Урачыстасць святога Яна Хрысціцеля ў Мосары

24 чэрвеня касцёл Святой Ганны ў Мосары гасцінна сустракаў шматлікіх вернікаў, якія прыйшлі і прыехалі на свята Нараджэння св. Яна Хрысціцеля. Гэта галоўнае парафіяльнае свята, якое было ўстаноўлена Папам Піям Х у 1908 годзе.

Пробашч парафіі кс. Марат Казлоўскі з радасцю прывітаў святароў, сясцёр законных, прадстаўнікоў Эўхарыстычнага руху моладзі і ўсіх прысутных. Святар зазначыў, што вялікая колькасць прыбыўшых на ўрачыстасць у гэты гарачы летні дзень яшчэ раз паказвае што чалавек прагне Бога.

Урачыстую святую Імшу ўзначаліў Генеральны вікарый Віцебскай дыяцэзіі ксёндз пралат Францішак Кісель.

Казанне прамовіў а. Віктар Мялешка OFMConv. Святар прапанаваў кожнаму адказаць для сябе на пытанне: «Хто я, а хто Ты, Пане?» Святы Ян адкрыў усяму чалавецтву, кім ён з“яўляецца. Усе мы роўныя перад алтаром Пана. Усе мы дзеці Божыя. Кожны з нас – слуга Божы. Каб быць сапраўдным слугой Пана, неабходна выконваць тры ўмовы.

Па-першае, падчас малітвы пытацца ў Бога пра місію, якую менавіта я павінен выканаць. Усё чыніць на хвалу Пана. Менш планаваць самім, а больш пазнаваць Божую волю.

Па-другое, мець пакору. Святы Ян паказвае нам, што значыць пакора: «Я не варты развязаць раменьчыкі на Яго сандалях». Маці Божая – прыклад пакоры для кожнага. Таксама неабходна дазваляць Езусу дзейнічаць у нашым жыцці.

Па-трэцяе, усё рабіць бескарысліва. Ніводнай пахвалы не прызначаць сабе, а толькі Богу.

Пасля Эўхарыстыі адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакраманту і Набажэнства да Святога Яна, якое правёў кс. Мікалай Ціхановіч.

Затым адбылася Эўхарыстычная працэсія, якая завяршылася спевам гімна «Цябе, Бога, праслаўляем» і блаславеннем Найсвяцейшым Сакрамантам.

На працягу усяго свята прысутныя мелі магчымасць ушанаваць мошчы св. Юстына, пакутніка, які жыў у Рыме ў пачатку ІІ ст., каб папрасіць аб палёгцы ў пакутах, аб здароўі і іншых дабрадзействах. Мошчы святога знаходзяцца ў касцёле з 1838 года.

Алена Пажога, тэкст;
Леанід Юрык, фота

для друку для друку