З ружанцам у руках. Падарунак ад Папы Францішка перэгрынуе ў Віцебску

У мінулым годзе ў кастрычніку, падчас малітоўнага набажэнства «Мільён дзяцей моліцца на ружанцы», Папа Францішак перадаў дзеткам Беларусі ў падарунак ружанец і заахвоціў маліцца аб міры ва ўсім свеце.

24 лютага 2024 г. гэты ружанец прыбыў у парафію святога Антонія Падуанскага ў Віцебску. Падчас нядзельнай Эўхарыстыі дзеці і моладзь у працэсіі прынеслі падарунак Папы да алтара Пана.

Падчаc казання пробашч кс. Антон Лагуненак распавёў, як Марыя клапоціца пра Касцёл на працягу гісторыі і вельмі просіць маліцца на ружанцы. Заахвоціў усіх вернікаў, асабліва дзяцей і моладзь, каб маліліся на ружанцы і прасілі аб супакоі і згодзе паміж людзьмі, у сем’ях нашай парафіі, за дзяцей пазбаўленых любові блізкіх.

На працягу тыдня маленькія вернікі ўдзельнічалі ў малітве ружанцовай, якая штодзённа адбываецца перад святой Імшой.

Ружанец — знак жывой лучнасці з Папам Францішкам — ажывіў марыйную пабожнасць, бо хто ж як не Маці падтрымае нас у нашых патрэбах.

С. Марыя Шамовіч

для друку для друку