- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Урачыстасць святога Яна Хрысціцеля ў Мосары

[1]24 чэрвеня касцёл Святой Ганны ў Мосары гасцінна сустракаў шматлікіх вернікаў, якія прыйшлі і прыехалі на свята Нараджэння св. Яна Хрысціцеля. Гэта галоўнае парафіяльнае свята, якое было ўстаноўлена Папам Піям Х у 1908 годзе.

Пробашч парафіі кс. Марат Казлоўскі з радасцю прывітаў святароў, сясцёр законных, прадстаўнікоў Эўхарыстычнага руху моладзі і ўсіх прысутных. Святар зазначыў, што вялікая колькасць прыбыўшых на ўрачыстасць у гэты гарачы летні дзень яшчэ раз паказвае што чалавек прагне Бога.

Урачыстую святую Імшу ўзначаліў Генеральны вікарый Віцебскай дыяцэзіі ксёндз пралат Францішак Кісель.

[2]

Казанне прамовіў а. Віктар Мялешка OFMConv. Святар прапанаваў кожнаму адказаць для сябе на пытанне: «Хто я, а хто Ты, Пане?» Святы Ян адкрыў усяму чалавецтву, кім ён з“яўляецца. Усе мы роўныя перад алтаром Пана. Усе мы дзеці Божыя. Кожны з нас – слуга Божы. Каб быць сапраўдным слугой Пана, неабходна выконваць тры ўмовы.

Па-першае, падчас малітвы пытацца ў Бога пра місію, якую менавіта я павінен выканаць. Усё чыніць на хвалу Пана. Менш планаваць самім, а больш пазнаваць Божую волю.

Па-другое, мець пакору. Святы Ян паказвае нам, што значыць пакора: «Я не варты развязаць раменьчыкі на Яго сандалях». Маці Божая – прыклад пакоры для кожнага. Таксама неабходна дазваляць Езусу дзейнічаць у нашым жыцці.

Па-трэцяе, усё рабіць бескарысліва. Ніводнай пахвалы не прызначаць сабе, а толькі Богу.

Пасля Эўхарыстыі адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакраманту і Набажэнства да Святога Яна, якое правёў кс. Мікалай Ціхановіч.

[3]

Затым адбылася Эўхарыстычная працэсія, якая завяршылася спевам гімна «Цябе, Бога, праслаўляем» і блаславеннем Найсвяцейшым Сакрамантам.

На працягу усяго свята прысутныя мелі магчымасць ушанаваць мошчы св. Юстына, пакутніка, які жыў у Рыме ў пачатку ІІ ст., каб папрасіць аб палёгцы ў пакутах, аб здароўі і іншых дабрадзействах. Мошчы святога знаходзяцца ў касцёле з 1838 года.

Алена Пажога, тэкст;
Леанід Юрык, фота