З успамінаў ксяндза Юзафа Дзям’яна

кс. Ю. Дзям’ян, фотаздымак са збораў Архідыяцэзіяльнага архіва ў Беластоку

У чарговы раз прапануем чытачам публікацыю гістарычнага дакумента – успамінаў аднаго са святароў, якія працавалі на тэрыторыі сённяшняй Віцебскай дыяцэзіі ў міжваенны перыяд.

Ксёндз Юзаф Дзям’ян нарадзіўся 23.03.1900 у в. Краснэ Старэ (Беластоцкі дэканат). Паступіў на тэалагічны факультэт універсітэта Стэфана Баторыя ў Вільні. У 1925 паступіў у Віленскую рымска-каталіцкую духоўную семінарыю, якая ў той час была аб’яднаная з тэалагічным факультэтам універсітэта Стэфана Баторыя. Святарскае пасвячэнне атрымаў у 1931 г. Пасля іх быў прызначаны вікарыем у Забалацце Васілішкаўскага дэканата. У 1931–1932 гг. служыў вікарыем у Слабодцы Браслаўскага дэканата, а ў 1932–1934 – катэхетам у школах у Барадзенічах і Параф’янаве. Пасля, у 1934–1939 гг, – пробашч у Быцені (каля Слоніма), з 1941 да 1944 – пробашч у Чарнэй Всі Касцельнай (каля Беластока), а ў 1944–1945 гг. працаваў у Мышынцы. З 1945 быў пробашчам і дэканам у Шчытне, пасля – у Веліслаўцу Старым, і з 1954 – пробашч у парафіі Вежхавіцэ. Памёр 11.12.1966 г. Пахаваны ў Беластоку.

У прадмове да ўспамінаў, якія кс. Дзям’ян назваў “Біяграфія крэсовага святара”, яго знаёмы кс. Змітровіч адзначыў, што “кс. Юзаф Дзям’ян не належаў да выбітных, быў звычайным святаром Віленскай дыяцэзіі”. Пасля сябе кс. Дзям’ян пакінуў значную колькасць вершаў (у рукапісах), апісанне шэрагу гістарычных падзей (у вершаванай форме), апісанне гісторыі парафіі ў Мышынцы, а таксама ўспаміны пра сваё жыццё. Усе гэтыя дакументы захоўваюцца ў Беластоцкім архідыяцэзіяльным архіве. Успаміны напісаныя на польскай мове на 111 друкаваных на машынцы старонках і складаюцца з 27 невялікіх раздзелаў, прысвечаных як асноўным момантам з жыцця самога Юзафа Дзям’яна, так і найважнейшым гістарычным падзеям ХХ ст.

Ва ўводзінах да ўспамінаў ксяндза Ю. Дзям’яна кс. Змітровіч адзначыў са шкадаваннем, што, на жаль, біяграфічныя ўспаміны напісаныя досыць сухой мовай, і нестае ім уласцівага кс. Дзям’яну гумару, “якім зіхацелі яго [вусныя] апавяданні”. Таксама кс. Змітровіч тлумачыць, чаму ўспаміны перарываюцца вершаванымі фрагментамі: “я часта сустракаў звычай, асабліва сярод шляхты, упляцення ў размову вершаваных форм, звычайна рыфмаваным куплетам […]. Гэта павінна было быць паказчыкам інтэлігентнасці”. Прапануем пазнаёміцца з часткай гэтых успамінаў, якія ахопліваюць перыяд яго навучання ў семінарыі, а таксама працы ў Слабодцы, Барадзенічах і Параф’янаве.

Духоўная семінарыя ў Вільні

Духоўная семінарыя ў Вільні размяшчалася ў будынку, які знаходзіўся ля вуліцы Маставой, амаль у самым цэнтры горада. Ля будынка семінарыі стаяў касцёл св. Ежы. Тут таксама быў вялікі сад, акружаны высокім мурам і будынкамі, якія належалі семінарыі. У гэтым садзе клерыкі ў свае вольныя хвіліны шукалі забавы і адпачынку. У семінарыю забаранялася прыходзіць свецкім асобам без дазволу ксяндза-рэктара, а жанчынам увогуле уваход быў забаронены. Для вырашэння розных спраў і для размоваў са свецкімі людзьмі, якія наведвалі клерыкаў, быў вызначаны асобны пакой, так званы parlatorium – інакш кажучы, размоўніца. Пры ўваходзе ў семінарыю знаходзілася вартоўня, дзе заўсёды дзяжурыў вартаўнік. У будынку семінарыі было некалькі калідораў і шмат маленькіх пакояў, інакш келляў, якія мелі маленькія вакенцы з боку калідора. У кожнай з такіх келляў, у залежнасці ад яе памераў, жылі два альбо тры клерыкі.

Таксама ў будынку семінарыі было некалькі залаў. Адна вялікая зала на першым паверсе служыла сталовай і называлася “рефектарый”, а іншыя прызначаліся для навукі і лекцый. Клерыкі свае келлі падмяталі, прыбіралі, мылі падлогі, палілі ў печах, а закупы ў горадзе ажыццяўлялі праз пасярэдніцтва служачага семінарыі, альбо кансьержа. Дробныя ж закупкі рабілі самі ў маленькай крамцы семінарыі. У горад клерыкам забаранялася выходзіць пад пагрозай выключэння з семінарыі, а калі ўжо клерык атрымліваў на гэта дазвол, то кіраўніцтва семінарыі, то бок, рэктар, ксёндз-інспектар альбо таксама ксёндз-прэфект, звычайна давалі яму ў кампанію калегу-соцыя, з якім ён выходзіў у горад. Перад выхадам трэба было запісацца ў спецыяльнай кнізе: напісаць сваё імя і імя соцыя, а таксама дакладны час выхаду з семінарыі і дакладны час вяртання. Лекар, цырульнік і некалькі краўцоў мелі ад ксяндза-рэктара агульны дазвол на ўваход у семінарыю, у вызначаныя дні і ў вызначаныя гадзіны маглі тут знаходзіцца і вырашаць справы клерыкаў. Дровы прывозілі дворнікі, яны ж забіралі брудную вопратку для прання, а таксама разносілі клерыкам ежу, падаваную з кухні праз спецыяльнае для гэтай мэты акенца. Калі хто з клерыкаў быў хворы альбо вельмі аслаблены, то мог ісці ў спецыяльны пакой, які называўся “інфірмерыум”, паколькі ўдзень не можна было адпачываць у келлях.

Пра гэтыя моманты ў жыцці семінарыі я даведаўся значна раней ад тых, хто адтуль адлічыліся, бо пераканаліся, што не змогуць быць добрымі святарамі. Некаторыя самі сыходзілі, некаторых адлічвала кіраўніцтва семінарыі, а да святарства даходзіла прыкладна 25%. Рэктарам семінарыі быў ксёндз Ушыла – чалавек магутнага целаскладу, які вельмі часта паўтараў слова “менавіта”. Адразу за вартоўняй быў невялічкі сад, у якім ксёндз-рэктар часта шпацыраваў і маліўся на брэвіярыі. У тым садзе я і застаў неяк ксяндза-рэктара, зануранага ў разважанні.

Пасля прывітання з ксяндзом-рэктарам і кароткай з ім размовы я быў прыняты ў семінарыю і запісаны як алюмн, а тая размова з ксяндзом-рэктарам, хоць кароткая, але вельмі змястоўная, зрабіла на мяне вялікае, незабыўнае ўражанне. Ксёндз-рэктар так мне тады сказаў:

Ведай, бо гэта добра, калі распазнаеш.
Паступай да нас, калі чуеш ў душы пакліканне.
Сам у гэтым пераканаешся і жыццё пазнаеш.
Можа, нават і добрым ксяндзом станеш.

Мусіш таксама ведаць, што ксяндза задача
У жыцці вельмі цяжкая і вымагае ахвяры.
Будзеш жыць без сям’і, у самотнай часам распачы
Ды і прыкрасцяў розных у жыцці будзе без меры.

Прысвяці, аднак, Богу свае маладыя гады,
І злажы Яму ў ахвяры ўвесь свой далейшы шлях.
Толькі ў Богу будзе твая ўзнагарода,
Калі пастырам будзеш добрым, на Панскіх палях.

Шэсць год у семінарыі знаходзіцца трэба,
Па правілах жыць, што даўно ўсталяваны.
Толькі вопратку і пасцель свае мець патрэбна
Ды і silentium – ціша – тут мае быць захавана.

Я горача падзякаваў ксяндзу-рэктару за яго каштоўныя заўвагі і папрасіў яго аб дазволе адразу застацца ў семінарыі. І паколькі я ўжо прыняты ў семінарыю, то папрашу служачага, каб прынёс сюды мае ўжо спакаваныя рэчы, даючы яму на гэта дазвол і адрас. Сам жа пайшоў у касцёл, што быў пры семінарыі, і ўжо тут занурыўся ў разважанні і малітву. Выйшаўшы з касцёла, я хацеў пагаварыць з клерыкамі, але адзін не жадаў размаўляць. Я падумаў, што ён нейкі ганарлівы, і звярнуўся да іншага клерыка, які ўжо быў у сутане, але і ён не хацеў са мной размаўляць. Ужо вельмі здзіўлены праз некаторы час я дадумаўся запытацца пра штосьці іншае, бо, відавочна, мае пытанні былі нейкія неадпаведныя. Пра што ж запытацца? Ну хіба што запытаюся, дзе можна ўзяць вады, каб памыцца. Звярнуўся да трэцяга ўжо клерыка з гэтым пытаннем, і той адразу ж мне адказаў і паказаў месца. І тут жа дадаў, што цяпер ужо час Silentium – цішыні, не можна размаўляць. І пайшоў. Тады я зразумеў, чаму не хацелі са мной гаварыць.

На працягу некалькіх начэй я доўга разважаў, не мог заснуць, лежачы на цвёрдым сенніку, напханым саломай, адзін у малой келлі.

Так нарэшце я клерыкам стаў,
Адчуў дзіўную радасць у сэрцы маім.
У мурах семінарыі я адтуль начаваў,
Мае справы адгэтуль у горадзе служачы наш рабіў.

Не адведваюць ужо мяне, у госці ніхто не заходзіць,
І да свету я ўжо не маю ніякага дачынення.
Манатонна й спакойна дзень за днём мой праходзіць,
І аднолькавыя яны: ад світання і да світання.

Жыццё ў семінарыі было ціхае і спакойнае, але не нуднае. На тое, каб нудзіцца, не хапала часу, бо кожная хвіліна была чымсьці занятая і выкарыстоўвалася адпаведна. Раніцай а пятай гадзіне званок усіх будзіў. За паўгадзіны клерык павінен быў устаць, апрануцца, памыцца, падмесці келлю і прыгожа заслаць ложак. Пасля раздаваўся званок, які клікаў усіх на малітву, – на так званае “разважанне”, якое працягвалася паўгадзіны. Пасля гэтага разважання клерыкі ішлі ў касцёл на св. Імшу, і каля сёмай гадзіны пасля св. Імшы ўсе разам ішлі у рэфектарый на сняданне. Падчас снядання ўжо можна было размаўляць.

Пасля снядання да восьмай гадзіны быў час на навуку альбо шпацыр па садзе семінарыі, калі заданні ўжо былі зробленыя. Акурат а восьмай гадзіне распачыналіся заняткі ў аўдыторыях у апаведнасці з курсамі і раскладам. А трынаццатай быў абед, адразу ж пасля лекцый. Абедалі ў рэфектарыі, а падчас абеду абавязвала silentium, але хтосьці з клерыкаў прамаўляў казанне альбо чытаў штосьці карыснае і натхняльнае. Пасля абеду ўсе клерыкі ішлі ў касцёл на кароткую малітву, потым да трэцяй гадзіны быў вольны час, калі можна было размаўляць і знаходзіцца ў садзе семінарыі. Ад трэцяй гадзіны ізноў пачыналася silentium, і была вучоба ў келлях, падрыхтоўка да лекцый і заўтрашніх заняткаў. А шостай гадзіне званок ужо склікаў на вячэру, падчас якой можна было размаўляць. Да сёмай – вольны час, і а сёмай званок запрашаў на малітву ў касцёле, пасля чаго абавязковай была цішыня аж да снядання наступнага дня.

Пасля малітвы ў касцёле клерыкі ішлі ў свае келлі, дзе вучыліся да дзявятай гадзіны вечара. А дзявятай званок заклікаў да сну, а а дзясятай гадзіне вечара тушылі святло і адпачынак быў прымусовы, святло ўночы забаранялася запальваць. У панядзелкі і чацверы пасля абеду быў абавязковы шпацыр, звычайна далёкі, аж за горад, і не зважаючы на надвор’е, хіба што быў вельмі моцны дождж альбо мароз большы за дваццаць градусаў. Штомесяц, звычайна ў сераду, быў дзень лазні: усе ішлі ў паравую лазню ў горадзе мыцца. Гэты дзень быў вольны ад навукі і заняткаў, яго вельмі любілі. І толькі ўвечары таго дня была доўгая лекцыя духоўнага айца, дысцыплінаванне клерыкаў, альбо “сухая лазня”, як гэта называлі клерыкі.

У нядзелі і святы расклад у семінарыі быў трохі іншы. Пабудка – а шостай, замест заняткаў клерыкі ішлі пасля разважання перад сняданнем на св. Імшу у касцёл, а пасля на сняданне. А дзясятай гадзіне накіроўваліся на набажэнства ў катэдру, адкуль звычайна вярталіся на абед. Пасля абеду адбываліся адведзіны клерыкаў іх роднымі і знаёмымі, размовы гэтыя праходзілі ў parlatorium. А шаснаццатай гадзіне клерыкі ішлі на нешпары ў катэдру.

Днём клерыкам не можна было класціся ў ложак на адпачынак, а хто быў хворы, той прасіў пра гэта кіраўніцтва і ішоў у т.зв. infirmerium, дзе мог адпачываць як хворы, і правілы на яго не распаўсюджваліся.

Некалькі разоў на год адбываліся пасвячэнні клерыкаў. Спачатку, пасля двух гадоў вывучэння філасофіі, рабілі танзуру, альбо пастрыжэнне, і танзура была пачаткам да ніжэйшых пасвячэнняў: астыарыя, лектара, экзарцыста і акаліта. Танзура рабіла з таго, хто яе прымаў, сапраўднага клерыка. Пасля гэтых чатырох меншых пасвячэнняў наступалі вышэйшыя: субдыякана, дыякана і святара. Тым, хто прымаў пасвячэнні, клерыкі звычайна складалі віншаванні і давалі падарункі: абразкі, кніжкі, а тыя, хто пасвячэнні атрымліваў, звычайна запрашалі ўсіх клерыкаў за салодкі стол.

Доўгае знаходжанне ў семінарыі вельмі знясільвала клерыкаў. Гэта было як бы дабраахвотнай турмой. Калісьці мне нават здарылася магчымасць параўнаць цяжкую турму ў Лукішках, дзе ўтрымліваліся вялікія злачынцы, з нашай семінарыяй. Ксёндз-біскуп Бандурскі ў час Божага Нараджэння павінен быў адправіць у той турме св. Імшу, і мяне з яшчэ адным клерыкам накіравалі паслужыць біскупу да імшы. Пасля св. Імшы ў прыгожым турэмным касцёле начальнік турмы правёў біскупа і нас як асістэнтаў па ўсёй турме. Вязні спалі на ложках з матрасамі (а мы на саломе), мелі тут у турме касцёл, хор, які складаўся з вязняў, кіно, тэатр, бібліятэку, школу, рамесныя майстэрні для практыкі. Падлогі і сцены былі пафарбаваныя, і толькі краты на калідорах і вышкі з вартаўнікамі на даху гмахаў, а таксама высокі мур сведчылі пра тое, што гэта турма. Нават ежу вязні мелі лепшую, чым мы ў семінарыі. Калі сюды прывезлі некалькі вазоў са слодычымі і апельсінамі, то нават і біскуп запытаўся ў начальніка турмы, навошта так дагаджаць вязням? Начальнік біскупу адказаў так: няхай сюды прыедзе які француз ці англічанін, то ўбачаць, як мы тут утрымліваем вязняў, што ў нас тут сапраўдная дэмакратыя, бо гэта дэмакратычная турма.

Калі мы вярнуліся ў семінарыю, то калегі засыпалі нас пытаннямі, як там у той цяжкай турме? Нават у прысутнасці ксяндза-інспектара Любянца мы ім адказалі, што ў турме значна лепш, чым у нас у семінарыі, толькі што мы ў семінарыі знаходзімся добраахвотна, і заслуга нашая ў сувязі з гэтым будзе вельмі вялікая перад Богам. Гэтыя нашыя словы пацвердзіў ксёндз-інспектар. Нават святара, які не справіцца з такімі патрабаваннямі, не можна моцна асуджаць, бо і ён добраахвотна сядзеў столькі гадоў у “турме” – у семінарыі. Не мелі мы ў духоўнай семінарыі раскошы, і ў жыцці на яе не спадзяваліся, і таму перад святарскімі пасвячэннямі былі рэкалекцыі. На тых рэкалекцыях клерык аналізуе свае магчымасці, спазнае свае перавагі і недахопы і тое, ці зможа справіцца з заданнямі, якія ўскладзе на яго святарства.

Перад ніжэйшымі пасвячэннямі і танзурай звычайна бываюць трохдзённыя рэкалекцыі, а перад вышэйшымі – субдыяканат, дыяканат і прэзбітэрат – рэкалекцыі трываюць шэсць дзён. Рэкалекцыі, а таксама шматлікія канферэнцыі і штодзённыя разважанні даюць клерыку магчымасць у поўнай меры пераканацца, ці мае ён пакліканне да святарства.

Калі клерык сябе зразумее, зможа добра сябе вывучыць,
Што не можа ён у жыцці добрым быць святаром,
То пакіне тады семінарыю, трэба так паступіць,
Бо ўсё ж клерык і волі сваёй, і ўчынкаў ёсць гаспадаром.

Святар радасць павінен мець у любові Хрыста,
Бо самотны, без блізкіх сэрцаў, усё ж ён не здаецца.
Не зламаюць яго ні няшчасці, ні цяжкога жыцця журба,
Бо бяду інакш у святарстве спазнаць давядзецца.

Калі ж клерык у святарстве шукае кар’еры,
З пакліканнем святарскім мае погляды спрэчныя.
Калі святаром стане, сам сабе ўчыніць бар’еры
І змарнуе сваё жыццё – на зямлі і вечнае.

Звычайна адразу пасля паступлення клерык спазнае правілы жыцця ў семінарыі, якія належыць выконваць, і для дапамогі яму кіраўніцтва дае старэйшага клерыка, альбо вігілятара – апекуна, каторы знаёміць свайго выхаванца з ходам жыцця ў семінарыі, а на пачатку нават адказвае за яго ўчынкі. Кіраўніцтва вызначыла маім вігілятарам вельмі пабожнага і разважлівага клерыка Ю. Хомскага, і гэта мела вельмі вялікі ўплыў на маё жыццё ў семінарыі. Многіх клерыкаў адлічвалі з семінарыі, а многія таксама самі пакідалі вучобу, калі разумелі, што не змогуць быць добрымі святарамі. Таму да святарства даходзіў невялікі працэнт ад тых, хто паступаў. Тыя ж клерыкі, якіх адлічылі з семінарыі, альбо тыя, якія самі адлічыліся з яе, як студэнты тэалагічнага факультэта [Віленскага ўніверсітэта] пераводзіліся на іншыя факультэты, напрыклад, на медыцынскі, права альбо гуманітарны і жылі ў горадзе. Тыя ж, хто атрымаў святарскія пасвячэнні, ішлі на працу на ніве Хрыста.

Пасля шасцідзённых рэкалекцый я атрымаў святарскія пасвячэнні ў катэдры ў Вільні з рук Я[го] Э[ксцэленцыі] ксяндза-біскупа Міхалькевіча – суфрагана ў Вільні, і праз некалькі дзён адправіў прыміцыйную св. Імшу ў сваёй роднай парафіі Ясянуўка. Усім шматлікім вернікам, што сабраліся, удзяліў прыміцыйнае бласлаўленне. Пасля прыміцый ужо на другі дзень я развітаўся са сваімі бацькамі, паколькі меў такі загад: адразу ж пасля прыміцый з’явіцца ў арцыбіскупскую курыю ў Вільні.

Працяг будзе.

З успамінаў ксяндза Юзафа Дзям’яна. Частка 2 >>

Раіса Зянюк, пераклад і падрыхтоўка да друку 

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі