«Веліч Бога можа праявіцца толькі тады, калі сэрца чалавека шчырае». У Параф’янаве адзначылі адпуст у гонар святога Антонія

Урачыстае богаслужэнне пачалося а 13-й гадзіне ў нядзелю 13 чэрвеня. Хаця храм у Параф’янаве носіць тытул Імя Найсвяцейшай Панны Марыі, святы Антоній змешчаны на адным з бакавых алтароў касцёла, таму гэтага святога ўшаноўваюць тут з даўніх часоў.

У гэтым годзе ўрачыстасць у гонар святога Антонія прыпала на нядзелю, таму шмат хто са святароў не змог прыехаць у Параф’янава. Тым не менш, сюды прыехалі кс. Алег Мурзіч, брат пробашча кс. Рамана Мурзіча, кс. Алег Півавар, які служыць у суседняй Ваўкалацкай парафіі, а таксама а. Віталь Бандаронак з Докшыцаў.

На пачатку Імшы кс. Раман прывітаў усіх парафіянаў і гасцей свята, зачытаў інтэнцыі і звярнуўся да кс. Алега з просьбай пачаць цэлебрацыю.

Са словам да вернікаў звярнуўся кс. Віталь, які служыць у Докшыцах. Ён звярнуў увагу на рэчы, якія нас захапляюць. Калі мы стаім на вяршыні высокай гары і глядзім на даліну, або стаім на беразе акіяна і бачым гэту масу вады, то мы ўсведамляем гэту веліч прыроды, створанай Богам. Таксама захапляльнай і велічнай нам падаецца гісторыя жыцця святога Антонія.

Далей святар звярнуў увагу вернікаў на той урывак Евангелля, які чытаўся падчас Імшы. Там прыводзілася параўнанне з кедрам. Кедр – гэта велічнае дрэва, якое расце на Святой Зямлі. (Дарэчы, кедр не трэба блытаць з кедравай сасной, якая расце ў Сібіры) Гэта дрэва славіцца не толькі прыгажосцю, але і трываласцю. З яго рабілі караблі, яго жывіцай апрацоўвалі рукапісы, і яны захоўваліся тысячы гадоў.

Вышыня гэтага дрэва сягае больш за 30 метраў, што адпавядае вышыні вежаў будслаўскага касцёла. У Бібліі кедр згадваецца больш за 70 разоў. “Не проста так у Святым Пісанні выкарыстоўваюцца пэўныя вобразы, пэўныя прыродныя з’явы, бо яны нам служаць аднясеннем да вельмі важных каштоўнасцяў, – падкрэсліў святар, – таму кедр і з’яўляецца сімвалам трываласці, незнішчальнасці, велічнасці”.

Таму ў Святым Пісанні кедр служыць сімвалам вечнасці, незнішчальнасці Бога, Яго любові і праўды. “Няма на свеце такога граху, які б знішчыў любоў Бога да чалавека, які б знішчыў праўду Божую, – адзначыў святар. — Бог заўсёды з раскрытымі рукамі чакае чалавека. Але веліч Бога можа праявіцца толькі тады, калі сэрца чалавека шчырае”. Таму мы і захапляемся веліччу святога Антонія, бо ў яго жыцці найбольш праявілася веліч Божая.

Далей святар коратка спыніўся на жыцці святога Антонія, які быў родам з Лісабону, з Партугаліі, пры хросце атрымаў імя Фернанду. Ва ўзросце 15 гадоў уступіў у ордэн аўгустынцаў-эрэмітаў. Ён быў моцна ўражаны мучаніцтвам пяці францішканаў, забітых мусульманамі, таму вырашае сам стаць францішканінам. Уступае ў ордэн Меншых Братоў і прымае імя Антоній. Затым едзе з місіянерамі ў Афрыку, у Марока, але ў сувязі са станам здароўя мусіць вяртацца. Па дарозе з Афрыкі карабель церпіць крушэнне і Антоній застаецца ў Італіі. Там, дзякуючы сваім казанням, становіцца вельмі папулярным. Ён сустракаецца з заснавальнікам ордэна — святым Францішкам. Той прызначае яго першым настаўнікам тэалогіі для Меншых Братоў, настаўнікам францішканаў. Памёр Антоній 13 чэрвеня 1231 года на 36-м годзе жыцця  і менш чым праз год быў кананізаваны.

“У ХІІ стагоддзі, калі жыў святы Антоній, – адзначыў кс. Віталь, – князі часта ваявалі паміж сабой. А святы Антоній быў тым, хто іх з’ядноўваў. Слухаючы яго пропаведзі, іх сэрцы станавіліся больш лагоднымі”. Паводле святара, мы таксама можам быць велічнымі ў сваёй чалавечай, хрысціянскай годнасці. Бо Бог хоча нашай велічы, але асягнуць яе можна толькі з Яго дапамогай. І менавіта гэтых дароў мы павінны прасіць у Бога.

Напрыканцы Імшы адболося набажэнства да святога Антонія. Потым вернікі памаліліся Літаніяй да гэтага святога, пасля чаго адбылася працэсія вакол касцёла. Закончылася богаслужэнне спевам гімна “Цябе, Бога, праслаўляем” і блаславеннем Найсвяцейшым Сакрамантам.

Пробашч парафіі кс. Раман Мурзіч падзякаваў усім, хто дапамагаў у падрыхтоўцы і правядзенню гэтай урачыстасці.

Зміцер Лупач, тэкст, відэа
Леанід Юрык, фота

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі