4 кастрычніка ў іўеўскай парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла адзначылі адпустовую ўрачыстасць у гонар святога Францішка Асізскага.
Традыцыйна ў гэты дзень вернікі дзякуюць Богу за вырашчаныя на сваіх падворках і палях садавіну і агародніну і моляцца за парафію праз заступніцтва святога Францішка.
Таму адпустовая ўрачыстасць стала для іўеўскай парафіі таксама святам дажынак.
Парафіяне падрыхтавалі да гэтай падзеі адпаведныя дэкарацыі і дары, якія ўпрыгожылі святыню. Малітоўныя групы, духавенства, моладзь і старэйшыя вернікі разам праявілі сваю фантазію і энтузіязм.
У гаміліі, якую прамовіў на ўрачыстай Імшы новапрэзбітэр Андрэй Юхнік, вернікам было прапанавана па прыкладзе святога з Асізі не баяцца цяжкасцяў жыцця, а вырашаць іх разам з Езусам. “З Богам усе цяжкасці, усе жыццёвыя буры можна пераадолець і выйсці яшчэ мацнейшым. З Богам нашае жыццё насычаецца сэнсам і радасцю. Бо толькі ў Ім і дзякуючы Яму нашае жыццё будзе не цяжарам і ярмом, а ганаровай місіяй і сапраўдным дарам!” – сказаў святар.
Парафіяльнае свята закончылася эўхарыстычнай працэсіяй вакол касцёла і ўдзяленнем вернікам прыміцыйнага благаслаўлення.
Раман Ярмош, grodnensis.by
для друку