13-14 сакавіка ў дыяцэзіяльным Доме міласэрнасці ў Сапоцкіне праходзілі велікапосныя рэкалекцыі для супрацоўнікаў Карытас з усіх дыяцэзій Касцёла ў нашай краіне.
Духоўныя практыкаванні для тых, хто дапамагае патрабуючым сваёй ахвярнай працай у структуры дабрачыннага каталіцкага таварыства, праводзіў айцец Андрэй Агель SchP, пробашч парафіі св. Тэрэзы Авільскай у Шчучыне.
Варта адзначыць, што рэкалекцыі адбыліся пасля Трэцяй нядзелі Вялікага посту, якая ў Касцёле на Беларусі з’яўляецца нацыянальным днём Карытас. У гэты дзень ва ўсіх каталіцкіх святынях моляцца ў інтэнцыі дабрачыннай арганізацыі, таксама вернікі складаюць ахвяраванні на шматлікія праекты, якія рэалізуе Карытас.
Акрамя супольнай малітвы, праграма рэкалекцый уключала магчымасць наведаць Сапоцкіна. Між іншым удзельнікі пабывалі ў мясцовым касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Язафата Кунцэвіча і ў музеі пісанкі, размешчаным у Сапоцкінскім культурна-гістарычным цэнтры.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
![для друку для друку](https://catholicnews.by/wp-content/plugins/wp-print/images/print.gif)