У Вялікі чацвер, 13 красавіка, у катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага біскуп Алег Буткевіч узначаліў Імшу Хрызма, якую разам з ім канцэлебравалі генеральны вікарый ксёндз-пралат Францішак Кісель, канцлер курыі кс. Віктар Місевіч і святары Віцебскай дыяцэзіі.
Напачатку Імшы біскуп прывітаў усіх святароў і павіншаваў іх з Днём святарства, які адзначаецца ў Вялікі чацвер. Імша Хрызма з’яўляецца своеасаблівым уступам да вялікага Трыдууму. У гэты дзень у касцёлах асаблівым чынам адчуваецца прысутнасць Езуса Хрыста.
У сваёй гаміліі віцебскі ардынарый звярнуў увагу святароў на значэнне дару святарства. Ён адзначыў, што мы павінны як мага часцей задавацца пытаннем, ці сапраўды праз мяне дзейнічае Бог.
“Свет не з’яўляецца пеклам, — адзначыў іерарх, а святарскае жыццё не ёсць небам. Неба і пекла жыве ў сэрцы чалавека.” Свет з’яўляецца небам, калі чалавек жыве паводле Божых законаў, а калі ён паводзіць сябе згодна правілаў, навязаных светам, то і жыццё яго будзе пеклам. І гэта мае аднолькавае значэнне як для святара, так і для чалавека свецкага.
У якасці прыкладу святарскага служэння біскуп узгадаў святых Пятра і Паўла, а таксама святога Яна Віянэя, які з’яўляецца апекуном пробашчаў.
Пасля гаміліі святары аднавілі свае святарскія абяцанні, бо Імша Хрызма лічыцца адным са знакаў еднасці асобы біскупа і святароў. Потым адбылося асвячэнне алеяў – алея хворых і алея хрызма, якія ўжываюцца для ўдзялення сакрамантаў: хросту, бежмавання, пасвячэнняў і намашчэння хворых.
Напрыканцы Імшы біскуп Алег яшчэ раз павіншаваў святароў з Днём устанаўлення святарства, падзякаваў ім за прысутнасць і ўдзяліў біскупскае бласлаўленне.
Зміцер Лупач, тэкст
Марына Сінкевіч, фота
Леанід Юрык, відэа
