У суботу, 2 жніўня, у парафіі святога Казіміра ва Уселюбе (Гродзенская дыяцэзія, Навагрудскі дэканат) адбудзецца 5-ы юбілейны фестываль-рэкалекцыі NOVAFEST.
Тэма сёлетняга фестывалю — “Заўсёды радуйцеся, няспынна маліцеся. За ўсё дзякуйце, бо такая воля Божая адносна вас у Езусе Хрысце” (1 Фэс 5, 16-18).
Сённяшні свет не заўсёды спрыяе таму, каб «заўсёды радавацца» і «за ўсё дзякаваць» — асабліва ў цяжкія часы, калі хварэюць і паміраюць блізкія, калі мы бачым несправядлівасць і беззаконне. І нават маліцца хаця б паўгадзіны ў дзень не так ужо проста, што ўжо казаць аб няспыннай малітве. Усё жыццё хрысціяніна павінна быць пабудавана вакол бесперапыннай малітвы з падзякай, бо падзяка — гэта адзін з найважнейшых слупоў нашай веры. Але, ведаючы гэта, мы часта адчуваем, што наша падзяка нейкая натужная і няшчырая, быццам мы проста не хочам засмучаць Госпада. Часам адчуваецца, што падзякі ўжо не засталося, а толькі крыкі душэўнага ці фізічнага болю — і такое бывае. Што ж адбываецца з нашай верай у такія моманты?
На гэтыя і іншыя пытанні дапамогуць знайсці адказы спікеры: святар-францішканін а. Віктар Мялешка з парафіі Безаганнага Зачацця Дзевы Марыі і айцец кармэліт а. Аркадзь Куляха з парафіі Адведзін Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гудагаі. Духоўным кіраўніком фестывалю будзе ксёндз Віталій Цыбульскі.
Вас чакаюць утульная атмасфера, прыгожыя спевы, супольная малітва, сведчанні і цікавыя сустрэчы з вернікамі з розных парафій Беларусі і не толькі!
Асаблівая ўвага будзе нададзена малодшым удзельнікам: іх чакаюць пляцоўкі для гульняў і розныя цікавыя заняткі, дзе яны не толькі забаўляюцца, але і вучацца асновам сваёй веры.
Фестываль становіцца месцам не толькі для святкавання веры, але і для перадачы традыцый і каштоўнасцяў ад пакалення да пакалення. Дзеці адыгрываюць асаблівую ролю: іх удзел у фестывалі напаўняе яго асаблівым сэнсам і радасцю, ствараючы супольнасць, дзе ўсе аб’яднаны адной мэтай — праслаўленню Бога і ўмацаванню сувязей адзін з адным. Гэта ўнікальны досвед, які пакідае незабыўныя ўражанні і фармуе ў дзяцей пачуццё прыналежнасці да большага цэлага.
Да 5-га юбілейнага фестывалю дзяцей і моладзь запрашаюць узяць удзел у мастацкім конкурсе малюнкаў на тэму падзякі.
Просім прывозіць малюнкі з сабой і перадаваць арганізатарам падчас рэгістрацыі. Работы ўдзельнікаў конкурсу будуць ацэнены кампетэнтным журы, якое вызначыць пераможцаў ва ўзроставых катэгорыях.
Праграма:
10:00 — рэгістрацыя;
11:00 — святая Імша;
13:00 — канферэнцыя “Tota pulchra es, Maria — Уся прыгожая, ты Марыя” (а. Віктар Мялешка);
14:00 — абед, асабісты час;
15:00 — малітва спевам каля алтара Маці Божай Новага Жыцця
15:30 — канферэнцыя “Велічае душа Мая Пана: Марыйны погляд на ўдзячнасць” (а. Аркадзь Куляха);
17:00 — сведчанні;
19:00 — Крыжовы шлях;
20:30 — ружанец і Адарацыя;
22:00 — благаслаўленне.
Рэгістрацыя адбываецца на сайце novafest.by або па тэлефоне: +37529 124 07 39 (Ірына, Telegram, Viber).
Адрас: касцёл святога Казіміра, вул. Чырвонаармейская 20, аг. Уселюб, Навагрудскі р-н, Гродзенская вобл.
Арганізатары прапануюць даезд па маршрутах:
- Мінск–Уселюб–Мінск;
- Гродна–Уселюб–Гродна.
Сачыць за навінамі можна на сайце фестывалю novafest.by і ў Instagram.
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!