Прывітаць маленькага Езуса прыйшлі тры мудрацы з усходу і прынеслі Дзіцятку свае дары: золата, ладан і смірну. І ў касцёл Святога Казіміра ў Лепелі да нованароджанага Пана 6 студзеня а шостай гадзіне вечара завітала шмат вернікаў. Парафіяне, як і ўсходнія вешчуны, прыйшлі не з пустымі рукамі: хто нёс ваду, хто ладан, а хто і проста чыстае сэрца і добрыя думкі.
Сёння Імша ў каталіцкай святыні прысвечана Аб’яўленню Пана. Менавіта на гэтую ўрачыстасць католікі, загадзя падрыхтаваныя адвэнтавым постам і напоўненыя радасцю нараджэння Езуса, зноў аб’яўляюць Хрыста сваім Валадаром.
Мудрацы кіраваліся ў сваім імкненні да народжанага Дзіцяткі па зорцы ў небе. І праз няспыннае святло зорка прывяла іх да Пана. Пробашч парафіі засяродзіў увагу на тым, што сам Езус стаўся той зоркай, тым святым зіхаценнем, якім мы павінны паўсюдна кіравацца ў сваім жыцці.
Напрыканцы Імшы ксёндз Уладзімір асвяціў крэйду, ладан, ваду і ўсіх вернікаў у касцёле.
Імша скончылася. Лепельскія парафіяне ўзялі сабе ў кішэню кавалачак асвячонай крэйды, каб сёння ж над сваімі дзвярыма вывесці надпіс «С†М†В†2026». Тры літары ў пачатку надпісу – скарачэнне лацінскага пажадання: «Christus mansionem benedicat» – «Няхай Хрыстус благаславіць гэты дом«. Прыгожы і правільны старажытны звычай, якім мы кожны раз, уваходзячы ў дом, сабе нагадваем, а іншым паказваем, што гэтае жытло і яго жыхары жывуць у еднасці з Панам Богам, з любоўю да блізкага і супакоем у сэрцы.
Алег Шушкевіч
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!





