У Іерусаліме з 18 па 23 студзеня 2025 года адбудзецца 24-я Міжнародная сустрэча біскупаў, у якой прымуць удзел дванаццаць прадстаўнікоў з дзевяці краін Еўропы і Паўночнай Амерыкі.
Галоўнай мэтай з’яўляецца выказванне салідарнасці з хрысціянамі, якія жывуць у Ізраілі і Палесціне ў складаных умовах канфлікту.
«У сённяшняй сітуацыі, калі працягваецца вайна з яе разбуральнымі наступствамі, наша сустрэча ў Святой Зямлі з’яўляецца асабліва важным знакам», — падкрэсліў арцыбіскуп Падэрборна Уда Маркус Бенц, прадстаўнік Канферэнцыі Біскупаў Германіі.
Па словах кіраўніка рабочай групы па Блізкім Усходзе пры нямецкім епіскапаце, нягледзячы на тое, што канфлікт забраў «незлічоныя ахвяры з усіх бакоў і траўматызаваў многіх людзей у рэгіёне», патрабаванні справядлівасці і бяспекі сярод ізраільцян і палесцінцаў становяцца ўсё больш гучнымі.
Праграма прадугледжвае сустрэчы з Лацінскім Патрыярхам Іерусаліма, кардыналам П’ербатыстам Піцабалам і прадстаўнікамі дыпламатычнага корпуса. Біскупы плануюць абмеркаваць ролю хрысціянскіх Касцёлаў у канкрэтных ініцыятывах дапамогі і пошуках міру і згоды. Акрамя наведвання святых месцаў і правядзення набажэнстваў, запланаваны сустрэчы з прадстаўнікамі касцельных устаноў і дабрачынных арганізацый, а таксама з парафіянамі ў Палесціне.
Штогадовая міжнародная сустрэча біскупаў у Іерусаліме накіравана на падтрымку хрысціян у Святой Зямлі ў іх намаганнях па дасягненні справядлівасці, міру і паразумення паміж народамі і рэлігіямі, а таксама на ўмацаванне сувязей паміж сусветным Касцёлам і мясцовымі хрысціянскімі супольнасцямі.
Кс.Аляксандр Амяльчэня — беларуская рэдакцыя Vatican News
