Віншаванне біскупа Алега Буткевіча на Вялікдзень-2019

Паважаныя святары, браты і сёстры манаскіх супольнасцяў,
дарагія вернікі і ўсе людзі добрай волі!

Мінуў Вялікі пост, і мы сустракаем Уваскрослага Хрыста, пачуўшы Яго словы, якія ў дзень свайго Уваскрасення Ён сказаў сваім апосталам: “Спакой Вам!”(Лк 24,34). Гэты спакой каштаваў Хрысту страшных пакутаў і Крыжовай смерці. Аднак Ён не зводзіць з намі рахунак, толькі прагне, каб падараваная нам ласка не была адкінута і змарнавана. І таму Езус шукае тых, хто гэты спакой будзе здольны прыняць.

Як казаў Ён калісьці сваім вучняў, высылаючы з місіяй абвяшчаць Божае Валадарства, “калі дом будзе годны, то няхай сыдзе спакой ваш на яго” (Мц 10,13). Як вернікі будзьма першымі сярод тых, хто прыняўшы гэты дар гатовы дзяліцца ім з тымі, хто ёсць побач. Хрыстос здольны прайсці нават праз замкнёныя дзверы, як у Велікодную раніцу да сваіх вучняў, аднак Ён прагне, каб сэрца, да якога стукаецца і якое яшчэ чагосьці, магчыма, не разумее і нават баіцца, не было крывадушным і абыякавым. Каб прынамсі яно шанавала тое, што Бог зрабіў для яго збаўлення, і з павагай ставілася да кожнага знаку Яго міласэрнай Любові.

Хрыстос перамог зло і смерць і запрашае нас стаць удзельнікамі гэтай перамогі. Яго пустая магіла сведчыць пра тое, што няма такой сілы, якая магла б перакрэсліць Божыя намеры. Нават калі хтосьці спрабуе гэта рабіць, яму спадарожнічае малітва Хрыста: “Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць” (Лк 23,34).

Дык будзьма паслядоўнікамі нашага Уваскрослага Настаўніка, каб разам з Ім мы станавіліся будаўнікамі Яго Валадарства ў нашай Краіне! Няхай святло Яго Уваскрасення разгоніць цемру духоўнай ночы і асвеціць нашыя розум і сэрца, каб мы вялі годнае жыццё тут, на зямлі, і гэтым праслаўлялі нашага Міласэрнага Айца ў Нябёсах!

Радасці, Святла і Божага спакою!

Хрыстос Уваскрос і жыве сярод нас! Аллелюя!

+Алег Буткевіч
Біскуп Віцебскі

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі