Папа Францішак, знаходзячыся на лячэнні ў рымскім шпіталі Джэмэлі, не перапыняе сваёй пастырскай місіі і працягвае падтрымліваць кантакт з вернікамі ў Газе. 17 лютага 2025 года ён здзейсніў тэлефонны званок у парафію Святой Сям’і.
“Сёння ўвечары нам патэлефанаваў Папа са шпіталя, — распавёў айцец Габрыэль Раманэлі, мясцовы пробашч, агенцтву SIR, — мы павіталіся з ім. Ён быў стомлены, але голас быў ясны. Ён спытаўся, як у нас справы, і падзякаваў за малітвы. У канцы тэлефоннай размовы ён удзяліў нам сваё благаслаўленне”.
Варта адзначыць, што з пачатку канфлікту паміж Хамасам і Ізраілем Святы Айцец практычна штовечар звязваецца з парафіяй праз відэасувязь, калі ёсць тэхнічныя магчымасці. Ён вітае пробашча, які таксама мае аргенцінскае паходжанне, яго вікарыя айца Юсэфа, манахінь і вернікаў.
Паводле другога медыцынскага бюлетэня, выдадзенага 17 лютага 2025 года, стан здароўя Папы стабільны. Зала Друку паведамляе, што раніцай ён прыняў Эўхарыстыю і займаўся працоўнымі справамі. Паводле першага медыцынскага бюлетэня, у Папы Францішка выяўлена полімікробная інфекцыя дыхальных шляхоў, якая патрабуе працяглага шпітальнага лячэння.
«Святы Айцец глыбока крануты шматлікімі пасланнямі любові і блізкасці, якія ён працягвае атрымліваць у гэтыя гадзіны, — паведамляе Зала Друку. — Асаблівую ўдзячнасць ён хоча выказаць тым, хто зараз знаходзіцца ў шпіталі, за любоў і пяшчоту, якімі яны дзеляцца праз свае малюнкі і віншавальныя пасланні. Ён моліцца за іх і просіць, каб маліліся за яго».
Кс. Аляксандр Амяльчэня — беларуская рэдакцыя Vatican News
