасаду вікарыя ў Параф’янава.

Працяг будзе.

Раіса Зянюк, кандыдат гістарычных навук, пераклад з польскай мовы і падрыхтоўка да друку

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі