«Viva, viva, viva – Kalasanz!» – гэтыя словы крычалкі, напэўна, яшчэ надоўга застануцца ў сэрцы кожнага ўдзельніка Дзён ў дыяцэзіі, якія адбыліся ў Бальшэва, Гданьская архідыяцэзія, дзе сабралася больш за 630 маладых людзей з Аргенціны, Аўстрыі, Беларусі, Чылі, Чэхіі, Дамініканскай Рэспублікі, Мексікі, Пуэрта-Рыка, ЗША, Венгрыі, а таксама з Польшчы. Менавіта наследаванне харызмы св. Юзафа Каласанса, заснавальніка ордэна піяраў, аб’яднала моладзь з 11 краін свету на кашубскай зямлі.
Таксама і група піярскай моладзі з Ліды, Шчучына і Чавусаў разам з а. Андрэем Агелем SP, а. Віталіем Слукой SP і а. Гжэгожам Ксёнжэкам SP мела радасць падрыхтавацца разам з усёй піярскай сям’ёй да Сусветных дзён моладзі.
Сапраўды, час, праведзены ў Бальшэва, быў часам інтэнсіўнай падрыхтоўкі да цэнтральнай падзеі – СДМ ў Кракаве. Падчас Піярскіх дзён моладзі ў Бальшэва мелі месца шматлікія сустрэчы ў нацыянальных і міжнародных групах, наведванне рэгіёну, катэхэзы, адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, св. Імшы на розных мовах свету. Але нам, піярскай моладзі з Беларусі, напэўна, запомніцца «пацалунак супакою» ў выкананні аргенцінскай моладзі – абдымкі падчас перадачы знаку супакою. Таксама нельга не ўзгадаць працу ў групах, падчас якіх моладзь распавядала пра сябе, сваю краіну, культуру, а таксама дзялілася досведам веры. Падчас такіх сустрэч было бачна, якія мы ўсе розныя: хтосьці ахвотна, без страху можа падзяліцца гісторыяй свайго шляху да Хрыста, камусьці даць сведчанне веры – нялёгкая задача. Але, нягледзячы на існуючую розніцу, нас аб’ядноўвае вера ў Езуса. Хочацца таксама ўзгадаць выпадак, які адбыўся з адной дзяўчынкай падчас працы ў групах: слаба размаўляючы па-англійску, яна не магла зразумець іншых, а таксама распавесці пра сябе. Але на дапамогу прыйшоў малады чалавек з ЗША: ён выкарыстаў Google Translate, каб перакладаць з англійскай мовы на беларускую. Напэўна, у гэтых простых жэстах праяўляецца дух еднасці і салідарнасці каталіцкай моладзі з усяго свету.
Таксама прыемна было сустрэць беларускага біскупа Казіміра Велікасельца падчас св. Імшы ў Гданьску, дзе сабраліся ўсе пілігрымы з Гданьскай архідыяцэзіі. Канешне, трэба ўзгадаць і гасціннасць кашубскага народа, які сваёй адкрытасцю на іншага чалавека даў таксама і сведчанне сваёй веры.
Хутка прайшлі Піярскія дні моладзі ў Бальшэва, але наперадзе нас чакалі Сусветныя дні моладзі ў Кракаве. Напэўна, адным з найбольш кранаючых момантаў было спатканне з Папам Францішкам. Так, падчас Цырымоніі прывітання Папы наша група мела магчымасць зблізку (каля 5 метраў) бачыць і прывітаць Пантыфіка. Сапраўды, радасць ад спаткання з Папам, атмасфера братэрства, якая панавала сярод пілігрымаў, кранулі кожнага з нас. Нават, нягледзячы на стому ад чакання, бо прыйшлі загаддзя, за 4 гадзіны, усе мы крычалі “Viva il Papa”.
Таксама згадваем словы Папы Францішка: “Дарагая моладзь, мы не прыходзім у свет… каб камфортна правесці сваё жыццё, каб зрабіць жыццё канапай, якая нас усыпляе; насупраць, мы прыйшлі па іншай прычыне, каб пакінуць след”. Ягоны заклік ісці наперад, бясспрэчна, падштурхнуй кожнага быць актыўнай, дзеючай сілай як у сваім жыцці, так і гісторыі свету.
Хочацца таксама адзначыць перажыванне так званага Дня Каласанса – сустрэчы для тых, хто вызнае св. Юзафа Каласанса як свайго духоўнага айца. Дзень Каласанса, напэўна, аб’яднаў усю піяркую моладзь, якая прымала ўдзел у СДМ у Кракаве. Падчас гэтай сустрэчы мелі радасць як адзіная піярская сям’я перажыць Эўхарыстую на чале з айцом генералам Пэдро Агуадо SP, а таксама ўдзельнічаць у канцэрце такіх груп як Full Power Spirit, Abramo’s band. Сустрэча завершылася актам даверу піярскай моладзі Божай Маці Міласэрнасці.
У памяці, напэўна, застанецца і сустрэча з моладдзю радунскай парафіі падчас вяртання з Блоняў, наш сумесны спеў на беларускай мове. Цяжка перадаць тую радасць, якую перажываеш падчас спаткання са “сваімі”, з землякамі сярод соцень тысяч іншых людзей, моў, культур.
Хочацца спадзявацца, што кожны пілігрым зможа рэалізаваць пасланне Папы Францішка: “… з усмешкай і распасцёртымі абдымкамі абвяшчайце надзею”.
Аляксандр Снапко, тэкст
Маргарыта Снапко, фота
