Выразы, з якімі трэба быць уважлівымі, калі размаўляеш з дзіцём

Часам, размаўляючы са сваімі дзецьмі, мы не заўважаем, што за некаторымі фразамі крыюцца не клопат і любоў, але сігналы, якія ў будучыні могуць нанесці ўрон дзіцячай псіхіцы.

1. «Хачу, каб маё дзіця назаўжды засталося маленькім. Каб заўсёды было такім мілым».

Гэтымі словамі мы падаем сігнал падсвядомасці дзіцяці: «Не расці! Пакуль ты маленькі — цябе любяць і ты ў бяспецы».

Чым пагражае: затрымкай у развіцці дзіцяці, маленькім ростам, вагай, страхам сталення, страхам адзіноты, сыходам у фантазійны свет або наадварот — раннім сталеннем, агрэсіяй.

Што рабіць: часцей казаць дзіцяці: «Я радуюся кожнаму твайму дню. І кожнаму году сталення. Я ганаруся кожным тваім крокам. І дазваляю табе быць розным. Кожны ўзрост нясе табе свой падарунак».

2. Частае ўжыванне займенніка «мы» (пасля таго, як дзіця сказала пра сябе «я»).

Калі бацькі кажуць пра дзіця, старэйшае за 4 гады: «Мы пайшлі ў школу, мы захварэлі…» – гэта сведчыць аб тым, што бацькі не ўспрымаюць дзіця асобна ад сябе. І падсвядома не дазваляюць яму аддзяліцца і аддаліцца. Менавіта бацькі ствараюць глебу для сузалежнасці дзіцяці і не даюць яму магчымасці адчуць свой ўласны патэнцыял. Бацькі, якія не маюць уласнай рэалізацыі, рэалізуюцца ў дзіцяці, а занадта клапатлівыя — стараюцца ўтрымаць дзіця «пад крылом».

Чым пагражае: дзіця становіцца або паслужлівым, або упартым і агрэсіўным, несамастойным, плаксівым, можа часта хварэць, выглядаць стомленым. У такіх дзяцей часта здараюцца алергічныя рэакцыі і зацяжныя бранхіты (не адпускаючы дзіця ў яго «я», мы перакладаем на яго груз нашых задач, хвароб).

Што рабіць: варта «намаляваць» асобна сябе, асобна дзіця. Задаць сабе пытанне: «Пра што я марыў, што я магу зрабіць для сябе і свайго патэнцыялу». Варта нагадваць дзіцяці: «Ты — гэта ты. Я — гэта я. У кожнага з нас свой патэнцыял, свае задачы, сваё жыццё і лёс».

3. Калі гаворым пра дзяцей: «Мой мужчына, мая жанчына».

Мы ствараем блытаніну ў ролях. Робім дзіця сваім «партнёрам» замест рэальнага дарослага партнёра.

Чым пагражае: мы ствараем звязку — мама-сын, тата-дачка, пазбаўляючы дзіця магчымасці стварыць гарманічную пару ў будучыні. Мы ставім дзіця на прыступку побач з сабой, а на гэтай прыступцы задачы іншага ўзроўню. Мы аддаляем мужа/ жонку.

Што рабіць: сфакусаваць адносіны на дарослым партнёрстве, на пары. Праяўляць знакі ўвагі да жонкі/мужа. Важна, каб дзіця звярталася да бацькоў не проста па імені, а называла іх ролі — «мама», «тата». Варта казаць дзіцяці: «Ты абавязкова знойдзеш другую палоўку, якую будзеш кахаць. І мы будзем рады твайму выбару».

4. «Які дрэнны стол / крэсла — ударыў дзіця, давай яго пакараем. Падыдзі, я цябе пашкадую …».

Калі дзіця спатыкаецца, ўдараецца аб мэблю, бацькі, каб перанесці ўвагу і даць «кампенсацыю» за боль, прапаноўваюць «адпомсціць» — вярнуць боль, ударыць «крыўдзіцеля».

Чым пагражае: так мы вучым дзіця не браць адказнасць за свае дзеянні і перакладаць віну. І помсціць «знешнім» аб’ектам за любы дыскамфорт. Не вучым дзіця здаровай асцярожнасці і ўважлівасці.

Што рабіць: у такім выпадку варта казаць дзіцяці: «Давай я пацалую (не пашкадую!) Мама (тата) з табой! Напэўна, гэта вельмі балюча. Дакранаемся да стала — ты стукнуўся аб рог. Глядзі — вось кут. Трэба быць больш уважлівым».

5. «Ты будзеш самым вялікім (самым лепшым) фізікам, танцорам…»

Чым пагражае: мы ствараем ў дзіцяці глебу для развіцця неўрозу і перфекцыянізму. Дзіця будзе старацца адпавядаць чаканням бацькоў (але рабіць гэта, каб не страціць іх увагі і любові, а таксама губляць кантакт з прыроднай радасцю) або пры перашкодах можа расчаравацца ў сабе і шукаць бяспекі (у фантазіі, кампутары, тэлевізары, хваробах, залежнасцях).

Што рабіць: клапаціцца аб уласным развіцці, каб не ажыццяўляць у дзіцяці тое, што не змаглі рэалізаваць самі. Замест слоў «я цябе люблю за…» казаць «я ў табе люблю…». Важна распавядаць пра свае памылкі, распавядаць смешныя гісторыі пра сябе, дазваляць дзіцяці рабіць памылкі, факусаваць увагу на працэсе больш, чым на выніку. Варта казаць дзіцяці: «Я веру ў твой патэнцыял і давяраю тваёй прыроднай мудрасці. Я веру ў тое, што ў кожнага ёсць сваё месца ў жыцці, і ты зоймеш сваё ўласнае месца. Я падтрымаю цябе ў тваім развіцці. І згодны з тым, што ты можаш выбраць свой уласны шлях».

6. «Ты — выліты тата/мама».

Нам уласціва шукаць падобныя рысы ў дзецях. Нам важна «мець свой працяг» у іх. Але часам мы «гадуем» у сабе не толькі знешнасць, але і якасці, хваробы.

Чым пагражае: дзіця «зліваецца» з бацькам, «падабенства» з якім пастаянна падкрэсліваецца. Мы быццам «прысвячаем» дзіця гэтаму даросламу. Яно можа згадзіцца быць «копіяй», а можа і супраціўляцца гэтаму. У першым выпадку яно пераймае рысы характару, рэакцыі, часам захворванні, трапляе ў падобныя сітуацыі. Яно ідэнтыфікуецца з тым, з кім падкрэсліваецца падабенства. У другім – дэманстратыўна можа пазбягаць кантакту з тым, з кім яго параўноўваюць, паводзіць сябе агрэсіўна, адмаўляцца ад відавочных якасцяў, якія ўласцівы абодвум.

Што рабіць: варта казаць дзіцяці: «Вы падобныя, але вы розныя. У кожнага свой лёс, свая сіла, свой патэнцыял. Ты ўзяў самае каштоўнае з двух родаў і падобны сам на сябе. У цябе ёсць права быць сабой».

7. «Вось калі ў цябе будуць свае дзеці, зразумееш».

У гэтай фразе гучыць схаваная пагроза і ў падсвядомасці дзіцяці яна адлюстроўваецца як праклён. «Ты будзеш расплачвацца за ўсё, што мне прыйшлося з табой перажыць».

Чым пагражае: У будучыні дзіця можа баяцца мець сям’ю. Яно можа адчуваць, што памылілася, але не разумець — у чым.

Што рабіць: дзяліцца з дзіцём сваімі пачуццямі. Варта казаць яму: «Я цябе люблю заўсёды: калі нам весела, калі складана адзін з адным, калі ты здаровы і калі хварэеш, калі мы злуемся адзін на аднаго. Я разам з табой вучуся. І я думаю, ты будзеш цудоўнай мамай/ татам. І маю любоў да цябе перадасі далей — тваім дзецям — маім унукам «.

Вольга Парада, grodnensis.by

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі