У нашай штодзённай мітусні мы можам прапусціць пачатак гэтага важнага перыяду, тым самым рызыкуючы змарнаваць яго патэнцыял. Вось 5 спосабаў настроіцца на Вялікі пост і не змарнаваць яго пачатак.
1. Трохі цішыні
Пачынайце кожны дзень з некалькіх хвілін абсалютнай цішыні. Выключыце тэлефон, заплюшчыце вочы, сядзьце ў сваё любімае крэсла і дазвольце вашаму сэрцу знайсці месца для малітвы. Гэтая інтымная размова з Богам можа стаць асновай вашай духоўнай падрыхтоўкі да Вялікага посту. У гэтай цішыні спытайцеся ў Бога: на што я павінен звярнуць увагу падчас Вялікага посту ў гэтым годзе?
2. Кніжны Догляд за душой
Звяртайцеся да літаратуры, якая закранае самыя глыбокія куткі вашай душы. Гэта можа быць паэзія, медытатыўныя разважанні або духоўная класіка, якія стагоддзямі натхнялі людзей шукаць Бога. Выберыце кнігу, якая будзе суправаджаць вас на працягу Вялікага посту.
3. Сакраманты
Не забывайце пра сілу сакрамантаў, якія з’яўляюцца духоўным компасам на шляху да збаўлення. Многія з нас ідуць на споведзь у канцы Вялікага посту. Аднак добра пачаць пост са споведзі, а значыць, з распазнавання таго, над чым я магу працаваць у бліжэйшы час. Наступная споведзь перад Вялікаднем стане нагодай падвесці вынікі гэтага часу і паглядзець, што змянілася.
4. Творчыя формы посту
Пост не павінен абмяжоўвацца толькі адмовай ад ежы. Старайцеся «пасціцца» ад таго, што парушае ваш унутраны спакой — празмернай актыўнасці ў інтэрнэце, негатыўных думак або шкодных звычак. Гэтая форма духоўнага адрачэння дапаможа вам аднавіць раўнавагу і накіраваць вашу энергію на тое, што сапраўды важна. Падумайце зараз, якое рашэнне вы можаце прыняць.
5. Супольнасць і дыялог
Духоўнае падарожжа набывае новае вымярэнне, калі мы дзелімся ім з іншымі. Пачніце размовы аб веры і надзеі з сям’ёй, сябрамі, калегамі на працы. Узаемная падтрымка, абмен вопытам і супольная малітва могуць стаць крыніцай натхнення, якая дазволіць вам больш поўна перажыць гэты асаблівы час. Спытайце, як іншыя плануюць перажыць гэты перыяд, і падзяліцеся сваімі думкамі.
Вялікі пост — гэта не толькі перыяд ахвярнасці, але перш за ўсё магчымасць адкрыць для сябе глыбейшы сэнс жыцця і ўласнай духоўнасці. У кожнага з нас ёсць унікальны шлях да Бога – няхай гэтыя пяць шляхоў натхняюць вас на свядомае і поўнае адчуванне гэтага святога падарожжа. Адпраўляйцеся ў падарожжа, якое зменіць сэрца, і дазвольце духоўнаму абуджэнню стаць вашым новым пачаткам.
pl.aleteia.org
пераклад Марыны Ткач
