Вернікі смаргонскай парафіі святога Міхала Арханёла прынялі сакрамант канфірмацыі

Другім сакрамантам пасля хросту на шляху хрысціянскай ініцыяцыі з’яўляецца сакрамант канфірмацыі. Плёнам канфірмацыі з’яўляецца асаблівае ўдзяленне Духа Святога, такое, як у дзень Пяцідзесятніцы. Яно пакідае ў душы незнішчальны адбітак і дае ўзрастанне ласкі хросту: больш глыбока ўкараняе ў Божым усынаўленні; больш цесна яднае з Хрыстом і Ягоным Касцёлам; умацоўвае ў душы дары Духа Святога; адорвае асаблівай моцай для сведчання хрысціянскай веры.

Да гэтага сакраманту хрысціянскай сталасці падрыхтаваліся 53 асобы, моладзь і дарослыя, са смаргонскай парафіі святога Міхала Арханёла. 30 красавіка для гэтых вернікаў настала асабістая “Пяцідзесятніца”.

На ўрачыстасць канфірмацыі вернікі Смаргоні сабраліся на палявым алтары побач са святыняй. Кандыдаты да бежмавання на пачатку прывіталі распарадчыка сакраманту Духа Святога падчас сёлетняй урачыстасці, дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандра Яшэўскага SDB. Першым са словамі прывітання звярнуўся старшыня смаргонскага райвыканкама спадар Генадзій Харужык. Пасля слоў вітанняў, старшыня таксама падараваў біскупу Аляксандру памятныя падарункі ад смаргонскай зямлі. Пасля вернікі прывіталі іерарха традыцыйным беларускім хлебам ды соллю, а пробашч запрасіў пакланіцца Хрысту ў парафіяльнай святыні.

Урачыстую Літургію музычна ўпрыгожваў запрошаны з Мінска каталіцкі гурт “Vеrbum Dei”. Пасля Літургіі слова адбылося прадстаўлення кандыдатаў біскупу і просьба пробашча аб удзяленні гэтым выбраным сакраманту хрысціянскай сталасці. Кандыдаты ў сваю чаргу выказалі сваё жаданне жыць Хрыстовым Евангеллем і мужна вызнаваць веру. У гаміліі біскуп Аляксандр растлумачыў кандыдатам да канфірмацыі чым ёсць сакрамант, які яны сёння прымуць. Таксама іерарх падкрэсліў важнасць і асаблівую ролю Духа Святога ў жыцці Касцёла і паасобку кожнага католіка. Таксама біскуп Яшэўскі заставіў сабраным два важныя сімвалы дзеяння Духа Святога: вецер і ваду, тлумачачы якія, раскрыў сабраным таямніцу дзеяння Духа Святога ў жыцці хрысціян.

Сам абрад канфірмацыі распачаўся пасля гаміліі. Сабраныя на Літургіі былі сведкамі ўскладання рук на прымаючых канфірмацыю, здзейсненае біскупам і канцэлебруючымі прэзбітэрамі, якое выражае біблійны жэст, якім заклікаецца дар Духа Святога. Таксама кандыдаты атрымалі намашчэнне хрызмам якое азначае плён дару Духа Святога. Праз намашчэнне духмяным алеем рукою біскупа кандыдаты прынялі незнішчальны знак, пячаць Пана, разам з дарам Духа Святога, які больш дасканала прыпадабняе іх да Хрыста і дае яму ласку пашыраць сярод людзей «прыемны водар».

У працэсіі з дарамі, як дар ад тых, хто ў гэтым годзе атрымаў сакрамант канфірмацыі, былі прынесеныя ферэтрон Найсвяцейшага Сэрца Езуса, які будзе ўдзельнічаць ва ўсіх эўхарыстычных працэсіях парафіі і рэліквіярый, у якім будуць змешчаны рэліквіі святога мучаніка і замураваныя ў новы эўхарыстычны алтар смаргонскага касцёла.

Пасля св. Імшы бежмаваныя падзякавалі Богу і біскупу Яшэўскаму за атрыманы дар, а іерарх паблагаславіў новы ферэтрон і памятныя крыжы, якія забралі з сабой як памятку канфірмаваныя вернікі.

Кс. Артур Ляшнеўскі

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі